Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Чарнаморац: «Я выбачаюся за тое, што дазволіў скажонай інфармацыі прыняць некіраваны характар»


Дзьмітры Чарнаморац, дырэктар па разьвіцьці беларускай лягістычнай кампаніі Apply Logistic.

Дзьмітры Чарнаморац, дырэктар па разьвіцьці беларускай лягістычнай кампаніі Apply Logistic.

1 чэрвеня партал BEL.BIZ зладзіў бізнэс-сьняданак, прысьвечаны 10-годзьдзю партала. Тэма імпрэзы — «Бізнэс праз 10 гадоў. Погляд у будучыню».

І, як напісалі некаторыя інтэрнэт-рэсурсы, «дырэктар па разьвіцьці беларускай лягістычнай кампаніі Apply Logistic Дзьмітры Чарнаморац апынуўся ў цэнтры буйнога скандалу».

Прычынай сталі выказваньні бізнэсоўца, зробленае падчас форуму.

«Раней я быў схільны да той думкі, што ў нас будзе дэмаграфічная праблема — недахоп людзей. Цяпер я памяняў свой пункт гледжаньня цалкам. Адна з праблемаў эканомікі, якая нас чакае, — гэта лішак людзей. А менавіта — лішак біямасы. Мы бачым, зь якой хуткасьцю ідзе аўтаматызацыя вытворчых працэсаў і гандлёвых працэсаў. Напрыклад, усе кампаніі думаюць аб скарачэньні колькасьці сэрвіснага пэрсаналу ў рэтэйле», — цытуе дырэктара па разьвіцьці кампаніі Apply Logistic Дзьмітрыя Чарнаморца «Ежедневник».

У Youtube зьявіўся ролік з заклікам асудзіць Чарнаморца. Выбухнулі і сацыяльныя сеткі...

Сам Дзьмітры Чарнаморац выступіў з тлумачэньнямі.

Радыё Свабода паспрабавала дазнацца, што ж насамрэч хацеў сказаць бізнэсовец Дзьмітры Чарнаморац, зь «першых вуснаў».

— Што за аўдыторыя прысутнічала на ўчорашнім «Бізнэс-сьняданку»?

— Гэта была аўдыторыя, запрошаная бізнэс-парталам BEL.BIZ. Мне вельмі цяжка сказаць, што гэта за публіка. Хутчэй за ўсё, прадпрымальнікі-пачаткоўцы, людзі, якім проста цікава быць удзельнікамі мерапрыемстваў з такой тэмай.

— Чаму такі шквал абурэньня выклікаў ваш выступ? Ці справа толькі ў тэрміналёгіі?

— Я мяркую, што насамрэч тут пытаньні не да майго выступу, таму што тыя наступствы, якія мы з вамі назіраем на сайтах і ў сацыяльных сетках, тычыліся двух словаў і моўных камбінацыяў з гэтых двух словаў, якія ня несьлі асноўную сэнсавую нагрузку майго мэсыджа. Я чалавек тэхнічны, таму распавядаў пра аўтаматызацыю вытворчых працэсаў, пра сваё бачаньне, як у будучым будзе ісьці аўтаматызацыя, праектаваньне тавараў, імітацыйнае мадэляваньне і гэтак далей. І адзначыў наступнае: гэта ўсё добра, гэта дазволіць нам быць бліжэй да лепшых, крутых вытворцаў. Прывёў у прыклад «Porsсhe». Гэта сапраўды клясная кампанія, дзе большасьць працэсаў аўтаматызаваная. І заўважыў: гэта ўсё здорава, акрамя аднаго. Ёсьць адно нэгатыўнае наступства: мы атрымаем вызваленьне даволі вялікай колькасьці пэрсаналу, якога вышчамяць робаты, кампутары, праграмнае забесьпячэньне. Журналісты ўчапіліся за слова «Porsсhe». І мне яго прыпісалі. Але ў мяне няма аўтамабіля «Porsсhe». Можа, многія ўзрадуюцца, але ў мяне яго няма. А на думку блогераў і некаторых журналістаў, я валодаю гэтым аўтамабілем.

З кантэксту вычапілі два словы — «біямаса» і «Porshсhe», зьвязалі разам, і атрымаўся такі суцэльны нэгатыў.

Другі момант: у маёй рыторыцы было слова, да якога прычапіліся. Гэта «біямаса». Я даў камэнтар, што гаворка ідзе пра вялікую колькасьць людзей, якія імітуюць працу, якія ня хочуць прымаць рашэньні, якія займаюць на прадпрыемствах вымагальніцкую пазыцыю «Дайце нам болей грошай», якія ня хочуць шукаць працу, дзе б яны былі больш запатрабаваныя.

Такім чынам, з кантэксту вычапілі два словы — «біямаса» і «Porshсhe», зьвязалі разам, і атрымаўся такі суцэльны нэгатыў.

— Але ж, мяркуючы па камэнтарах у сацыяльных сетках, многія вас падтрымалі і, наадварот, «наехалі» на журналістаў.

— Так. Ведаеце, сярод журналістаў ёсьць вельмі шмат прафэсіяналаў, як і ва ўсялякай іншай прафэсіі, але ёсьць і шмат дылетантаў. Мне пашанцавала: сярод маіх сяброў ёсьць шмат прафэсійных журналістаў, мне зь імі даволі часта даводзіцца кантактаваць, працаваць. Але гэты прэцэдэнт адкрыў для мяне другую частку журналістаў — гэта дылетанты. На жаль, гэтыя журналісты зайшлі на наш сайт і нават не зразумелі, чым займаецца наша кампанія. Наша кампанія займаецца дасьледаваньнем, праектаваньнем і ўкараненьнем лягістычных інструмэнтаў у практыку ў першую чаргу айчынных кампаніяў. Мы беларускім кампаніям дапамагаем рабіцца больш эфэктыўнымі. Замест гэтага некаторыя журналісты напісалі, што мы займаемся вывазам валюты за мяжу. Гэта ж поўная лухта, дылетанцтва.

— На вашу думку, у нас агрэсіўнае грамадзтва? Ці наадварот — крыўдлівае, лёгка ранімае? Або жыцьцё насамрэч сумнае і няма чаго абмяркоўваць, дык разьдзьмухваюць, як кажуць, з мухі слана?

У краіне ёсьць розныя людзі. Але вельмі б хацелася, каб самастойных, працалюбных, самадастатковых, якія ня скардзяцца на жыцьцё, не шукаюць вінаватых — было болей.

— Калі казаць пра грамадзтва ўвогуле, я б пазьбегнуў дакладных фармулёвак. Мне трапляюцца людзі дастаткова актыўныя, самастойныя (з майго кола зносінаў, у першую чаргу прафэсійнага, калегаў і кліентаў). Іхні пункт гледжаньня можа не супадаць з маім. У нас вельмі шмат прыстойных людзей. Але ў той жа час я часам хаджу ў краму, зрэдку гляджу тэлевізар, у мяне ёсьць свае старонкі ў сацыяльных сетках, і я не магу не заўважаць вялікую колькасьць «ныцікаў», якія цалкам бязьдзейнічаюць, чакаюць, ім хтосьці чагосьці вінен, шукаюць вінаватых. Мне вельмі не падабаюцца людзі зайздросныя (а мяркуючы па камэнтарах у сацсетках, такіх нямала). На жаль, усе добрымі і прыстойнымі быць ня могуць. Таму ніякага дыягназу я б грамадзтву ня ставіў. У краіне ёсьць розныя людзі. Але вельмі б хацелася, каб самастойных, працалюбных, самадастатковых, якія ня скардзяцца на жыцьцё, не шукаюць вінаватых — было болей.

— І ўсё ж такі свой зварот да публікі вы пачалі не з тлумачэньняў, а з выбачэньняў. Чаму?

— Учора я наагул быў у шоку — я непублічная пэрсона. Журналісты, грамадзкасьць за мной, як, да прыкладу, за Ксеніяй Сабчак, ня сочаць. І я падумаў так: калі рыторыка скажонага сэнсу, нават чужая, закранула чыесьці інтарэсы, правільней найперш выбачыцца. Я палічыў неабходным пачаць з выбачэньняў. Менш за ўсё хацелася каго-небудзь пакрыўдзіць. Я дапускаю, што з дапамогай пастоў, якія былі зьмешчаныя ў сацсетках, са скажонай інфармацыі хтосьці мог пакрыўдзіцца, ня так зразумець. Таму, я лічу, у такіх выпадках трэба ўмець выбачацца. Але ў сваіх выказваньнях я нікога не абвінавачваў, нікога не хацеў пакрыўдзіць. А выбачыўся я за тое, што дазволіў гэтай скажонай інфармацыі прыняць некіраваны характар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG