Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарачанская рэспубліка, Гедымін зь півам і лошыцкія прывіды. Як студэнты хочуць прывабіць турыстаў у Беларусь


 Фэстываль Open2015

Фэстываль Open2015

Сэпаратызм можа быць модным — студэнцкі праект Нарачанскай рэспублікі з уласнай канстытуцыяй, сьцягам, гербам і пашпартам перамог на Міжнародным фэстывалі тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу Open.

Новую будучыню тэрыторыі вакол возера Нарач прапанавалі шэсьць студэнтаў з БДУ, БНТУ і Акадэміі кіраваньня. Свой праект яны назвалі «Нарачанскай рэспублікай», у якую ўключылі тэрыторыю паміж возерам Нарач і Белым. Тут будуць свае канстытуцыя, сьцяг і герб.

Трапіць на тэрыторыю турыстычнай дзяржавы можна па пашпарце «Нарачанскай рэспублікі», у які на «мяжы» будуць ставіцца штампы. Чым больш такіх уязных штампаў — тым больш бонусаў для наведнікаў.

Мапа Нарачанскай рэспублікі

Мапа Нарачанскай рэспублікі

Саму «рэспубліку» студэнты дзеляць на зоны, дзе можна займацца спортам, культурай, бізнэсам. Адной прэзыдэнцкай праграмы па аздараўленьні Нарачы недастаткова, — кажуць студэнты. — Там дагэтуль няма разьвітай інфраструктуры і забаўляльных месцаў:

«У нас шмат выдадзеных візаў, і шмат беларусаў выяжджае з краіны. Мы хочам, каб беларусы езьдзілі ня толькі за мяжу. Але, вядома, мы хочам прыцягнуць да нас яшчэ і замежнікаў, паказаць ім нашую культуру — у нашым рэстаране будзе беларускі дызайн і мова, будзем праводзіць беларускія сьвяты, напрыклад, Івана Купалы».

Студэнты, якія прыдумалі Нарачанскую рэспубліку

Студэнты, якія прыдумалі Нарачанскую рэспубліку

Сэпаратызм цяпер у трэндзе, але будзьце асьцярожныя

«Нарачанская рэспубліка» выклікала авацыі з боку журы Міжнароднага фэстывалю тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу Open. Праўда, сябра журы з Расеі пажартаваў, што «хоць сэпаратызм цяпер у трэндзе», студэнтам варта ўсё ж быць асьцярожнымі з такім праектам у Беларусі.

Фэстываль Open праходзіць у Менску ў чацьвёрты раз. Журы выбіраюць найлепшы праект, які прасоўвае тэрытарыяльныя брэнды — то бок брэндаў гарадоў, краінаў і іншых іншых тэрытарыяльных аб’ектаў. Здаецца, якраз гэтага Беларусі і бракуе. Як кажа арганізатарка фэстывалю Алена Новікава, у сьвеце гэтая сфэра разьвіваецца даволі хутка ў апошнія гады. Але ў нас пакуль вялікага досьведу ў такога кшталту маркетынгу няма.

Сёлета арганізатары пастанавілі правесьці тры конкурсы замест аднаго, а таму ўжо рэалізаваныя праекты, студэнцкія прапановы па рэбрэндынгу і канцэпцыі ўзнагароджвалі асобна. У склад журы ўваходзілі экспэрты зь Беларусі, Украіны, Расеі. Адзін з распрацоўнікаў брэнду Барсэлёны Хуан Карлас Бэлоза, на жаль, ня змог прыехаць асабіста з Гішпаніі. Як і грэк Маноліс Псарас, які кіруе агенцтвам па тэрытарыяльным маркетынгу ў Грэцыі.

У фэстывалі ўдзельнічалі 39 праектаў зь Беларусі, Расеі, Казахстану, Літвы.

У студэнцкім конкурсе за першае месца змагаліся 11 праектаў. Арганізатары кажуць, што праекты былі распрацаваныя настолькі добра, што некаторыя можна рэалізаваць «ужо заўтра».

Як студэнты плянуюць прывабіць беларускіх і замежных турыстаў?

Рэстаран для тых, у каго няма часу на Дудуткі

На месцы зьнішчанага дзеля газпрамаўскай забудовы аўтавакзала «Маскоўскі» хутка пабудуюць хмарачос «Вежы Менску». А ў ім на 46-м паверсе — элітны рэстаран для бізнэс-сустрэчаў і афіцыйных візытаў, зь якога адкрыецца ўнікальны выгляд на беларускую сталіцу.

Неба на далоні

Неба на далоні

Гэта будзе «канцэнтрат беларускага ў адным месцы для тых, хто ня мае часу паехаць у Дудуткі», — кажа студэнтка 2 курсу Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Кацярына Дзенісенка, якая прадставіла такі праект на фэстываль.

Кацярына Дзенісенка

Кацярына Дзенісенка

Пасьля кансультацыі з кулінарным антраполягам Кацярына вырашыла падзяліць кухню на шэсьць кулінарных абласьцей. Апроч таго, студэнтка плянуе на пляншэтах зьмясьціць усе турыстычныя аб’екты Беларусі, а таксама зладзіць продаж сувэніраў.

У Лошыцкі парк паедуць шукаць прывідаў

«Культавае месца» раёну прапануе зрабіць з Лошыцкага парку каманда студэнтаў БДТУ. Яны распрацавалі ажно два праекты па рэбрэндынгу любімага менчукамі месца прагулак і пікнікоў. Пра гэта іх, дарэчы, папрасіла адміністрацыя Ленінскага раёну Менску.

Студэнты прапануюць здаваць там спартовы інвэнтар, рэгістраваць шлюбы, зрабіць пакой маці і дзіцяці, а таксама паставіць указальнікі на беларускай мове, якой у парку не хапае.

Студэнты, якія прапануюць праект у Лошыцкім парку

Студэнты, якія прапануюць праект у Лошыцкім парку

Апроч таго, студэнты стварылі каляндар падзеяў з масьленіцай, «Гарбатным днём», «Сярэднявечным выходным», а таксама «Фэстывалем прывідаў», які мае праходзіць у Лошыцкім парку на пачатку траўня.

Фэстываль, кажуць студэнты, падмацаваны легендай пра Ядзьвігу Любанскую, якая жыла ў сядзібе на тэрыторыі парку. Апроч сымбалічнага абраду пазбаўленьня ад страхаў, раскідваньня пялёсткаў ружаў і лаўкі для закаханых, студэнты распрацавалі для фэстывалю «зону рэляксу» — асобны ўчастак, дзе можна будзе пакінуць «свае самыя кепскія эмоцыі».

Піва, спорт, рэлігія на «Зямлі Гедыміна»

Студэнты ЭГУ Дзяніс Кучынскі і Аляксандра Грышкевіч зь Лідчыны лічаць, што тэрыторыя іх рэгіёну ня выкарыстаная напоўніцу:

«У нас ёсьць славуты Лідзкі замак, у які, вядома, прыяжджаюць турысты. Апроч замку, можа, хтосьці вырашыць паглядзець Фарны касьцёл у Лідзе. Менш верагодна, што ўбачаць помнік Скарыны. А наш рэгіён значна багацейшы».

Таму студэнты разам з камандай прапанавалі стварыць новы брэнд «Зямля Гедыміна», які аб’яднае тэрыторыю Лідчыны і частку Наваградзкага і Шчучынскага раёнаў. «Тварам» брэнду яны абралі ўласна Гедыміна, які, распавядае Дзяніс, заснаваў Лідзкі замак у той самы год, што і Вільню. Апроч падзеяў 700-гадовай даўніны зацікавіць турыстаў зь Беларусі і іншых краінаў студэнты хочуць півам, спортам і рэлігіяй:

«Для свайго брэнду мы прыдумалі сьлёган „Адпачывай, пазнавай, натхняйся“. Па-першае, Гедымін у нас на лягатыпе зь півам — мы прапануем Лідзкі бровар, на які хочам зладзіць экскурсіі. Гэта індустрыяльны турызм. Па-другое, будзе актыўны адпачынак, таму Гедымін у нас зь вяслом — мы прапануем сплавы на віцінах — своеасаблівых ладзьдзях, а таксама байдарках. Нашае „натхняйся“ і Гедымін са зьнічом на лягатыпу — гэта культавае дойлідзтва і рэлігійныя паломніцтвы. Напрыклад, у нас ёсьць унікальная царква ў Мураванцы — выдатны прыклад абарончай праваслаўнай готыкі».

Дзяніс Кучынскі і Аляксандра Грышкевіч

Дзяніс Кучынскі і Аляксандра Грышкевіч

Паводле студэнтаў, рэлігійны турызм зацікавіць палякаў. Літоўцам будзе цікава паглядзець на «іх» князя ў суседняй краіне, расейцы змогуць прыяжджаць у аграсядзібы ці на актыўны адпачынак. Дзяніс і Аляксандра спадзяюцца, што пашырыцца і ўнутраны турызм.

Але для гэтага, кажуць яны, трэба, каб у рэгіёне каапэраваліся бізнэс, адміністрацыя гораду і мясцовыя жыхары.

«Першы такі фэстываль у сьвеце»

Алена Новікава, якая апроч фэстывалю Open арганізуе конкурс «Брэнд году», распавядае, што фэстываль складаецца з трох пляцовак. Гэта конкурс праектаў, кангрэс з выступамі і майстар-клясамі экспэртаў, а таксама гасьцявая праграма, падчас якой замежных гасьцей знаёмяць зь беларускімі мясьцінамі:

«У сусьветным досьведзе раней былі асобныя невялікія конкурсы або конкурсы праходзілі ў межах іншых фэстываляў. Але не было такога буйнога фэстывалю з 17 рознымі намінацыямі. Сёньня надзвычай важна займацца маркетынгам тэрыторыі — комплекснай і стратэгічнай працай з прыцягненьнем адмыслоўцаў у сфэры маркетынгу, эканамістаў. Гэта дапаможа прывабіць у горад інвэстараў і турыстаў, а таксама ўтрымаць жыхароў. Пакуль жа нашыя гарады жывуць сваім жыцьцём».

Алена Новікава

Алена Новікава

Сёлета гран-пры фэстывалю атрымаў праект «Дзеці Азіі», які ўжо даўно і пасьпяхова рэалізуецца ў Якуціі. Гэта міжнародныя дзіцячыя спартовыя спаборніцтвы, што праходзяць у расейскім Якуцку. Алена распавядае, што з гэтага праекту зарабляе ўвесь горад, наладжаная прамацыйная кампанія, продаж сувэніраў. Усё гэта прыцягвае шмат турыстаў у рэгіён, а таксама папулярызуе горад сярод ягоных жыхароў.

Як пасьпяховыя праекты, прэзэнтаваныя за чатыры гады існаваньня фэстывалю, арганізатарка адзначае брэнд гораду Рыгі, рэалізаваны Латвійскай нацыянальнай авіякампаніяй разам з Рыскай гарадзкой радай, а таксама відэапраект «Тысяча музэяў Беларусі».

XS
SM
MD
LG