Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама будзе заклікаць лідэраў ЭЗ захаваць санкцыі супраць Расеі


Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама будзе заклікаць лідэраў ЭЗ захаваць санкцыі супраць Расеі за яе ролю ў сытуацыі з Украінай. Згодна з паведамленьнем Белага дома, зрабіць гэта Абама плянуе падчас саміту «Групы сямі» (G7), які адбудзецца 7 чэрвеня ў нямецкім Мюнхене.

Падчас гэтага мерапрыемства прэзыдэнт ЗША таксама будзе мець двухбаковыя сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмэранам.

У чацьвер, 4 чэрвеня, ЭЗ выказаў занепакоенасьць эскаляцыяй канфлікту ў Данбасе і заклікаў Расею прыняць меры для зьніжэньня напружаньня ў рэгіёне.

3 чэрвеня занепакоенасьць эскаляцыяй сытуацыі ў Данбасе выказалі ў ЗША. Па словах прэс-сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнта Мары Гарф, спробы захапіць новыя тэрыторыі Ўкраіны, будуць азначаць для Расеі дадатковую плату.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што новае абвастрэньне сытуацыі ў Данбасе зьяўляецца спробай пазьбегнуць выкананьня Менскіх дамоўленасьцяў.

3 чэрвеня каля Мар’інкі, у прыгарадзе Данецку, адбылося найбольш маштабнае за апошнія месяцы супрацьстаяньне паміж урадавымі сіламі і баевікамі. У АБСЭ пацьвердзілі, што абстрэлы зь цяжкіх узбраеньняў, забароненых Менскімі мірнымі дамоўленасьцямі, пачалі баевікі.

Чарговыя Менскія пагадненьні, падпісаныя ў лютым гэтага году, прадугледжваюць спыненьне агню ў Данбасе зь 15 лютага, а таксама адвод цяжкога ўзбраеньня ад лініі фронту. Аднак дамоўленасьці цалкам не выконваліся, бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні Менскіх пагадненьняў.

XS
SM
MD
LG