Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей запэўніў Лаўрова ў дружбе


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (зьлева) і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей на сустрэчы ў Менску 16 чэрвеня 2014 году, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (зьлева) і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей на сустрэчы ў Менску 16 чэрвеня 2014 году, архіўнае фота

Міністры замежных спраў Беларусі і Расеі, сустракаючыся ў Маскве, анансавалі сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі.

«Беларусь разглядала і будзе разглядаць Расею як стратэгічнага партнэра», — заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сёньня ў Маскве на сустрэчы з кіраўніком расейскага зьнешнепалітычнага ведамства Сяргеем Лаўровым, перадае БелТА.

«У апошні час у інфармацыйнай прасторы зьяўляюцца нейкія чуткі пра тое, што нехта мяняе нейкія зьнешнепалітычныя вэктары. Мы разглядалі і будзем разглядаць Расею як нашага стратэгічнага партнэра, зь якім у нас шчыльныя адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы, і будзем прытрымлівацца ўсіх дасягнутых дамоўленасьцяў», — заявіў Уладзімер Макей.

Кіраўнік беларускага МЗС сказаў таксама, што ў сьвеце складваецца няпростая сытуацыя, і выказаў упэўненасьць, што на перамовах бакі ў канструктыўным духу абмяркуюць як пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, так і ўзаемадзеяньне на міжнароднай арэне.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў канстатаваў, што паміж Беларусьсю і Расеяй склаліся інтэнсіўныя кантакты на ўсіх узроўнях:

«Нас зьвязваюць сапраўдныя саюзьніцкія адносіны».

Сяргей Лаўроў паведаміў, што ў бліжэйшы час пройдуць беларуска-расейскія сустрэчы, у тым ліку на вышэйшым узроўні. У прыватнасьці Аляксандар Лукашэнка прыняў запрашэньне ўдзельнічаць у самітах БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якія адбудуцца на пачатку ліпеня ва Ўфе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG