Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадзіджа Ісмаілава: Калі прынцыпы становяцца жыцьцём


Архіўнае фота. Кастрычнік 2012 году
Архіўнае фота. Кастрычнік 2012 году

Галоўны рэдактар Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Нэнад Пэіч выказаў пазыцыю радыё ў справе журналісткі азербайджанскай службы Радыё Свабода Хадзіджы Ісмаілавай.

Нэнад Пэіч
Нэнад Пэіч

Сёньня, 5 чэрвеня, спаўняецца паўгода, як Хадзіджа Ісмаілава сядзіць у турме. Але ўсё пачалося значна раней за дзень 5 снежня 2014 году, калі яна была арыштаваная і зьняволеная.

На самым пачатку былі пагрозьлівыя тэлефанаваньні — але яна не адмовілася ад сваіх прынцыпаў. Пасьля пачаліся гнюсныя пагрозы яе блізкім. І зноў, яна не здалася.

Хадзіджа мела выбар.

Яна магла перастаць пісаць пра карупцыю і на нейкі час адысьці ў цень. Ніхто б яе не папракнуў. Аднак не перастала. Яна магла трошкі зьмякчыць сваю пазыцыю. Але не зьмякчыла. Яна магла б абысьці стараною пэўныя «нязручныя» тэмы і палегчыць сабе жыцьцё, не расьсьледуючы спрытныя махінацыі азербайджанскіх «недатыкальных». Але не абышла. Застаючыся вернай журналісцкім прынцыпам, яна не пайшла на зьдзелку з сваім сумленьнем.

Азербайджанскія ўлады таксама былі вымушаныя зрабіць свой выбар.

Яшчэ больш узмоцніць ціск на Хадзіджу, рызыкуючы выклікаць крытыку за мяжою?

Рабіць выгляд, што яны не заўважаюць яе артыкулы, і адначасна не дапускаць іх публікацыі ў краіне, нават калі існаваньне інтэрнэту робіць гэтую задачу ў прынцыпе невыканальнай? Або аспрэчваць вынікі яе журналісцкіх расьсьледаваньняў? Праблема ў тым, што не было чаго аспрэчваць: факты гавораць самі за сябе.

Калі ў сакавіку 2012 году ў інтэрнэце зьявіўся відэаролік, зь незаконна здабытымі выявамі Хадзіджы інтымнага характару, было ясна, які шлях улады вырашылі абраць: прымусіць яе замаўчаць за любую цану. Былі нанятыя лабісты, каб абараніць дзеяньні азербайджанскай улады і зьмякчыць пазыцыі замежных урадаў. Глеба была падрыхтаваная.

І зноў Хадзіджа сваю сілу і моц сваіх прынцыпаў. Яна арганізавала прэсавую канфэрэнцыю, паказала відэа і сказала ўсім — ніхто не прымусіць мяне замаўчаць, я й надалей буду пісаць пра карупцыю ў маёй краіне. Усе — і перш за ўсё азербайджанскія ўлады — хацелі, каб яна супакоілася. Нават у больш памяркоўнай палітычнай і інфармацыйнай атмасфэры яна пачала ўспрымацца як «парушальніца спакою».

Застаючыся верная свайму слову, Хадзіджа не спынілася. Яна апублікавала новыя журналісцкія расьсьледаваньні пра карупцыю ва ўладных колах Азербайджану.

«Я ведаю, што мяне могуць арыштаваць, — сказала яна ў кастрычніку 2014 году. — Калі так здарыцца, я да гэтага гатовая».

5 сьнежня 2014 году паліцыя прыйшла да яе дадому і забрала яе ў пракуратуру. Абвінавачаньні былі абсурдныя: нейкі чалавек заявіў, што яна змушала яго да самагубства.

Калі той чалавек пасьля адмовіўся ад сваіх заяваў, бакінскія ўлады выставілі новыя абвінавачаньні: растрата, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць, ухіленьне ад падаткаў, злоўжываньне службовым становішчам. Улады заявілі, што бакінскае бюро Радыё Свабода ўчыніла фінансавыя злачынствы нягледзячы на тое, што бюро афіцыйна зарэгістраванае ў Баку і афіцыйны азербайджанскі аўдыт апэрацыяў Радыё Свабода ў 2012 годзе ня выявіў ніякіх парушэньняў.

Гэта нікога не цікавіла. Бакінскі офіс радыё быў незаконна зачынены 26 сьнежня 2014 году. Сьледчыя і ўзброеныя паліцыянты вывелі супрацоўнікаў у іншы пакой, абшукалі сэйф і канфіскавалі дакумэнты і афіцыйныя пячаткі. У пратаколе было зазначана, што ператрус быў зроблены ў рамках сьледзтва ў справе аб замежным фінансаваньні недзяржаўных арганізацыяў. Празь некалькі гадзінаў супрацоўнікі былі вызваленыя, і калі 20 супрацоўнікаў былі выкліканыя на допыт у пракуратуру. Некаторыя зь іх ужо пакінулі Баку. Журналісты, якія робяць рэпартажы для Радыё Свабода, ня могуць атрымліваць ганарары, бо іх банкаўскія рахункі замарожаныя.

Хадзіджа Ісмаілава зрабіла свой выбар. Яна вырашыла ахвяраваць сваёй свабодай дзеля сваіх непахісных журналісцкіх прынцыпаў. «Калі ласка, не ідзіце на кампрамісы дзеля мяне, я гэтага не прыму», — напісала яна ў сваім звароце да Радыё Свабода два месяцы таму.

Азербайджанскія ўлады таксама зрабілі свой выбар: вырашылі за любую цану прымусіць Хадзіджу замаўчаць і зачынілі бакінскае бюро Радыё Свабода.

Зрабіла свой выбар і Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа. Мы падтрымліваем Хадзіджу і нашых іншых азербайджанскіх калегаў. Настане момант, калі б ён ні настаў, і Хадзіджа пераможа. І яна больш, чым хто, разумее цану гэтай перамогі. Прэміі, якія яны атрымала, будучы ў турме, ад амэрыканскага ПЭН-Цэнтру, Швэдзскага прэс-клюбу і Амэрыканскага нацыянальнага прэс-клюбу дапамагаюць ёй захаваць сілу.

Нам на Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа знаёмы боль Хадзіджы, шмат каму з нашых калегаў даводзілася цярпець пакуты, а некаторыя страцілі жыцьцё. Такі боль — частка штодзённага жыцьця нашага радыё. Шмат якія рэжымы і экстрэмісцкія групоўкі спрабавалі прымусіць наша радыё замаўчаць — нікому гэта не ўдалося і ня ўдасца.

Нэнад Пэіч, галоўны рэдактар Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG