Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Жадан засьпявае гіт «Я рок-музыкант» гурту «Мроя» ВІДЭА


Знакаміты гіт беларускага року загучыць па-ўкраінску ў межах праекту парталу Tuzin.fm і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Рок-зорка ўкраінскай літаратуры Сяргей Жадан з гуртом з Харкаву «Собаки в космосі» вырашыў перасьпяваць для «Global Reload» знакаміты гіт гурта «Мроя» — «Я рок-музыкант» аўтарства Лявона Вольскага і Ўладзі Давыдоўскага. «Першапачаткова мы хацелі ўзяць песьню з творчасьці Лявона і спынілі выбар на гэтым творы, — кажа Сяргей Жадан. — Па-першае, адчулі, што можа выйсьці штосьці цалкам іншае і новае, па-другое, для нас ёсьць вельмі важнай рытмічная падача вакалу. Вось у гэтым выпадку „Я рок-музыкант“ цалкам нам пасаваў. У нашым разуменьні гэтая песьня пра людзей, якія дакладна ведаюць, чаго хочуць, і гатовыя за гэта біцца».

Сэнс праекту «Global Reload» у тым, каб музыкі з розных краінаў сьвету выканалі песьні на словы беларускіх паэтаў на сваёй мове. Амэрыканец Карл Фрыерсан, лідэр нямецкай групы De Phazz, засьпяваўпа-ангельску песьню на словы Анатоля Сыса, у выкананьні гурта Karpatt упершыню па-француску загучаў Уладзімер Караткевіч. А вось лідэр «Машины времени» Андрэй Макарэвіч вырашыў засьпяваць па-беларуску сваю песьню «Сьнег».

Відэазапрашэньне на канцэрт у Менску ад «Жадана і Сабак»:

«Я — рок-музыкант» пераклаў на ўкраінскую мову сам Сяргей Жадан. Жывая прэм’ера песьні адбудзецца падчас першага ў гісторыі «Жадана і сабак» канцэрту ў Менску 4 чэрвеня ў Jack Club. Пасьля выступу музыкі зьбіраюцца яе запісаць у студыі «Осмос».

Перад канцэртам, у 14:00 у кнігарні «Логвінаў» адбудзецца «Абед з Жаданом» — аўтограф-сэсія ўкраінскага пісьменьніка з нагоды выхаду зборніку «Украінскія авіялініі». Кнігу складаюць выбраныя вершы ўкраінскага аўтара ў перакладзе на беларускую Андрэя Хадановіча, а таксама бонус-анталёгія «Адзіннадцаць сяброў Жадана».

Tuzin.fm

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG