Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільская дэпутатка: «МУС рэкамэндуе не адмяняць візы зь Беларусьсю»


Vіністарка абсорбцыі Софа Ландвэр і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей падпісваюць у Менску пагадненьне аб адмене візаў 19 верасьня 2014 году
Vіністарка абсорбцыі Софа Ландвэр і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей падпісваюць у Менску пагадненьне аб адмене візаў 19 верасьня 2014 году

Дэпутатка ізраільскага Кнэсэту ад партыі «Наш дом Ізраіль», былая міністарка абсорбцыі імігрантаў Софа Ландвэр у інтэрвію радыёстанцыі РЭКА на мінулым тыдні сказала, што размаўляла з новым міністрам унутраных спраў Сільванам Шаломам («Лікуд») з нагоды адмены візавага рэжыму зь Беларусьсю. Паводле яе слоў, Шалом паведаміў, што чыноўнікі МУС рэкамэндавалі яму замарозіць гэты працэс, бо адмена віз можа прывесьці да павелічэньня колькасьці нелегалаў, якія прыбываюць у якасьці турыстаў і якія застаюцца ў Ізраілі з мэтай заробкаў.

Софа Ландвэр назвала такую пазыцыю МУС Ізраіля абуральнай, нагадаўшы аб тым, які дадатковы даход дзяржава атрымала ў выніку адмены віз з Расеяй, Украінай, Малдовай і Грузіяй.

Дэпутатка паведаміла, што пасьля размовы з Сільванам Шаломам яна зьвярнулася наўпрост да кіраўніка ўраду Бэньяміна Нэтаньягу, які фармальна зьяўляецца таксама міністрам замежных спраў, з просьбай садзейнічаць працэсу ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму з Беларусьсю. На дадзены момант, Нэтаньягу не адказаў на гэтую просьбу.

Ландвэр падкрэсьліла, што пытаньне аб адмене віз зь Беларусьсю было ўзгоднена на ўсіх узроўнях у пэрыяд дзеяньня мінулага ўраду і заставалася толькі зацьвердзіць гэта пагадненьне на ўзроўні кабінэту міністраў.

На гэтай стадыі пытаньне адмены віз зь Беларусьсю знаходзілася на працягу некалькіх месяцаў. Перад выбарамі на яго быў накладзены мараторый юрыдычным дарадцам ўраду Егудам Вайнштэйнам. І хоць мараторый быў зьняты пасьля выбараў, да абмеркаваньня гэтай тэмы ўрад так і не вярнуўся.

9 красавіка ў інтэрвію сайту NEWSru.co.il Софа Ландвэр выказала ўпэўненасьць, што канчатковае зацьвярджэньне адмены візавага рэжыму з Рэспублікай Беларусь адбудзецца адразу пасьля фармаваньня новага ўраду.

Пагадненьне аб адмене візаў падпісалі ў Менску яшчэ 19 верасьня 2014 году. Тады заяўлялася, што новы 2015 год грамадзяне Беларусі і Ізраіля змогуць сустрэць бязь візаў. Аднак гэтага не атрымалася. Пагадненьнем прадугледжана, што з моманту ратыфікацыі і да фізычнай адмены візаў павінна прайсьці 90 дзён. Беларусь свае абавязаньні выканала цалкам 5 студзеня 2015 году. Ізраіль затрымліваецца.

А пакуль, каб беларусу наведаць Ізраіль, трэба набыць візу, якая каштуе 23 даляры. Грамадзянін Ізраіля за беларускую візу мусіць заплаціць даражэй — 60 эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG