Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кангрэсе «За незалежнасьць» узяў удзел Гайдукевіч-малодшы: «Нічога дзіўнага. Усе павінны тут сядзець і размаўляць»

  • БелаПАН

Алег Гайдукевіч

Алег Гайдукевіч

Пагроза сувэрэнітэту беларускай дзяржавы можа зыходзіць не ад Расеі ці Эўропы, а толькі знутры краіны, такое меркаваньне 7 чэрвеня ў Менску на другой сэсіі Кангрэсу за незалежнасьць Беларусі выказаў намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Беларусі Алег Гайдукевіч.

«У нашай краіне ёсьць два фактары, якія сапраўды могуць паўплываць на яе сувэрэнітэт, — гэта эканоміка і адсутнасьць рэальнай палітычнай канкурэнцыі», — адзначыў ён. Гайдукевіч у чарговы раз выказаў прапанову партыі перайсьці да парлямэнцкіх выбараў па партыйных сьпісах, каб «хоць бы 50% дэпутатаў так абіраліся».

Тады пасьля першых праведзеных па новым заканадаўстве парлямэнцкіх выбараў «усе маргінальныя палітычныя сілы памруць», а ў самім парлямэнце будзе «добрая пляцоўка з рознымі палітычнымі партыямі». У выніку складзецца нацыянальная палітычная эліта, якая «будзе заўсёды выступаць за сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі».

«Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў краіна павінна застацца моцнай, а народ — не расколатым. Для гэтага ўлада павінна даць усім роўныя ўмовы для правядзеньня выбарчай кампаніі, а пасля выбараў пачуць прапановы нават тых, хто прайграў, паколькі нейкая частка грамадства за іх галасавала», — сказаў Гайдукевіч.

Варта зазначыць, што зьяўленьне прадстаўнікоў ЛДП на кангрэсе за незалежнасць Беларусі, ініцыяваным грамадзкім аб’яднаньнем «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» і Радай беларускай інтэлігенцыі, выклікала зьдзіўленьне некаторых прадстаўнікоў апазыцыйных структур. У прыватнасьці, сваё нэгатыўнае стаўленьне выказалі грамадзкі актывіст з Кобрына, намесьнік кіраўніка стваранага руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі» Алесь Мех і кандыдат на выбарах 2010 года, кіраўнік гэтага руху Уладзімір Някляеў.

Алег Гайдукевіч, у сваю чаргу, сказаў, што прадстаўнікі ЛДП «самі патэлефанавалі і папрасіліся сюды», каб выказаць свой пункт гледжаньня, а таксама выслухаць удзельнікаў кангрэсу і «вынесьці штосьці цікавае для сябе».

«Ня трэба шукаць якіх-небудзь правакацый, схаваных момантаў, нічога гэтага няма», — запэўніў ён.

Паводле намесьніка старшыні лібэрал-дэмакратаў, сёньня ў беларускім грамадзтве «вельмі важны дыялёг па пытаньнях незалежнасьці і сувэрэнітэту». На цяперашнім кангрэсе, падкрэсьліў ён, павінны былі б прысутнічаць актывісты «Белай Русі», БРСМ, камуністы.

«Усе павінны тут сядзець і размаўляць. Сёньня пагутарылі ў гасьцінным офісе БНФ, у панядзелак сустрэліся ў гасьцінным офісе Лібэральна-дэмакратычнай партыі, офісе „Белай Русі“, БРСМ, Адміністрацыі прэзыдэнта, а праз год будзем сядзець у парлямэнце і дыскутаваць па пытаньнях незалежнасьці. Вось як павінна разьвівацца палітычная сыстэма краіны, хіба гэта дрэнна?» — сказаў Гайдукевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG