Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Жадан: «Гледзячы на паводзіны нашага супольнага суседа, мы мусім падтрымліваць адно аднаго»


У Менску адбыўся канцэрт украінскага гурту «Сабакі ў космасе», удзел у якім прымае вядомы ўкраінскі паэт Сяргей Жадан. Спадар Жадан даў інтэрвію Свабодзе.

Сяргей Жадан падчас канцэрту выканаў песьню «Я рок-музыкант» беларускага гурту «Мроя», якую ён пераклаў на ўкраінскую мову. Жадан таксама прэзэнтаваў свае кнігі вершаў «Жыцьцё Марыі» і «Украінскія авіялініі». Апошняя была выдадзеная ва Ўкраіне па-беларуску — гэта зборнік выбраных вершаў Жадана, якія на беларускую мову пераклаў Андрэй Хадановіч пры ўдзеле дзесяці іншых беларускіх літаратараў.

Сяргей Жадан адказаў на некалькі пытаньняў карэспандэнткі Свабоды.

— Вы не ўпершыню ў Беларусі, ці заўважылі нейкія зьмены тут?

— Зьмяняюцца нейкія рэчы, натуральна. Праўда, Украіна розьніцца ад Беларусі. На першы погляд — візуальна. Да прыкладу, ну проста — парадак: у вас чысьціня. Калі больш глыбока, то мы зь беларусамі дужа розьнімся: мы больш спантанныя, больш імпульсіўныя. А вы, мажліва, больш рацыянальныя. Натуральна, што так падаецца на першы погляд. Калі глядзець на больш глыбокія стасункі, то паміж нашымі краінамі шмат добрых ініцыятываў — спартовых, інтэлектуальных. І таму ёсьць такая вялікая прывязанасьць і сымпатыя. У мяне тут шмат сяброў, якіх я вельмі люблю і да якіх люблю прыяжджаць, а таксама мець зь імі агульную справу і разам працаваць.

— Вам самому што больш даспадобы: украінская «спантаннасьць» ці беларуская «рацыянальнасьць»?

— Мне рацыянальнасьць падабаецца. Ёсьць шмат рэчаў, якія мне ў нас не падабаюцца, і якія, мне падаецца, можна зьмяняць. Я, да прыкладу, чалавек досыць рацыянальны і патрабую рацыянальнасьці ад іншых.

— Вашая паэзія, у тым ліку, вершы пра жыцьцё і сьмерць, пра мужнасьць, — гэта зьвязана з падзеямі, якія адбываюцца цяпер ва Ўкраіне?

— Безумоўна. Ёсьць вершы, непасрэдна прысьвечаныя падзеям, якія цяпер адбываюцца на ўсходзе, у Данбасе. Гэта наша Бацькаўшчына, наша краіна, і мы — пісьменьнікі, мастакі, музыкі — так ці інакш, але ня можам не рэагаваць на тое, што ў нас адбываецца.

— Як вам падаецца, тут у Беларусі, наколькі адпаведную інфармацыю маюць людзі пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне?

— Калі па-праўдзе, то я ня ведаю. Але вось мы сёньня, едучы, спыняліся на запраўцы і бачылі тэлевізар, па якім паказвалі расейскія навіны. І калі беларусы глядзяць расейскія навіны, то наўрад ці яны маюць доступ да праўдзівай інфармацыі. Найхутчэй ім паказваюць так, як тое трэба Крамлю. Я пабачыў, што звычайна людзі маюць дужа аддаленае ўяўленьне адносна сапраўдных падзеяў. У нас ёсьць большы выбар навінаў — шмат магчымасьцяў даведацца, што адбываецца. Акрамя таго, шмат хто карыстаецца навінамі не з афіцыйных, а з ўсясьветных крыніцаў інфармацыі. Гэтая галіна дужа разьвітая.

— А што ведаюць пра Беларусь?

— «Насамрэч, небагата інфармацыі. Ёсьць шмат клішэ, стэрэатыпаў і міталягізацыі як пазытыўнай, так і нэгатыўнай».

— Якой, да прыкладу?

— Ну, да прыкладу, пра тое, што ў Беларусі засталася савецкая сыстэма, што час «спыніўся» на ўзроўні 1976-77 гадоў з усімі яго плюсамі і мінусамі. Тыя, хто настальгуе па савецкіх часах, кажуць пра плюсы. Маўляў, што ў Беларусі захаваліся ўсе плюсы і вартасьці савецкага часу. Што добра было б нам гэта пераняць, кіраваць сельскай гаспадаркай, захаваўшы калгасную сыстэму. А тыя, хто ня мае сантымэнтаў адносна савецкага часу, кажуць пра дыктатуру, пра цэнзуру, пра ўціск свабоды слова, пра плянавую эканоміку. Я, па праўдзе, ня ведаю, што бліжэй да рэчаіснасьці, бо кантактую перадусім зь беларускімі творцамі. Думаю, што ў плянавай эканоміцы яны ня дужа даюць рады.

— Якім вам бачыцца далейшы лёс нашых дзяржаў і стасункаў паміж імі?

— Ведаеце, гледзячы на паводзіны нашага супольнага суседа, мы мусім кіравацца на тое, каб падтрымліваць адно аднаго.

Сяргей Жадан — культавы ўкраінскі паэт, празаік, перакладчык і музыка, аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі і прозы. Уганараваны міжнароднымі прэміямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG