Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Ганна Янкута


Ганна Янкута
Ганна Янкута

Ганна Янкута нарадзілася ў 1984 у Горадні. Выпускніца філялягічнага факультэту БДУ (беларуская філялёгія), магістар філялягічных навук (ангельская літаратура). Перакладчыца, літаратурны крытык. Пераклала на беларускую мову «Калядны харал» Чарлза Дыкенса, шэраг твораў пра Шэрлака Холмса, вершы, апавяданьні і эсэ Эдгара По, вершы Чэслава Мілаша і Баляслава Лесьмяна, казкі Тона Тэлегена і інш. Ляўрэат прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «Пераклад» (2013). Сябра рады часопісу «ПрайдзіСьвет».


1. Для каго вы перакладаеце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для сябе і для ўсіх, хто гатовы набыць кнігу ў кнігарні, то бок для любога чалавека, якому раптам захочацца прачытаць па-беларуску перакладзены мной твор.

2. Дзе вам найлепш перакладаецца і калі?

У сваім пакоі, ранкам, гадзінаў з васьмі і да абеду.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Очерка истории европейского стиха» Гаспарава.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Фрэкен Бок, я думаю.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Іх вельмі шмат, бо я люблю літаратуру ў цэлым.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Вытокі таталітарызму» Ганны Арэндт, «Nowoczesność i zagłada» Зыгмунта Баўмана і чужыя пераклады, якія ўвойдуць у некалькі будучых кніг.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Свабодна — па-ангельску і па-польску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з перакладзеных вамі?

«Калядны харал» Чарлза Дыкенса.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца перакласьці?

«Pride and Prejudice» Джэйн Остэн і зборнік вершаў Баляслава Лесьмяна. А напісаць — нешта накшталт «Уводзінаў у гісторыю беларускай паэзіі» і «Фармаваньне беларускага канону замежнай літаратуры празь пераклад». У магчымасьць першага (перакладаў) веру, у магчымасьць другога (дасьледаваньняў) — амаль не.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Найбольш — калі ў мяне дастаткова грошай і мне ня трэба нічога тэрмінова рабіць.

***

Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця і працягнуць сябрамі журы гэтай прэміі. Далей мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG