Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч: Ва ўнівэрсытэтах не хапае выкладаньня па-беларуску


Касьцёл імкнецца садзейнічаць распаўсюджваньню беларускай мовы. Пра гэта мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч заявіў у інтэрв’ю парталу catholic.by.

Як падрэсьліў мітрапаліт, касьцёлам перакладзены і выдадзены ўсе літургічныя кнігі, фундамэнтальныя тэксты, дакумэнты Другога Ватыканскага Сабору:

«Падчас падрыхтоўкі апошняга зьявілася новая тэрміналёгія, бо падчас перакладу многіх словаў не існавала ў беларускай мове. Вельмі хутка ў нас перакладаюцца энцыклікі, што зьяўляецца ўкладам ня толькі ў жыцьцё Касьцёла, але і ў беларускую культуру, бо гэта культура ўзбагачаецца рэлігійным зьместам».

Паводле Кандрусевіча, у краіне існуе не такая вялікая колькасьць беларускамоўных школаў і гімназій:

«Я сустракаюся са студэнтамі, з размовы зь якімі магу заўважыць, што існуе недахоп у выкладаньні прадметаў на беларускай мове. Але з боку Касьцёла мы робім усё магчымае, бо, напрыклад, набажэнствы ў нас праводзяцца ў асноўным на беларускай мове».

Тадэвуш Кандрусевіч заўважыў, што Касьцёл ня быў запрошаны на Міжнародны Кангрэс беларусістаў:

«Я ня ведаю, чым кіраваліся арганізатары кангрэсу, аднак мяркую, што, улічваючы тое, што Касьцёл ці Царква займаюць вельмі важнае месца ў жыцьці грамадзтва, асабліва Каталіцкі Касьцёл, які зрабіў так шмат, каб разьвіваць беларускую мову ў духоўным, рэлігійным напрамку, прадстаўнікі рэлігійных канфэсіяў павінны былі мець дачыненьне да Кангрэсу таксама».

XS
SM
MD
LG