Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я маю» ці «ў мяне ёсьць»? Ізноў пра беларускі індывідуалізм і калектывізацыю ў мове


Амаль усе мовы падзяляюцца на дзьве вялікія групы — мовы habere (’мець’, ’маю’) і мовы esse (ад лацінскага ’быць’). Але беларуская і ўкраінская мовы лічацца пераходнымі. Піша Вінцук Вячорка.

Застольная песьня «Ад панядзелка да панядзелка», якая для нас у свой час была студэнцкаю і якую як «люмпэнскую» не ўхваляе мастак, музыка і мысьляр Тодар Кашкурэвіч, — пра парушэньне права ўласнасьці. Там на дзядзьку багатага нападае басота. Вось як сьпявае гэтую песьню Вальжына Цярэшчанка з гомельскай «Талакой». Не канцэртна, для сябе.

(Увага на прамежак 1:53–2:14.)

Чуваць, як галасы разьдзяліліся. Нехта зацягнуў «Маю, маю сто рублёў грошай...», а нехта — «Ёсьць у мяне...».

А якая форма лепшая? (Гаворка не пра валюту ў дзядзькавай кішэні, а пра дзеяслоў.) Каваль мае хату ці Ў каваля ёсьць хата?

За будовай сказаў хаваецца пэўны сэнс.

Першы сказ — Каваль мае хату — укладзены празрыста. Паводле звычайнай для сказа схемы «дзейнік—выказьнік—дапаўненьне». Дзейнік — гэта дзейны суб’ект: каваль. Ён мае (што?) хату. Інакш кажучы, актыўна стварае сабе права ўласнасьці ды ім карыстаецца. Карацей, Каваль Вярнідуб. Або Паўлюк Багрым.

Паўлюк Багрым
Паўлюк Багрым

У другой канструкцыі — У каваля ёсьць хата — усё значна больш заблытана. Граматычны дзейнік тут чамусьці (хто, што?) хата, якая ёсьць, існуе як бы сама па сабе. І дапаўненьне — у каваля: побач зь ім? Каваль у другаснай ролі? Хату яму, так бы мовіць, «далі»? Службовую, як беларускім судзьдзям, каб лепш судзілі? Значэньне ўласнасьці, валоданьня тут не перадаецца даслоўна.

Вось жа першая канструкцыя — са словам «мець» — звычайная для бальшыні сучасных моваў Эўропы. She has a cat — яна мае ката. Ona ma kota па-польску. А вось па-расейску «Она имеет кота» сказаць няможна, адразу чуваць, што гэтак спрабуе выказацца іншаземец.

І нагадаю ўсім вядомы пачатак беларускай народнай казкі:

Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску (варыянт: вазочак) і шэсьць камароў.

Пераклад на расейскую:

Жила-была муха-певуха. Была у неё коляска да шесть комаров.

Вось жа перадача значэньня валоданьня празь дзеяслоў ёсьць уласьцівая ўсім фіна-вугорскім мовам. Фінскае Minulla on kirja

— літаральна ’У мяне (каля мяне) ёсьць кніга’. Падобна ў вугорскай, эрзя, комі ды іншых. Многія мяркуюць, што ў расейскай мове гэтая канструкцыя запанавала пад уплывам фіна-вугорскага субстрату, гэта значыць «ніжняга пласта», мовы карэнных жыхароў земляў, на якія прыйшлі продкі цяперашніх расейцаў.

І па-латыску скажуць Man ir grāmata (’Мне ёсьць кніга’). Латыская мова балцкая, індаэўрапейская, блізкая родзічка літоўскае. Але па-літоўску Aš turiu knygą — ’Я маю кнігу’. Адкуль такі кантраст? Рэч у тым, што на латыскую мову таксама паўплываў фінскі субстрат, да нядаўна на ўзьбярэжжы там жылі лівы — старадаўні карэнны фіна-вугорскі народ.

ESSE — HABERE, або «Два мира, два... образа жизни»

Амаль усе мовы адпаведна таму, як у іх абазначаецца валоданьне, падзяляюцца на дзьве вялікія групы — мовы habere (ці habeo, ад лацінскага ’мець’, ’маю’) і мовы esse (ад лацінскага ’быць’). Бальшыня індаэўрапейскіх моваў — мовы habere. Напрыклад, як ужо згадана, найбольш пашыраныя ў нас заходнія: I have a book. J’ai un livre. Ich habe ein Buch.

І бальшыня славянскіх належаць да habere: Mam książkę (польская). Mám knihu (чэская і славацкая). Imam knjigo (славенская). Imam knjigu (харвацкая і сэрбская). Имам книга (македонская). Урэшце,

Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты

(беларуская).

Але беларуская і ўкраінская мовы ў лінгвістычнай літаратуры лічацца пераходнымі, маючы рысы абедзьвюх групаў. Чарговы раз на мяжы двух сьветаў.

Закадаваны мэнталітэт

Выдатны расейскі лінгвіст Вяч. Ус. Іванаў піша:

«...Катэгорыя пасэсіўнасьці [валоданьня] належыць да кола такіх лінгвістычных паняцьцяў, дасьледаваньне якіх дазваляе беспасярэдне падысьці да характарыстыкі моўнай сьвядомасьці („мэнталітэту“) пэўнага соцыюму».

Сапраўды, сама мова — гэта інструмэнт авалодваньня сьветам. Экзыстэнцыйнасьць (esse) у гісторыі чалавецтва дапаўняецца пасэсіўнасьцю (habeo), два пачаткі могуць і проціпастаўляцца (як пасіўны пачатак актыўнаму).

Францускі клясык індаэўрапеістыкі Эміль Бэнвэніст казаў: «Моўнае разьвіцьцё ідзе ад mihi est [у мяне ёсьць] да habeo, але не наадварот». Формула esse, est («нешта ёсьць у кагосьці») больш архаічная. Паняцьце валоданьня праз слова мець у мове замацавалася тады, калі чалавецтва, датуль калектывісцкае і залежнае ад навакольнага сьвету, узьнялося да асабовасьці ды прыватнай уласнасьці. Асабліва выразна гэтая моўная зьмена цягам сярэднявечча зазначылася ў эўрапейскіх мовах, і цяпер яна добра абслугоўвае асабова-арыентаваную эўрапейскую цывілізацыю.

Зразумела, адсюль не вынікае, што калі мова зьберагла архаічнасьць у формуле валоданьня, то і народ — яе носьбіт застаўся на ранейшым этапе разьвіцьця. Так, у фіна-вугорскіх мовах канструкцыі з аслабленым суб’ектам валоданьня засталіся зь вельмі даўніх часоў. Але прыналежнасьць у гэтых мовах дадаткова перадаецца інакш — адмысловымі суфіксамі назоўнікаў і займеньнікаў. Падобна ў іўрыце, дзе, строга кажучы, няма адпаведніка дзеяслову мець.

Esse-мова і расейская цывілізацыйная мадэль

Расейская адзіная сярод славянскіх выразна рэпрэзэнтуе групу esse. Прычым мовазнаўцы адзначаюць далейшае пашырэньне ў сучаснай расейскай мове аналягічных канструкцыяў (безасабовых, ня толькі са значэньнем валоданьня). І, што важна, расейскія лінгвакультуролягі бачаць у гэтай тэндэнцыі глыбокі мэнтальны сэнс. Як піша дасьледніца сынтаксу ў культуралягічным аспэкце Марына Захарава,

«расейская мова... усяляк заахвочвае пераважную ў расейскай культурнай традыцыі тэндэнцыю разглядаць сьвет як сукупнасьць падзеяў, якія не паддаюцца ані чалавечаму кантролю, ані чалавечаму ўразуменьню».

Калі на Захадзе поруч з умацаваньнем статусу асобы і яе правоў, з разьвіцьцём індывідуалізму зьяўляліся адпаведныя моўныя сродкі, у Маскоўскай дзяржаве такой матывацыі не было, старая фаталістычная канструкцыя (да таго ж падмацаваная фінскім субстратам) запанавала цалкам.

Аслабленае пачуцьцё ўласнасьці тут кампэнсуецца пачуцьцём уяўнай спрычыненасьці. У тым ліку ў расейскіх канструкцыях кшталту «у кого-то есть что-то», якія мэтафарычна апісваюць ідэальныя рэчы:

«У расейскай моўнай карціне сьвету такі аб’екты валоданьня, як душа, сэрца, думкі і інш. выяўляюцца як незалежныя ад суб’екту (...) Яны адасабляюцца ад чалавека» (І. Куралёва).

Напрыклад: у меня есть душа, у него есть мозги.

Расейскія лінгвісты пішуць, што заходняя habeo-мадэль разглядае сьвет у проціпастаўленьні чалавеку (як нешта, чым трэба авалодаць), а расейская у_меня_есть-мадэль уключае аб’екты, на якія чалавек ня можа ўплываць, у ягоную эмацыйную сфэру. Практычна ўсе лінгвакультуролягі гавораць пра закадаваную ў мадэлі расейскую схільнасьць да абшчыннага калектывізму. Многія вучоныя, у тым ліку расейскія (А. Лосеў, С. Тэр-Мінасава, М. Захарава) углядаюць у падобных канструкцыях сьведчаньне пэўнай пасіўнасьці стаўленьня да сьвету:

«...У гэтай асаблівасьці граматыкі расейскай мовы бачаць і фаталізм, і ірацыянальнасць, і алягічнасьць, і страх перад нераспазнаным, і агнастыцызм расейскага народу. Магчыма, у гэтым і ёсьць нешта правільнае» (С. Тэр-Мінасава).

Ці ж беларусы нічога ня маюць?

Для беларускай традыцыі ды мэнталітэту катэгорыя ўласнасьці вельмі важная, павага да асобы і набытай працаю ўласнасьці — аснова грамадзкага ўладкаваньня. Тут ніякай ірацыянальнасьці быць ня можа. Таму дзеяслоў мець у сваім асноўным значэньні — прыналежнасьці — у старабеларускай мове пераважаў:

Меў князь вялікі Скрымонт трох сыноў. Казімер як кароль меў стадолы і шпіхлеры збожжа ў каждым іменьню.

І ў пераносным:

Ідзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месцу вялікую ласку імаюць.

Гэта Скарына.

Ва ўсіх сучасных беларускіх гаворках уласнасьць перадае дзеяслоў «мець» у канструкцыі «дзейнік — выказьнік — дапаўненьне». Прыклады з Слоўніка гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча:

Адзін ня меў грошы, дык не далі яму мяса. (Брасл.) Я мела гусі, рабіла падушкі, сваё пер’я. (Смарг.) Кожны свое коні маў. (Столінскі р-н)

Слова «мець, мае» набыло таксама значэньне «мусіць нешта рабіць, павінен». Гэта ключавое слова артыкулаў Статута ВКЛ:

А пісар земскі маець паруску, літарамі й словы рускімі, усі лісты, выпісы й позвы пісаці, а ня іншым языком і словы.

А тут у адным сказе спалучаюцца два значэньні слова мець — валоданьня і мусу: Сьвяшчэнік... у цэркве імеці маець віно, ладан, прасфУры і сьвечы (1586).

У старабеларускай мове была таксама формула «у некага ёсьць (было) нешта», але яна не панавала. Укладальнікі Гістарычнага слоўніка беларускай мовы паставілі пасэсіўнае значэньне слова «быць» толькі на пятае месца сярод іншых. Напрыклад: У таго Карата чатыры сыны былі (летапіс Рачынскіх). Формы зь ёсьць бытавалі ў беларускіх гаворках у XIX і XX стагодзьдзях, хаця ў іх значэньне быцьця часта пераважала над маёмасным: цяпер работы ест многа (Капыльск.), іх нямала ў клясычнай «Нашай ніве»: Пры школе ёсьць бібліятэка. Шмат бацьком ё мукі (бацьком — не «ў бацькоў»!). Але яны суіснавалі з habere-формуламі.

Пра ўнівэрсальнасьць дзеяслова мець сьведчыць незьлічоная колькасьць сталых выразаў, уласьцівых старой і сучаснай мове. Мець досыць — задаволіцца нечым. Мець моц — уладарыць. Мець язык — шмат балбатаць. Веру мець (адсюль імавернасьць), веры ня мець. Што ты маеш супраць мяне? Трэба меру мець ва ўсім. Як дбаеш, так і маеш. Як мае быць.

«Ёсьць» есьць «мець»

Пачатак барацьбы з прыватнай уласнасьцю і пачуцьцём адказнасьці ўласьніка як «перажыткам» супаў з моўнай русіфікацыяй у БССР. Мадэль «у мяне ёсьць» займела магутную падтрымку ў рэальным жыцьці. Прыблізна такую:

Так беларуская мова выпала з агульнаэўрапейскай тэндэнцыі esse -> habere. Мадэль «у некага ёсьць нешта» зноў пачала пераважаць.

дыяграма Іны Гліньнік
дыяграма Іны Гліньнік

Але цалкам перацягнуць беларускую мову ў іншае поле не ўдалося. Уласьніцкае слова мець хаваецца шмат дзе. Напрыклад, слова процілеглага ад «ёсьць» значэньня — няма — утворана ад «мець» (ад «ня ма(е)ш»). Расейскае нет — ад «не есть».

Слова мець па-ранейшаму служыць зьвязкай у значэньні павіннасьці: Калі ўжо паабяцаў, то маю прыйсьці. Яно ж хаваецца ў формах будучага часу: гадавацьму, рабіцьмеце (паходзяць ад гадаваць маю, рабіць маеце).

Натуральна гучаць па-беларуску выразы мець праблемы, мець на ўвазе, мець жаданне, мець патрэбу, мець на ўвазе, ня мець сэнсу, мець рацыю.

Беларуская мова розьніцца ад расейскай у перадачы прыналежнасьці ня толькі ў гэтай канструкцыі. Я ўжо разважаў пра спэцыфіку беларускіх прыналежных займеньнікаў і прыметнікаў (дзядзькаў дом і ягоны сьпеў), якія складаюць паўнавартасную асобную катэгорыю. То бок катэгорыя прыналежнасьці ў нашай мове ўсюдыісная і сапраўды, як падкрэсьлівае Вяч. Ус. Іванаў, сьведчыць пра мэнталітэт народу. І радок тае песьні ад пачатку гучаў так:

Але ж маю сто рублёў грошай,

Шкода разьмяніць.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG