Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фольк-дуэт запісаў альбом палескіх drinking songs (аўдыё)


Аляксей Крукоўскі, Юлія Літвінава, Васіль Грынь
Аляксей Крукоўскі, Юлія Літвінава, Васіль Грынь

Фольк-дуэт Юліі Літвінавай і Васіля Грыня прадставіў на Tuzin.fm cвой альбом традыцыйных сьпеваў з Палесься і распавёў, як слушна выконваць парныя сьпевы, як ап’янець без гарэлкі й што такое «генспансер».

Мінулы год у Беларусі быў небагаты на фольк-рэлізы. Аднак сёлета сытуацыя выпраўляецца: выйшлі новыя запісы ад гуртоў Unia, TerraKod, Irdorath. Чакаюцца новыя альбомы ад этна-трыё «Троіца», праектаў Shuma й Kazalpin, дэбютнік «Ягоравай Гары»… Зусім нядаўна пабачыла сьвет першая кружэлка Юліі Літвінавай і Васіля Грыня «Дарожанька».

Дуэт Юліі ды Васіля існуе каля 3 год. Яны разам езьдзілі ў экспэдыцыі, шмат выступалі па Беларусі, ўва Ўкраіне й Польшчы, нават ладзілі майстар-клясы ў маскоўскай Гнесінцы. Кружэлка «Дарожанька» сталася пэўным вынікам гэтых вандровак. Тут прадстаўленыя сьпевы ды танцы Беларускага Палесься. Прычым, як Усходняга, так і Заходняга. У рэпэртуар трапілі пераважна бяседныя песьні (як перакладзена ангельскую мову ў буклеце – drinking songs). Хаця й сярод такіх песень шмат розных жанраў – рэкруцкія, чумацкія, любоўна-лірычныя…

Спадарыня Літвінава раскрывае крыніцы натхненьня: «Гэта палескія вечарыны, якія мы наведвалі. Музыкі, танцаў там было многа. Усе сьпяваюць, усе закусваюць, танчаць, ізноў сьпяваюць – і так бясконца! Можна ап’янець, ня выпіўшы ніводнае грамулькі гарэлкі, а чыста ад песень, ад таго задавальненьня, якое атрымоўваеш, калі зь людзьмі сьпяваеш разам. Хацелася, каб і дыск атрымаўся такі ж палескі й арганічны. Што тычыцца парнага сьпеву, то калі сьпяваюць мужчына з жанчынай – гэта ня проста сьпеў, гэта размова. Трэба чуць адзін аднога, перадаваць думкі й пачуцьці. Такое магчыма толькі праз кантакт».

Імя альбому дала песьня «Ты, дарожанька», найбольш вядомая ў выкананьні Івана Кірчука як «Тры янгалы». Дуэт Юліі ды Васіля прапануе найбольш разгорнуты варыянт гэтага паставога твору. Зь іхняга дыску асабліва запамінаецца «Гамэрыка» – расповед пра працоўную міграцыю жыхароў Заходняе Беларусі міжваеннага часу ў ЗША. Зьвяртае на сябе ўвагу «Генспансер» – мэлёдыя добра вядомая палякам, што стала ўласнабеларускім танцам, імя якога не мае ніякага сэнсу. За танцы на дыску адказваў запрошаны акардэаніста Аляксей Крукоўскі (між іншым, сын суаўтара «Пагоні»).

Спадар Крукоўскі дзеліцца ўражаньнямі ад супрацы: «Мы з Васілём і Юліяй знаёмыя не адзін год. Таму ўсё рабілася з ходу, прымалася ў першым чытаньні, што называецца. Уся інструмэнтальная музыка была запісаная за адзін раз. Самае важнае ў гэтым альбоме – нетыповая для наша пост-фальклёру сытуацыя, калі мужчыны сьпяваюць з жанчынамі. Тут дэманструецца практычна зьніклая традыцыя інтымнага сьпеву, калі галасы як бы кружляюць адзін вакол аднаго, віюцца, як хмель вакол дуба. Васіль ды Юлія робяць тое шчыра й непасрэдна, атрымоўваецца гэткі фольк без лакіроўкі. Такія сьпевы на Палесьсі звычайна сьпявалі муж і жонка альбо цэлая сям’я са сваякамі. Мне асабіста палескі фальклёр ня блізкі, але ён заўсёды мяне ўражвае вельмі дзіўнай мэтафорыкай, дзе шчыльна перапляюцца тэмы сьмерці й каханьня. Скажам, «памру-памру я за тваёю красатою». Мяне гэта неверагодна прыцягвае, такі радыкальна-сэнтымэнтальны варыянт. Палесьсе – гэта яшчэ Беларусь, але іншая Беларусь».

Па сутнасьці, «Дарожанька» – гэта першы альбом ад пераймальнікаў беларускага фальклёру, дзе ў асноўным гучаць парныя сьпевы мужчыны й жанчыны. Хаця ёсьць і сольныя нумары. Агулам на дыску зьмясьцілася 17 трэкаў, доўжыцца праграма амаль гадзіну. У буклеце надрукаваныя тэксты ўсіх песень з тлумачэньнямі па-ангельску, шмат архіўных фотаздымкаў. Запісваў альбом Павал Трацяк (між іншым, гітарыст гуртоў Brutto, «Крамбамбуля» й «J:Морс»).

Спадар Грынь падводзіць рысу: «Гэты дыск для мяне – своеасаблівая справаздача, кавалак жыцьця. Я не скажу, што альбом ідэальны. Некаторыя песьні я сьпеў бы інакш. Але сам працэс запісу ў студыі – вялікая адказнасьць, якая цябе мабілізуе. І ты разьвіваесься, выходзіш праз саманавуку на іншы ўзровень. Увогуле, сьпевы яднаюць. Гэта нешта накшталт камандаўтварэньня для нашага беларускага народу. Сьпяваць разам для нас – тое, што доктар прапісаў. Так атрымалася, што самае жывое, што яшчэ можна менавіта пераняць, а не рэканструяваць, знаходзіцца на Поўдні Беларусі. Ёсьць яшчэ там старыя, якія могуць і распавесьці, і прасьпяваць. Першы аўтэнтычны сьпявак, які зрабіў на мяне вялікае ўражаньне, - гэта Амальян Страх зь сяла Буразь на Гомельшчыне. Я яму вельмі ўдзячны. Можа быць, цягам чэрвеня зробім выступ у тае Буразі».

Тым часам, прэзэнтацыі дэбютнага дыску Грыня – Літвінавай ўжо адбыліся ў Менску ды ў розных вёсках Берасьцейшчыны. У сталіцы набыць яго можна ў «Галерэі Ў» і ў краме «Рагна».

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG