Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў, тым актыўней разгортваецца парад кандыдатаў, тым больш зьяўляецца адчуваньне абсалютнай безнадзёгі, нявыкруткі. Такога нявер’я ў магчымасьць перамен, такой фатальнай наканаванасьці лёсу, здаецца, не было ніколі раней падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаніяў. І гэта нягледзячы на тое, што краіна ўступіла ў пэрыяд эканамічнай дэпрэсіі, падаюць заробкі, расьце беспрацоўе, відавочна, беларуская мадэль разьвіцьця апынулася ў глыбокім крызісе.

Прычынаў такой сытуацыі некалькі. Найперш, моцна ўплывае ўкраінскі крызіс. Прычым, ягоны ўплыў адбываецца адразу па некалькіх кірунках. Па-першае, падзеі ва Ўкраіне моцна падвысілі ў цане кацэпт стабільнасьці. А значыць, панізіўся кошт паняцьцяў «рэформы», «перамены», бо яны пачалі атаясамлівацца з забурэньнямі. Ідэя моцнай улады, жорсткай рукі апынулася ў трэндзе.

Па-другое, яшчэ адна перасьцярога супраць нейкіх зьменаў ва ўладзе ў часткі насельніцтва — гэта страх расейскага ўмяшаньня. Маўляў, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, ён неяк дамаўляецца з Крамлём. А як толькі тут зьявіцца нехта іншы, то Расея паўторыць у нейкім выглядзе тут свой украінскі сцэнар. Таму ¬¬¬— не будзі ліха...

Па-трэцяе, у выніку ўкраінскага крызісу рэзка зьменшылася роля Захаду як фактара дэмакратызацыі Беларусі. Бо ўзрасло значэньне геапалітыкі, для ЭЗ і ЗША больш важная нэўтральная пазыцыя афіцыйнага Менску што да канфлікту ва Ўкраіне. Дэмакратычным працэсам спадарожнічае дэстабілізацыя рэгіёну, Лукашэнка стаў больш прымальным для заходніх палітыкаў, чым Пуцін, і іншыя прычыны.

Па-чацьвертае, і зьмены настрояў у беларускім грамадзтве, і перамены ў пазыцыі Захаду легітымізуюць беларускі рэжым на любыя рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў. Аляксандру Лукашэнку цяпер можна асабліва не азірацца па баках, чынячы хуткую расправу над апазыцыяй. Чым ён ахвотна і карыстаецца.

Па-пятае, укранскі крызіс нанёс моцны ўдар па апазыцыі. Сама ідэя апазыцыйнасьці стала атаясамлівацца ў вачах абывацеля з Майданам, рэвалюцыяй, забурэньнямі, як ў паўднёвага суседа. І гэта, у пэўным сэнсе, паралізуе апанэнтаў рэжыму.

Дасюль шмат гадоў галоўным элемэнтам стратэгіі апазыцыі была ідэя Плошчы. Удзел у прэзыдэнцкіх выбарах абумоўліваўся і заканчваўся акцыямі пратэсту. Чыньнік Плошчы быў асноўным апраўданьнем уключэньня дэмакратаў у выбарчую кампанію. Цяпер ён зьнік. Апазыцыя, адчуваючы, з аднаго боку, настрой грамадзтва, з другога боку, настрой уладаў, пра вулічны пратэст нават не заікаецца. Уцямнай замены яму ў стратэгіі апанэнтаў рэжыму няма. І пытаньне, які сэнс удзельнічаць у выбарах, якіх няма, ператвараецца для апазыцыі ў экзыстэнцыйнае.

Акрамя ўкраінскага крызісу, на пачуцьцё фаталізму моцна ўплывае сіла традыцыі і інэрцыі. Эканамічны крызіс не перарос у сацыяльны і палітычны. Насельніцтва моўчкі рэагуе на абвал у эканоміцы. Часта бывае, што ў момант эканамічных цяжкасьцяў грамадзтва не пратэстуе, а, наадварот, спадзяецца на ўладу як адзінага выратавальніка. Кансалідацыя народа вакол правадыра ў момант крызісу — даволі частая зьява ў гісторыі. Пакуль незразумела, ці дзейнічае такі трэнд цяпер у Беларусі. Трэба пачакаць сацыялягічных дасьледаваньняў.

І апошняе. Відавочны крызіс апазыцыі. Калі спартсмэн доўгі час ня ўдзельнічае ў рэальных спаборніцтвах, ён хутка траціць спартовую форму. Апазыцыя даўно ня ўдзельнічае ў сапраўдных выбарах, у рэальнай барацьбе за ўладу. І гэта не праходзіць бясьсьледна. Часта лідэры апазыцыі прымаюць за рэальную палітыку мітусьню і інтрыгі ў рамках апазыцыйнага гета. Вынік доўгага жыцьця у гета мы цяпер і бачым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG