Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна рассакрэціць імёны і справы з архіваў спэцслужбаў


Аляксандра Вагнер

Гісторык Аксана Юркова распавяла, зь якіх ўкраінскіх архіваў савецкіх спэцслужбаў здымуць грыф сакрэтнасьці

Вярхоўная Рада Ўкраіны месяц таму большасьцю галасоў ухваліла пакет законаў, якія тычацца гістарычнай памяці. Сярод іх быў і адзін, які можна назваць беспрэцэдэнтным для постсавецкіх краін, якія не ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз, — закон аб рассакрэчваньні архіваў савецкіх сілавых структур, міністэрства ўнутраных спраў і службы дзяржбясьпекі.

Гэтага рашэньня чакалі ня толькі ўкраінскія гісторыкі, але і, напрыклад, чэскія, бо праз супрацоўнікаў кіеўскіх спэцслужбаў ажыцьцяўлялася дзейнасьць супрацоўнікаў КГБ у Чэхаславаччыне. А ўкраінскім спэцыялістам цікавая ў першую чаргу інфармацыя пра сьледчых, пракурораў і судзьдзяў, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах і масавых рэпрэсіях у дачыненьні да ўкраінскай інтэлігенцыі.

Паводле супрацоўніка Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Украіны Аксаны Юрковай, да прыняцьця цяперашняга закону большая частка архіўных матэрыялаў магла быць рассакрэчана толькі па сканчэньні 70 гадоў пасьля іх зьяўленьня. Цяперашнія ўкраінскія ўлады вырашылі зрабіць даступнымі усе дакумэнты да 1991 году.

— Архівы Службы бясьпекі Украіны, якія засталіся з савецкага пэрыяду, для дасьледчыкаў былі адкрыты ў 90-я гады. У гэты час я і пачала працаваць са справамі рэпрэсаваных. У Інстытуце гісторыі Ўкраіны ў той час была створана нават спэцыяльная група, якая займалася гэтай тэмай. З тых часоў было вельмі шмат апублікавана, і пасьля да гэтых справаў атрымалі доступ таксама сваякі. Але, вядома, былі абмежаваньні: прыйсьці з вуліцы і азнаёміцца з матэрыяламі было нельга. Я неаднаразова сутыкалася з сытуацыяй, калі мне выдавалі архіўна-сьледчыя справы, у якіх некаторыя старонкі былі змацаваныя так, каб я не змагла іх прагледзець. Там былі зьвесткі, якія не былі рассакрэчаны.

Гэтыя праблемы мы абмяркоўвалі нават на спэцыялізаванай канфэрэнцыі, прысьвечанай рабоце з архіўна-сьледчымі справамі. Бо складанасьці ўзьнікалі ня толькі ў тым, што часткі дакумэнтаў не былі даступныя. Гаворка ідзе пра матэрыялы, у якіх людзі давалі паказаньні пад ціскам: часам гаварылася адно, а сьледчы ўсё запісваў па-іншаму. Напрыклад, дапытваны казаў: «Я быў знаёмы з гэтым чалавекам», а сьледчы запісваў у пратакол: «У контррэвалюцыйную арганізацыю ўваходзілі такія і такія таварышы». Акрамя гэтага, даводзілася пісаць асобныя лісты пры працы з дакумэнтамі, доступ да якіх быў абмежаваны законам аб абароне пэрсанальных дадзеных. У мяне як у прафэсійнага гісторыка раней не было доступу да матэрыялаў назіраньняў за гэтымі людзьмі. Да ўнутраных матэрыялаў СБУ, НКУС і ГПУ большасьць гісторыкаў ня мелі масавага доступу. Нехта гэтыя матэрыялы бачыў, але, на жаль, гэта былі адзінкі.

Пытаньне аб адкрытасьці архіваў было ўзьнята пры Віктары Юшчанку, у прэсе пачалася актыўная дыскусія па абмеркаваньні гэтых пытаньняў, але я не магу сказаць, што для дасьледчыкаў нешта пасьля гэтага істотна зьмянілася. Стала лягчэй трапіць у архівы, але паколькі да гэтага часу няма поўнага каталёгу матэрыялаў да 1991 году, якія знаходзяцца ў Дзяржаўным архіве СБУ, то знайсьці тое, што вас цікавіць, дастаткова цяжка. Даводзіцца абмяркоўваць гэта з супрацоўнікам архіву, і ён ужо вырашае, якія матэрыялы можа даць. Гэта тычылася архіўна-сьледчых справаў. І ў іх немагчыма было, з-за грыфа сакрэтнасьці, выявіць псэўданімы таемных супрацоўнікаў, іх дадзеныя.

— Што зьмянілася ў сувязі з прыняцьцем Вярхоўнай Радай новага закону аб рассакрэчваньні архіваў? Ці ўсе дакумэнты цяпер будуць даступныя гісторыкам?

— З таго, што я чула і што мяне як дасьледчыка вельмі радуе — што рыхтуецца поўны вопіс матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве СБУ. Яшчэ вельмі важна, што, у адпаведнасьці з законам, палягчаецца доступ да архіваў Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства замежных спраў. Справа ў тым, што туды мелі доступ адзінкі, і ў цэлым дасьледчыкі нават ня ведаюць, што там знаходзіцца. Сёе-тое з МЗС для вывучэньня перадавалася, былі вельмі цікавыя матэрыялы, якія тычацца гісторыі дыпляматычнай службы, напрыклад, у часы Ўкраінскай рэвалюцыі 1917-21 гадоў. Ёсьць вялікая надзея, што ўсе гэтыя матэрыялы стануць даступнымі дасьледчыкам. Але пры гэтым нельга сказаць, што ўсё было дрэнна, закрыта. Проста былі пэўныя абмежаваньні.

— Для дасьледаваньняў, якімі займаецеся вы асабіста, важны новы рэжым доступу да дакумэнтаў? Што вы спадзеяцеся атрымаць у архівах, якую інфармацыю — удакладніць?

— Я займаюся вывучэньнем ўкраінскай гістарыяграфіі, гэта значыць гісторыі навукі міжваеннага пэрыяду 20-30-х гадоў. На жаль, вельмі многія ўкраінскія гісторыкі, якія працавалі ў гэты пэрыяд, былі рэпрэсаваныя. Большасьць зь іх — тыя, хто праходзіў па так званай справе Саюзу вызваленьня Украіны, па іншых сфальшаваных працэсах. Многія былі высланы з краіны, многія расстраляныя ў 1937-38 гадах. З нашай памяці і з гісторыі навукі гэтыя імёны былі, на жаль, выкрасьлены.

З сярэдзіны 90-х гадоў я, як і многія мае калегі, спрабую аднавіць біяграфіі гэтых навукоўцаў. У дадзеным выпадку матэрыялы архіўна-сьледчых справаў дапамагаюць даведацца зьвесткі пра іх, біяграфіі, іх сувязі, кантакты. Па гэтых дакумэнтах можна вывучаць паводзіны гісторыкаў, хто як сябе паводзіў, каго змаглі зламаць, каго — не змаглі, хто застаўся верным сваім прынцыпам да канца. Зусім нядаўна я атрымала доступ да фармуляра на Міхаіла Грушэўскага. Гэта дзесяць тамоў матэрыялаў назіраньняў за найвядомейшым украінскім гісторыкам, прычым пачынаючы з таго пэрыяду, калі ён плянаваў вярнуцца з эміграцыі ва Ўкраіну, ён прыехаў ў 1924 годзе, і заканчваючы годам яго сьмерці — 1934. Фармуляр быў спынены ў 1937 годзе. Мяне надзвычай зьдзівіла тое, як шмат даносаў, прычым ад розных людзей, зьмяшчаецца ў гэтых тамах.

Тамсама ёсьць і вельмі важныя для гісторыкаў дакумэнты — пэрлюстраваныя лісты, якія пісалі людзі, за якімі было арганізаванае сачэньне. Часьцей за ўсё ў архівах і асабістых фондах гісторыкаў, у навукова-дасьледчых установах, у якіх яны працавалі, такія дакумэнты не захаваліся. І гэтыя лісты — унікальная крыніца інфармацыі. Па іх мы можам зразумець, як дзейнічалі людзі.

Сакрэтных супрацоўнікаў было вельмі шмат, мянушкі ў іх былі абсалютна фантастычныя: Турбагенэратар, Запарожац, Прафэсар, Акадэмік ... Многія зь іх былі інфільтраваныя ў Акадэмію навук, і гэта ўражвае. Прычым, ня толькі ў 20-х і 30-х гадах, але і пазьней.

Іронія лёсу ў тым, што вельмі многія зь іх потым былі таксама рэпрэсаваныя, хоць яны старанна пісалі свае даносы. Калі архівы стануць даступныя, а гэта патрабуе вельмі вялікай працы архівістаў — ім прыйдзецца ствараць каталыгі, вопісы, я пляную працаваць з дакумэнтамі сакрэтных супрацоўнікаў, а таксама з матэрыяламі іх назіраньняў, дакладнымі. Бо існаваў вялікі аналітычны аддзел, які зьбіраў матэрыялы, аналізаваў іх, і вось гэтыя рэчы вельмі важныя. Я спадзяюся, што і мае калегі, якія працуюць па больш позьнім пэрыядзе, з матэрыяламі шасьцідзясятнікаў-дысыдэнтаў, удзельнікаў узброенага супраціву 40-50-х гадоў, таксама атрымаюць доступ да раней сакрэтных дакумэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG