Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч нарадзіўся ў 1986 у Пінску. У 2008 скончыў аддзяленьне журналістыкі на факультэце беларускай філялёгіі і культуры Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, а тады магістратуру і асьпірантуру пры катэдры беларускай літаратуры БДПУ. У 2008-2011 працаваў у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» карэспандэнтам і рэдактарам аддзелу крытыкі, рэдактарам аддзелу прозы і паэзіі, у 2011-2015 — рэдактар аддзелу крытыкі часопісу «Маладосьць». Цяпер супрацоўнік Беларускага ПЭН-цэнтру. Камэнтатар кніг «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы: зборнік літаратуразнаўчых і архіўных матэрыялаў» (2011); Юрка Віцьбіч, «Лшоно габоо Бійрушалайм» (2011); Лявон Савёнак, «Творы» (2012); Яўхім Кіпель, «Эпізоды» (2013).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для тых, хто ўмее чытаць па-беларуску.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

На самоце, у цішыні. Як правіла, ня дома.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік» Ластоўскага.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Лявон з апавяданьня Гарэцкага «Юбілеуш».

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Напішу «Міхась Стральцоў», хоць улюбёных, напэўна, чалавек сорак.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Двухтамовік ліставаньня Чэхава. Перачытваю салжаніцынскі «ГУЛАГ», фіналістаў сёлетняга Гедройця.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На украінскай, польскай, ангельскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Сын.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Пра Менск 1920-х гадоў. Нон-фікшн, вядома. Прозы баюся.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі плаваю ў Піне на сьпіне.

***
Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад “шорт-лістараў“ сёлетняй прэміі імя Гедройця, паколькі ўсе яны цяпер на слыху. Але з часам мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG