Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няскораны Марыніч». Непапраўны рамантык, якога паважалі турэмныя наглядчыкі


Падчас прэзэнтацыі. На фота - Аляксей Кароль (ля мікрафона) і Аляксандар Тамковіч
Падчас прэзэнтацыі. На фота - Аляксей Кароль (ля мікрафона) і Аляксандар Тамковіч

У Менску прэзэнтавалі кнігу «Няскораны Марыніч» пра дзяржаўнага дзеяча і палітвязьня.

У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча «Няскораны Марыніч». Яна рыхтавалася яшчэ пры жыцьці дзяржаўнага і грамадзкага дзеяча і мелася выйсьці да ягонага 75-годзьдзя напачатку гэтага году, але перажытыя турэмныя выпрабаваньні не далі Міхаілу Марынічу пабачыць канчатковы варыянт біяграфічнага выданьня.

На прэзэнтацыю сабраліся вядомыя прадстаўнікі беларускай палітыкі, культуры, былыя палітвязьні, колішнія сукамэрнікі Міхаіла Марыніча. Да мікрафону са словамі падзякі падыходзілі тыя, каму спадар Марыніч паспрыяў у рангу міністра зьнешнепалітычных сувязяў ці амбасадара.

Тацяна Марыніч: Гэта кніга пра галоўны выбар жыцьця

Ад імя сям’і ўдзячнасьць усяму аўтарскаму калектыву выказала жонка Марыніча Тацяна:

«Гэтая кніга рыхтавалася, калі Міхаіл Афанасьевіч быў жывы. Мінулым летам Аляксандар Тамковіч шмат працаваў з маім мужам: яны згадвалі эпізоды жыцьця, згадвалі розныя гісторыі, факты біяграфіі. Кніга была амаль гатовая, але жыцьцё ўнесла свае карэктывы... Гэтая кніга ня толькі пра чалавека, які зрабіў вельмі шмат для сваёй краіны, для разьвіцьця бізнэсу, для разьвіцьця міжнародных адносінаў; уласным прыкладам ён паказаў, якім можа быць дзяржаўны службовец. Гэтая кніга пра галоўны выбар жыцьця, пра пераадоленьне. Мне вельмі хочацца, каб яе прачытала маладое пакаленьне беларусаў. Я вельмі радая, што сёньня многія прыйшлі зь дзеткамі, бо насамрэч гэтая кніга — для іх. І я вельмі хачу, каб яе прачытаў наш сын Міхаіл, калі крыху падрасьце. Ягоны бацька заўсёды застанецца для яго вялікім маяком, які будзе яго весьці па жыцьці».

Спадарыня Тацяна падзякавала ўсім, хто маральна і фізычна падтрымліваў яе мужа, калі той па надуманых абвінавачаньнях знаходзіўся ў турме. Дзякуючы шырокай хвалі салідарнасьці ў Беларусі і за яе межамі, Міхаіл Марыніч выйшаў зь няволі пераможцам. «Амаль пераможцам», — удакладніла яна, паколькі за кратамі ён атрымаў інсульт, і давялося супрацьстаяць яшчэ і гэтай праблеме.

Жонка Міхаіла Марыніча Тацяна Марыніч і Аляксандар Тамковіч
Жонка Міхаіла Марыніча Тацяна Марыніч і Аляксандар Тамковіч

Майра Мора: у Рызе Марыніча любіў і паважаў увесь дыпляматычны корпус

Ад дыпляматычнага корпусу выступіла прадстаўніца Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора, зь якой Міхаіл Марыніч пазнаёміўся яшчэ падчас амбасадарскай працы ў Латвіі. У свой час менавіта яна дамаглася ад беларускіх уладаў, каб у турму да палітзьняволенага былі дапушчаныя замежныя амбасадары:

«Калі я прыехала сюды, Міхаіл Афанасьевіч ужо знаходзіўся ў турме. На той час канстатацыяй факту былі шмат якія рэчы: роспуск парлямэнту, Дразды, зьніклыя палітыкі. Рэпутацыя Беларусі на міжнароднай арэне, мякка кажучы, пакідала жадаць лепшага. Але, нягледзячы на ўсе пералічаныя абставіны, у маім родным горадзе, у Рызе, беларускага амбасадара любіў і паважаў увесь дыпляматычны корпус. Наша зь ім першая сустрэча ў Беларусі адбылася ў турме — я адзін з рэдкіх амбасадараў, хто меў магчымасьць наведваць зьняволеных. У ізалятары на Валадарскага нам зрабілі выключэньне і дазволілі сустрэцца ў кабінэце начальніка. І што асабіста мяне ўразіла — як адзін з кіраўнікоў турмы паважліва зьвяртаўся да Міхаіла Афанасьевіча. То бок, яго паважалі ўсе, нават турэмныя наглядчыкі. Бо як ён падаваў сябе, як ставіўся да людзей, — проста абавязвала адказваць узаемнасьцю».

Сукамэрнік Марыніча: Ён кантактаваў зь людзьмі, дапамагаў парадамі, проста словам

Да кожнай кнігі «Няскораны Марыніч» прыкладзеная закладка, дзе рукой Міхаіла Марыніча напісаныя радкі зь ягонага ліставаньня на волю. Гэта збольшага філязофскія развагі пра будучыню краіны, яе эўрапейскі выбар, непазьбежнасьць дэмакратычных пераўтварэньняў. Сьведкам напісаньня тых лістоў — сукамэрнік Міхаіла Марыніча спачатку ў ізалятары часовага ўтрыманьня, а потым і ў калёніі Ігар Гураў:

«Магу сказаць, што калі ён ад’яжджаў з нашай камэры ізалятару ў Воршу, ён быў здаровым чалавекам, з цудоўным настроем. А літаральна праз дні здарылася такое няшчасьце са здароўем. Калі ён ужо хворым чалавекам прыйшоў на так званую „бальнічку“ ў першую калёнію, я бачыў, як ён змагаўся за жыцьцё, як уласным прыкладам шмат і шмат каму паказваў, што трэба рабіць і як сябе паводзіць у складанай сытуацыі. Пастаянна кантактаваў зь людзьмі, дапамагаў парадамі, проста словам. Нават такі паказальны выпадак, што маёй жонцы пісаў лісты, каб яна за мяне не перажывала, што ў мяне ўсё нармальна і г.д. Гэта, я лічу, вялікі чалавек, патрыёт нашай краіны, патрыёт свайго народа. Я зь вялікім жалем кажу, што яго няма з намі, але да апошняга буду лічыць яго сябрам па жыцьці, паколькі шмат чаму ў яго навучыўся ў тых складаных умовах».

На прэзэнтацыю сабраліся калегі і паплечнікі Міхаіла Марыніча, многія зь якіх адсядзелі працяглыя тэрміны паводле сумнеўных абвінавачаньняў, — былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір, экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, колішні генэральны дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў ды іншыя.

Уладзімер Іскарцаў — адзін з самых блізкіх сяброў сям’і Марынічаў, хросны бацька Міхаіла-малодшага. Свайго калегу і сябра дагэтуль называе няйначай як «непапраўным рамантыкам»:

«Мы ведаем вялікую колькасьць прыкладаў нават у сваім атачэньні — тысячы чыноўнікаў, якія прайшлі свой шлях і разумелі тупіковасьць гэтага шляху, але ў размовах нязьменна кажуць: „Ну што я магу зрабіць?“ Таму мне падаецца, што гэтая кніга найперш для тых, хто гаворыць акурат гэтыя словы — а што я магу? Бо не думайце і не разважайце — магу, не магу — а рабіце. Я хачу, каб кнігу прачытала як мага большая колькасьць людзей, якія б задумаліся і зразумелі: кожны здольны нешта зрабіць. Галоўнае, каб ён гэтак жа, як Міхаіл Афанасьевіч, разумеў, што гэта патрэбна. Прычым, патрэбна не асабіста яму, гэта патрэбна народу. Прыйдзе час, і будуць напісаныя кнігі памяці, названыя вуліцы імёнамі тых, хто, разумеючы ўсю рызыку, адважваліся на адчайныя крокі. Гэта і Захаранка, і Карпенка, і Марыніч. Усе тыя, хто, безь перабольшаньня, аддалі свае жыцьці, каб хутчэй наступіла тое сьветлая будучыня, у якую мы ўсе падсьвядома верым».

Аўтар кнігі Аляксандар Тамковіч, кажа, што супраца зь Міхаілам Марынічам далася яму лёгка. Журналіст сам перанёс падобную хваробу і на асабістым досьведзе перакнаўшыся, як важна не скарыцца лёсу і пастарацца вярнуцца да паўнавартаснага жыцьця. Міхаіл Марыніч ужо быў на шляху да выздараўленьня, але занадта глыбокі сьлед пакінулі турэмныя гады, каб цалкам перамагчы навалу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG