Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стрыжак: «Калі кажаш, што беларус, то прасьцей вырашаць пытаньні»


Чаму беларусы займаюцца гуманітарнай дапамогай украінцам у зоне АТА? Няўжо гэтую функцыю не выконвае ўкраінская дзяржава? Якое стаўленьне да беларусаў і Беларусі ў зоне канфлікту?

На гэтыя пытаньні адказвае Андрэй Стрыжак, валянтэр, стваральнік ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА».

Цыганкоў: На гэтым тыдні з новай сілай узмацніліся збройныя сутыкненьні на ўсходзе Ўкраіны. Абодва бакі заяўляюць пра парушэньне іншым бокам умоваў замірэньня, дасягнутага ў Менску.

Сёньня ў нашым эфіры Андрэй Стрыжак, валянтэр, стваральнік ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА». Чалавек, які даволі часта бывае ва Ўкраіне і можа меркаваць пра падзеі там з двух пунктаў гледжаньня — як знутры, гэтак і збоку.

Колькі разоў вы ўжо былі на ўсходзе Ўкраіны і калі наступная паездка?

Стрыжак: Гэта будзе «юбілейны», пяты раз.

Цыганкоў: Ёсьць меркаваньне, што колькасьць павінна пераходзіць у якасьць. Ці працуе гэта ў вашым выпадку?

Стрыжак: Кожны з нашых выездаў туды меў свой плён. І з кожным разам гэта становіцца лягчэй, бо ўсё больш зьяўляецца людзей, якія дапамагаюць і дазваляюць выбудаваць гэты працэс, давёўшы яго амаль да аўтаматызму.

Цыганкоў: Патлумачце людзям, якія, магчыма, зусім нічога ня чулі пра вашу місію — як адбываецца збор сродкаў і куды яны ідуць.

Стрыжак: Ёсьць два кірункі дзейнасьці нашай гуманітарнай місіі. Першы — гэта дапамога мэдыкам, якія працуюць у зоне АТА. Мы спачатку вазілі туды мэдыкамэнты, закупленыя за грошы, сабраныя сярод беларусаў. Але закуплялі мэдыкамэнты на тэрыторыі Ўкраіны, бо перавозіць празь мяжу — гэта вялікая праблема з мытнымі працэдурамі.

Потым мы пашырылі нашу дзейнасьць і сабралі грошы на рэанімабіль «Ратаўніца», які даставілі ў першы добраахвотны мабільны шпіталь імя Міколы Пірагова.

І зараз сабралі грошы на яшчэ адну машыну — гэта джып для выездаў апэратыўнай брыгады мэдыкаў.

А другі кірунак дзейнасьці — гэта дапамога ўцекачам, перасяленцам і сем’ям, якія страцілі кармільцаў, што пражываюць у Чарнігаўскай вобласьці. Мы зьбіраем рэчы, якія былі ў карыстаньні — вопратка, прадметы побыту.

Цыганкоў: Ці не задаюць вам пытаньне: «Чаму беларусы, ня самыя багатыя, павінны дапамагаць украінцам? У нас што, сваіх праблемаў мала?» Ці гучаць такія галасы?

Стрыжак: Гучаць, безумоўна. І першы такі голас прагучаў у маёй уласнай галаве, бо мне трэба было вызначыцца, навошта гэта рабіць і як казаць людзям, навошта я гэта раблю. І для сябе я выбраў наступны адказ — гэта нашы суседзі, блізкія нам людзі, вельмі часта нашы родзічы па крыві. Калі на вуліцы загарыцца дом суседа, я ня буду доўга разважаць, а пайду тушыць гэты пажар.

Цыганкоў: Другое пытаньне, якое можна тут задаць, — чаму ўкраінская дзяржава не выконвае гэтую функцыю, якую бяруць на сябе добраахвотнікі, ды яшчэ і зь іншай краіны? Чаму ўкраінскія дзяржаўныя структуры не пастаўляюць такія аўтамабілі?

Стрыжак: Фактычна як чалавек, які пагружаны ў працэсы, якія адбываюцца ва Ўкраіне, — магу сказаць, што, сапраўды, украінская дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў што тычыцца дапамогі людзям, якія пражываюць на тых тэрыторыях, і не выконвае сваіх абавязкаў па мэдычным забесьпячэньні ўласнай арміі і цывільных людзей, якія трапляюць пад абстрэлы на тэрыторыі АТА. Чаму так адбываецца — гэта пытаньне да ўкраінцаў, гэта іх улада, іх краіна. Але так выйшла, што ў пэўны момант пасьля Майдану ўкраінскае грамадзтва мабілізавалася на тое. каб выконваць пэўныя функцыі ўлады. На жаль ці на шчасьце, але грамадзтва дагэтуль выконвае частку функцыяў, якія, вядома, павінна выконваць сама дзяржава.

Цыганкоў: Калі казаць пра ўцягнутасьць беларусаў ва ўкраінскія справы, то ці не здаецца вам, што многія беларусы настолькі пагружаныя ва ўкраінскія падзеі — ня толькі душой, але і дзеяньнямі, чынам — бо няма ніякіх шанцаў праявіць сябе ўласна ў Беларусі?

Стрыжак: Пэўны рэзон у гэтым ёсьць, безумоўна. Калі толькі пачыналася мая гуманітарная дзейнасьць, то першая думка была, што будзе ўсё як заўсёды — беларуская ўлада пачне ціснуць, і нічога не атрымаецца. Потым, калі мы ўжо раскруціліся і пачалі рабіць істотныя рэчы, то зьявіліся думкі — можа, толькі ў гэтым кірунку і рухацца, навошта гэтыя беларускія праблемы, скажам так. Але гэтыя думкі адмятаюцца, бо досьвед такіх гуманітарных праектаў можа прыдацца і ў Беларусі. Спадзяюся, што не ў такіх драматычных сытуацыях, як ва Ўкраіне — але і ў Беларусі бываюць розныя рэчы, паводкі, тэхнагенныя катастрофы, дый проста збор сродкаў для хворых дзяцей.

Цыганкоў: То бок удакладніце — вы не адчуваеце ніякіх перашкодаў з боку беларускай улады ў сваёй дзейнасьці?

Стрыжак: Так, гэта праўда. Я не адчуваю ніякага ціску, але не адчуваю і ніякай дапамогі. Дзякуй Богу, што хаця б так.

Цыганкоў: Як, на ваш досьвед, выглядае стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў на цяперашні момант? Ці сапраўды беларусаў любяць і з таго, і з другога боку?

Стрыжак: Міт пра Беларусь як сьветач дабрабыту на постсавецкай прасторы сапраўды існуе. Гледзячы на тое, што адбываецца ва Ўкраіне,

Міт пра Беларусь як сьветач дабрабыту на постсавецкай прасторы сапраўды існуе.

з гэтым можна і пагадзіцца, бо любы мір лепш за вайну. Праўда, і тое, што калі кажаш, што беларус, то значна прасьцей вырашаць розныя пытаньні, якія могуць узьнікаць на тых тэрыторыях. Гэта і праходжаньне блёк-пастоў, і камунікацыя зь людзьмі, якія падтрымліваюць ДНР (а такіх там вельмі шмат).

Ёсьць пэўны ўзровень даверу да беларуса — як да чалавека і як да прадстаўніка дзяржавы, якая спрабуе выступаць у гэтым канфлікце ў якасьці міратворцы.

Цыганкоў: Ёсьць праўда палітыкаў, праўда журналістаў і праўда людзей, якія жывуць у гэтым канфлікце. Ці далі вашы паездкі ў зону канфлікту адказ на пытаньне — калі гэта ўсё скончыцца? Што прымушае людзей ваяваць? Ці пры пэўных умовах яны ўжо гатовыя сказаць «хопіць»?

Стрыжак: Гэта залежыць ад таго, якімі вачыма вы гледзіце на гэты канфлікт. Калі глядзець вачыма людзей, якія жылі мірным жыцьцём і ня думалі пра вайну, то яны гатовыя скончыць ваяваць у гэтую ж сэкунду. Бо яны самі не ваююць, яны ахвяры гэтай вайны.

Калі ж казаць пра ўдзельнікаў канфлікту, то тут я чуў самыя розныя падыходы. Некаторыя кажуць — «дайце нам волю, мы возьмем Данецк за тыдзень». Тыя, з другога боку, кажуць тое самае пра Марыюпаль.

Але я скажу банальную рэч, якая для мяне вельмі важная, бо я яе адчуў на сабе. Вайна — гэта ненатуральны стан для чалавека, звычайны чалавек ня хоча ваяваць. Звычайны чалавек хоча міру, але тут ужо зьяўляюцца нюансы. Бо кожны бачыць яго па-свойму. Хтосьці бачыць яго як «рускі мір», а іншыя — як сьвет эўрапейскай супольнасьці, грамадзтва, пабудаванага на асновах права.

Youtube-вэрсія

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG