Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі праваабаронца: Беларусь можа страціць сувэрэнітэт па «крымскім сцэнары» на працягу 2–3 гадоў


Юры Джыбладзэ
Юры Джыбладзэ

Беларусь — адзін з найбольш імаверных аб’ектаў экспансіянісцкіх памкненьняў Крамля, лічыць расейскі праваабаронца Юры Джыбладзэ.

Такую думку ён выказаў у Варшаве на прэзэнтацыі дакладу пра сытуацыю ў Беларусі. Пра гэта паведамляе сайт charter97.org.

Паводле слоў Джыбладзэ, на працягу двух-трох гадоў Беларусь можа страціць сувэрэнітэт па «крымскім сцэнары».

«Лукашэнка з палітычных прычын ня можа выключыць кнопку расейскага тэлебачаньня, і атрымліваецца, што беларускае грамадзтва зазнае штодзённае бамбаваньне прапагандай. На жаль, яна працуе ня толькі ў Расеі, але і на ўвесь рэгіён, уключаючы Беларусь. Атрымліваецца, што, маючы расейскія войскі ўжо ўнутры Беларусі, маючы гэтую масіраваную прапаганду, якая выявілася эфэктыўнай зброяй у сытуацыі гібрыднай вайны, розныя групы прарасейскіх актывістаў беспакарана дзейнічаюць у Беларусі. І ў выніку праз два-тры гады, калі будзе працягвацца гэтая ж сытуацыя і калі гэтая прапаганда будзе бесьперашкодна ліцца на беларускіх грамадзян — значная частка беларусаў самі захочуць стаць часткай „рускага сьвету“. І гэта абыдзецца Пуціну таньней, чым пасылаць войскі», — кажа ён.

Разам з тым Джыбладзэ выказаў жаль, што з-за вайны ва Ўкраіне і агрэсіўнай палітыкі Расеі ЭЗ «купіўся» на пазыцыянаваньне Лукашэнкам сябе як важнага ўдзельніка міратворчага працэсу.

«Гэта велізарная праблема, таму што такім чынам ЭЗ ня толькі ня выправіў праблемаў, якія існавалі яшчэ ў 2011–2012 годзе, але і фактычна ўзяў курс у адваротны бок. Гэта, безумоўна, памылковая палітыка, таму што ў выніку ЭЗ разьлічвае, што Лукашэнка будзе крытыкаваць Расею, будзе выступаць за сувэрэнітэт Украіны, ня будзе падтрымліваць анэксію Крыму. І, што самае галоўнае ў вачах ЭЗ, — ён выступае нібыта гарантам сувэрэнітэту Беларусі ад магчымага кантролю, ад магчымай агрэсіі з боку Расеі. Гэта ўсё памылковыя думкі, таму што ён ня можа рэальна выступаць у гэтай якасьці — гэта пасьпяховы блеф зь ягонага боку, і ў выніку ЭЗ не атрымае ні захаваньня правоў чалавека ў Беларусі і пэрспэктыў рэфармаваньня краіны, ні абароны Беларусі ад магчымай расейскай агрэсіі», — заявіў Джыбладзэ.

Прадстаўнік «Freedom files» Вольга Захарава ў сваім выступе таксама скрытыкавала палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі:

Вольга Захарава
Вольга Захарава

«У Брусэлі кажуць, што вайна ва Ўкраіне паўплывала на збліжэньне зь Менскам, але наагул эўрапейцы і безь яе хацелі б паспрабаваць іншы падыход. „Мы лічым, што наша палітыка санкцыяў не спрацавала, яна была памылковая“, — кажуць яны. На гэта ёсьць вельмі просты адказ: калі мы паглядзім, якія былі гэтыя санкцыі, як яны паўплывалі на палітыку Лукашэнкі, мы ўбачым вельмі цікавую карціну: калі Эўразьвяз рабіў сапраўды сур’ёзныя крокі, уводзіў эканамічныя абмежавальныя захады, Лукашэнка адразу ж кагосьці вызваляў. Першы вялікі „выпуск“ палітвязьняў адбыўся ўвосень 2011 году — пасьля першых санкцыяў, накладзеных на галоўнага сябра рэжыму Ўладзімера Пефціева, які, як мы ведаем, быў ня проста кашальком, але даверанай асобай і апэратарам рэжыму. Другая частка палітвязьняў была вызвалена ў канцы верасьня, калі ў ЗША папярэдзілі пра ўвядзеньне дадатковых санкцыяў. Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка выйшлі на волю пасьля таго, як у „чорны сьпіс“ нарэшце трапілі некаторыя прадпрыемствы Юрыя Чыжа і Анатоля Тарнаўскага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG