Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя высьвятляе, ці правільна ўжылі газ супраць беларусаў


Канфлікт на беларуска-польскай мяжы паміж польскімі паліцыянтамі і грамадзянамі Беларусі. Перад памежным пераходам “Баброўнікі” у Польшчы. 2 чэрвеня 2015
Канфлікт на беларуска-польскай мяжы паміж польскімі паліцыянтамі і грамадзянамі Беларусі. Перад памежным пераходам “Баброўнікі” у Польшчы. 2 чэрвеня 2015

Падляская паліцыя кажа, што, у сувязі з тузанінай паміж супрацоўнікамі аўтаінспэкцыі і беларускімі кіроўцамі каля польска-беларускага памежнага пераходу ў Баброўніках, кантралёры высьвятляюць, ці прынятыя паліцыянтамі захады былі апраўданыя.

У прыватнасьці, кантроль датычыць таго, ці трэба было выкарыстаць супраць кіроўцаў газавыя балёнчыкі.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, інцыдэнт каля мяжы пачаўся пасьля таго, як патруль у складзе двух аўтаінспэктараў пачаў штрафаваць кіроўцаў за няправільную паркоўку на дарозе перад памежным пераходам.

«Дарога, якая вядзе да памежнага пераходу ў Баброўніках, добра забясьпечаная дарожнымі ўказальнікамі і знакамі, якія ясна акрэсьліваюць, як па ёй рухацца і дзе можна прыпаркавацца, — сказаў Радыё Свабода падінспэктар Анджэй Бараноўскі, прэсавы прадстаўнік ваяводзкай камэндантуры паліцыі ў Беластоку. — Учора патруль дарожнай аўтаінспэкцыі ў Беластоку, які дзяжурыў на дарозе перад памежным пераходам у Баброўніках, прыняў захады ў адносінах да кіроўцаў, якія няправільна прыпаркаваліся. Вінаватыя ў няправільнай паркоўцы былі пакараныя штрафамі. Як вынікае з дакумэнтацыі здарэньня, якую мы яшчэ вывучаем, адна жанчына, якая кіравала „Хондай“, адмовілася паказаць пасьведчаньне асобы паліцыянтам. Калі паліцыянты вялі яе да сваёй машыны, яна паклікала іншых кіроўцаў, якія пачалі перашкаджаць аўтаінспэктарам у гэтым. У адносінах да самых агрэсіўных кіроўцаў, пасьля папярэджаньня, паліцыянты ўжылі газавыя балёнчыкі. Яны таксама паклікалі на дапамогу функцыянэраў Памежнай варты і патруль аддзелу асобага прызначэньня. Пасьля высьвятленьня асобы, згаданую жанчыну аўтаінспэктары пакаралі штрафамі. У сувязі з гэтым здарэньнем службоўцы з аддзяленьня кантролю паліцыі ў Беластоку расьсьледуюць на аснове паказаньняў сьведкаў, паліцыянтаў і функцыянэраў Памежнай варты ці захады паліцыі былі прынятыя правільна».

Мы пазванілі таксама ў Падляскае аддзяленьне Памежнай варты ў Беластоку. Яе прэсавы прадстаўнік, маёр Катажына Здановіч, сказала Радыё Свабода, што Памежная варта ў інцыдэнт не была замешаная. Яе функцыянэры, якія былі пакліканыя на дапамогу патрулём аўтаінспэкцыі, на месца здарэньня прыбылі, але ў тузаніне ўдзелу не ўзялі. Паводле спадарыні Здановіч, за парадак на дарозе перад памежным пераходам поўнасьцю адказвае паліцыя.

Як паведамлялася раней, 2 чэрвеня паміж польскай паліцыяй і грамадзянамі Беларусі, якія стаялі ў чарзе на ўезд у памежны пераход «Баброўнікі», адбыўся канфлікт, які доўжыўся цягам гадзіны і скончыўся газам і штрафамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG