Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Кірыенка: Ды які ты беларус, калі зваліў у Ірляндыю ці Швайцарыю?


Васіль Кірыенка. Фота з сайту http://velopark.by
Васіль Кірыенка. Фота з сайту http://velopark.by

Выдатны беларускі вэлясыпэдыст, трыюмфатар аднаго з этапаў нядаўняй «супэршматдзёнкі» Джыра-д’Італія-2015 Васіль Кірыенка — пра Эўрапейскія гульні, беларускую ідэнтычнасьць і родную Рэчыцу.

Праз тыдзень прадстаўнічая зборная беларускіх атлетаў выправіцца на першыя ў гісторыі Эўрапейскія гульні, якія 12 чэрвеня стартуюць у Баку. Ударным складам у азэрбайджанскую сталіцу скіроўваецца каманда майстроў вэляспорту — Васіль Кірыенка, Канстанцін Сіўцоў, Яўген Гутаровіч, Алена Амялюсік, Тацяна Шаракава. Прозьвішчы, добра знаёмыя аматарам гонак па шашы.

Але ці ў захапленьні ад пазачарговых стартаў самі вэлясыпэдысты? Пра будні прафэсійнага спорту — беларускі гоншчык брытанскай каманды Sky Procycling Васіль Кірыенка. Днямі ён завітаў у родную Рэчыцу, дзе паступова ачуньвае пасьля ўдарнага Джыра-д’Італія.

— Так, нарэшце я ў Рэчыцы, у сябе дома. Вядома, працяглыя трэніроўкі тут забясьпечыць складана, ні рэльефу няма, ні выбару дарог — за мяжой ужо прызвычаіўся да разнастайнасьці. Зрэшты, можа, гэтым разам і на лепшае: ня столькі часу будзе прысьвечана трэніроўкам, колькі сям’і. Тым ня меней, заўсёды прыемна выбрацца, праехаць па месцах, дзе катаўся яшчэ 20 гадоў таму, бо гэта выклікае пэўныя эмоцыі, настальгію. Дакладна гэтак жа пляную — прынамсі, спадзяюся пасьпець — дзень на рыбалку ў тых месцах, дзе калісьці ў дзяцінстве з бацькам, з братамі лавілі рыбу. Усё гэта для мяне і ёсьць сапраўдны адпачынак. Мабыць, найперш таму, што выклікае прыемныя ўспаміны.

— Пэўна, яшчэ больш вашаму адпачынку рады дзеці, жонка?

— Так, гэта праўда — у нас з жонкай трое дзетак. Чаму не, калі ёсьць такое жаданьне і магчымасьць? Адна ўжо гуляе на вуліцы, двое зьбіраюцца — малодшай яшчэ толькі годзік. На самой справе сям’я — гэта цудоўна, незалежна ад таго, якімі матэрыяльнымі магчымасьцямі яна падмацоўваецца. Бо ў любым выпадку, як на маё адчуваньне, становісься больш чалавечным, разумееш, што каштоўнасьць ня проста ў пустым спажывецтве, а знаходзіш сапраўднае задавальненьне ў дзетках. Вось гэта клясна.

— Васіль, якія чаканьні ад новага фармату спаборніцтваў, названых Эўрапейскімі гульнямі?

У нас на ўзроўні вэляспорту гранд-туры ці нават клясыкі ўсясьветнага туру арганізаваныя на парадак лепш, цікавей, туды зьбіраецца шмат заўзятараў.

— Ды вы ведаеце, калі шчыра, у пляне правядзеньня я не асабліва захоплены нават Алімпіядамі. Гэта маё асабістае меркаваньне. У нас на ўзроўні вэляспорту гранд-туры ці нават клясыкі ўсясьветнага туру арганізаваныя на парадак лепш, цікавей, туды зьбіраецца шмат заўзятараў. Магу памыляцца, але ад Баку нічога не чакаю, там будуць пустыя вуліцы, гэта 100%. Нічога агульнага з прафэсійным антуражам. Я прыехаў дадому фактычна адразу з гонкі, і цяпер мяне больш турбуе маё здароўе, чым тое, што там будзе ў Баку. Па-першае, я элемэнтарна стаміўся, па-другое, ёсьць пару траўмаў, якія ня вельмі хочуць зарастаць, зажываць. Так што крыху ёсьць праблемы са здароўем.

— То бок — не падзяляеце аптымізму тых, хто прарочыць кантынэнтальным гульням ледзь не алімпійскі размах?

— Калі гаварыць пра вэляспорт, пра мяне ў прыватнасьці, то ў тым жа Лёндане папулярнасьць ровара цяпер вельмі вялікая. Дзякуючы ў тым ліку камандзе Sky, за якую я цяпер выступаю, у апошнія гады там гонкі добра ўзьняліся ў рэйтынгу. Таму падчас Алімпійскіх гульняў уздоўж трасы было шмат людзей, а часам нават зашмат. Гэта адзін бок справы. Але зусім іншае — арганізацыя. Я ж таксама ўжо прызвычаіўся працаваць на прафэсійным узроўні ў камандзе: ад мяне патрабуецца толькі сесьці на ровар і паказваць вынік. І я адпачатку ведаю, што ў дадзеным выпадку ў мяне ня будзе такіх умоваў нават блізка, а таму нічога асаблівага ад тых стартаў не чакаю. Зрэшты, мала каго, па вялікім рахунку, гэта і цікавіць. Я да канца яшчэ нават ня ведаю, хто туды паедзе ў складзе дэлегацыі для абслугоўваньня каманды, але часьцяком якраз так і адбываецца — па факце нішто нікога не цікавіць.

— Асабіста вы маглі адмовіцца, спаслаўшыся на здароўе, стомленасьць, на заслугі, урэшце...

— Апраўдвацца? Ведаеце, мне ня трэба ні перад кім апраўдвацца, я нікому нічога ня вінен. А калі што атрымаецца — дык добра. Зусім нядаўна, літаральна тыдзень таму, нядрэнна праехаў індывідуальную гонку (была нават крыху даўжэйшая, чым раней), на Джыра д’Італія. Дык вось цяпер ідуць складаныя біялягічныя працэсы: калі быў у дарозе, за дзень вадкасьці ўва мне назапасілася столькі, што каравул. То бок, калі спыняеш арганізм, няма магчымасьці патрэніравацца, — гэта заканчваецца праблемай. У мяне вельмі моцна ўсё ацякло. Зьбіраюся на трэніроўку, але не магу ўлезьці ў красоўкі, а на дадатак яшчэ нацёрся нейкі мазоль. Пакуль фізычна ня здольны трэніравацца, хоць трэба неяк выкручвацца. Бо першае, што трэба сёньня зрабіць, — гэта патрэніравацца, каб хоць крыху выгнаць зь сябе лішнюю вадкасьць.

— Згодна са сьпісам, на Эўрапейскія гульні заяўлены мацнейшы склад вэлякаманды — і мужчынскі, і жаночы. Спартовыя чыноўнікі нават не сумняваліся, паедзеце вы ці не?

Для мяне прыярытэтны мой прафэсійны спорт, дзякуючы якому я і жыву.

— Так, мы раней размаўлялі пра гэта на сустрэчы зь міністрам спорту. Але, разумееце, гэта такая справа, што плянаваць — адно, а рэаліі — зусім іншае. Асабіста для мяне гэта не прыярытэтны старт у годзе. Для мяне прыярытэтны мой прафэсійны спорт, дзякуючы якому я і жыву. Калі, ня дай божа, у мяне ня будзе працы на ўзроўні прафэсійных гонак, то на ўсялякіх афіцыйных, ці як іх яшчэ назваць, чэмпіянатах сьвету, Алімпіядах і цяпер вось Эўрапейскіх гульнях асабліва рабіць няма чаго. Таму што мацнейшыя, натуральна, выходзяць з прафэсіяналаў, тут проста так не падрыхтуесься. Да таго ж Азэрбайджан — на краі Эўропы, і то, можна сказаць, з нацяжкай. І я не магу прадказаць, зьбяруць яны людзей, не зьбяруць. Але для мяне гэта старты другаснага парадку.

— Азэрбайджан выклікае ў міжнароднай супольнасьці нараканьні наконт асноўных правоў і свабодаў, якія гарантуюцца грамадзянам. Ці гэта можа неяк паўплываць на масавасьць мерапрыемства?

— З гэтага гледзішча для мяне асаблівай розьніцы няма, спорт з палітыкай я намагаюся ня блытаць. Я на ўсё гляджу чыста з пазыцыі спартоўца, спрыяльных умоваў для мяне. Скажам, каб мне падабалася, што вакол нас заўзятары, насамрэч зацікаўленая публіка. Проста, відаць, я ўжо прызвычаіўся працаваць на самым высокім узроўні. Прыкладам, каманду, у якой я выступаю, на Джыра д’Італія суправаджала 14 адзінак тэхнікі, уключна з грузавіком, аўтобусам, кухняй. Адпаведна, шмат і абслуговага пэрсаналу. Зразумела: з аднаго боку, для гэтага патрэбныя значныя фінансавыя сродкі, зь іншага, усё павінна быць дакладна арганізавана, каб мэханізм бездакорна функцыянаваў. Хоць на прыкладзе нават нашай каманды магу сказаць, што трэба ўсё кантраляваць, бо, як і ўсюды, людзі стараюцца неяк ухіліцца ад працы.

— Калі трапляюцца «халтуршчыкі» ў прафэсійным спорце, то сапраўды, чаго чакаць ад імпрэзы з аматарскім статусам...

— Тут я ўвогуле слаба ўяўляю, як што будзе. Прыкладам, я еду з камандным інвэнтаром — натуральна, на тым інструмэнце, на якім выступаю. Разумею, што ў нас усё падведзена пад каштарысы, таму першае пытаньне — хто за што плаціць? Вось інвэнтар даехаў да Менску, каб потым стартануць у Азэрбайджан. І выглядае, што ўсё трэба рабіць за свой кошт. Там не такія вялікія грошы, але ж справа прынцыповая — чаму я? На гэтыя мэты я не павінен траіць уласныя грошы. Адпаведна, такія пытаньні раз-пораз будуць узьнікаць вакол іншых выдаткаў. Ня ведаю, магчыма, арганізатары будуць вырашаць побытавыя моманты, як і на Алімпіядах, а то часьцяком здараецца, што нашых камандзіровачных не хапае нават на нармальнае харчаваньне. Так, гэтых грошай можа хапіць, калі ты жывеш дома і сабе гатуеш. Але калі трэба хадзіць сілкавацца ў рэстаран ці кавярню, то ёсьць рызыка, што ўсё скончыцца за раз. Як на мяне, то самі грошы мяне не цікавяць, я іх нават бачыць не хачу. Галоўнае ў гэтых рэчах — прыйшоў, зьеў, што табе трэба, і пайшоў. Вось як павінен быць арганізаваны трэніровачны працэс, уласна выступы. Таму, калі згадваць ранейшыя Алімпіяды ды іншыя старты, насамрэч гэта ня сьвята душы. Асабіста для мяне гэтая паездка будзе руцінай.

— Інтэрнацыянальныя каманды, як тая ж Sky, уяўляюць сабой прыклад глябалізацыі, дзе нацыянальная адметнасьць размываецца, а стаўка робіцца на талент асобна ўзятага спартоўца. Наколькі ў такой атмасфэры адчуваеце сябе беларусам, наколькі складана захаваць нацыянальную ідэнтычнасьць?

Вядома, беларусы, гэтаксама як і іншыя, шукаюць нешта на баку, зьяжджаюць у Эўропу — я агулам, пра ўсе віды спорту.

— Вядома, беларусы, гэтаксама як і іншыя, шукаюць нешта на баку, зьяжджаюць у Эўропу — я агулам, пра ўсе віды спорту. І гэта нармальна, бо на зададзеным узроўні каманду складана сабраць выключна з адной нацыі ці народнасьці. Скажам так, запрашаюцца людзі ўжо з больш вузкай спэцыялізацыяй — абаронца, форвард. То бок улічваюцца нейкія канкрэтныя моманты. А што да таго, каб не размыцца ў агульнай масе? Калі гаворка пра мяне, то гэта ня тая ступень крайнасьці — маўляў, аж так адчуваю сябе беларусам, што ўсюды хаджу і размахваю сьцягам. Але я ведаю, што мяне рэальна турбуе і цікавіць як беларуса. Я цікаўлюся, што адбываецца ў краіне, бо тут жыве мая сям’я, я быццам таксама зьбіраюся тут жыць. Гэтага дастаткова. Зь іншага боку, мяне больш выводзіць, калі прыходзяць да аўтобуса людзі: «О, мы ж беларусы, землякі!». А ў выніку аказваецца, што сам жыве дзесьці ў Швайцарыі, а аўтограф яму дай для сябра, які ў Дубліне. Ды які ты нафіг беларус? Зьехаў ды ўсё. Ты і не беларус, і не швайцарац, таму што і там, і тут не патрэбны. Вось у гэтым момант ісьціны, такія заўважаю скрайнасьці наконт нацыянальнай ідэнтычнасьці. А так асабліва нікога гэта не цікавіць. У пэлятоне дакладна ніхто не глядзіць — твая краіна багацейшая ці бяднейшая. Усё ацэньваецца па асабістых заслугах.

— Як вырашаецца моўнае пытаньне? З улікам ранейшых выступаў за розныя каманды ці сталі вы паліглётам?

— Мабыць, прагучыць дзіўна, але я ангельскай мовы амаль ня ведаю. Трэці год ганяю ў гэтай камандзе, але ўсе ўжо прызвычаіліся, што калі для мяне гэта не першачаргова, то неяк урэшце склеіцца. Мяне трымаюць у калектыве перадусім за тое, што я працую. Я нармальна размаўляю на гішпанскай і італьянскай, плюс у нас даволі вялікая колькасьць пэрсаналу таксама валодае гэтымі мовамі. Ёсьць у тым ліку паляк, які добра гаворыць па-расейску. Нейкіх заглыбленых перамоваў наўпрост з мэнэджэрамі ў мяне няма, таму праблемаў з гэтым ня бачу. Калі адбываюцца сходы і нарады па працы, дык я ўсё разумею. Вядома, у простай размове нешта сказаць магу, а ў скрайнім выпадку могуць калегі дапамагчы перакласьці. Па вялікім рахунку, я такі заўзяты работнік, што мне лепш працаваць, чым языком малаціць.

— Васіль, у любым выпадку — пасьпяховых стартаў у Баку. Прынамсі, гэтага чакаюць як спартовыя функцыянэры, так і вашы прыхільнікі.

— Дзякуй. Зыходзячы з таго, як удасца падыйсьці, будзем і старацца. У прынцыпе, я разумею, што гэта важна для краіны, таму паспрабуем нешта паказаць. Іншая справа, што ўсё гэта крыху непрадказальна: найперш з-за таго, што калі прайшло паўсэзону, ужо ня так шмат здароўя застаецца, трэба крыху рэабілітавацца. Да таго ж досыць працяглы тэрмін «застою» пасьля гранд-туру — дакладна ня памятаю, але ў мяне старт атрымліваецца ці то 18 чэрвеня, ці нешта блізка. У любым выпадку гэта больш за два тыдні, і трэба сябе альбо аднавіць, альбо трэніравацца — сам ня ведаеш. Гэта досыць доўгі тэрмін, да патрэбнага часу можна проста пасьпець выйсьці з формулы. Апроч таго, моцна трэніравацца ў мяне няма нават маральнага жаданьня. Таму найлепшым рашэньнем было б вярнуцца дадому і цалкам прысьвяціць сябе сям’і — адначасова адцягнуўшы ўвагу ад праблемаў, ад ровара, калі апошні тыдзень ён вымагаў на сябе штодзень па шэсьць і нават больш гадзінаў. Прычым у стане далёка ня лепшым фізычным — некаторыя этапы было нават так, што проста «даграбаў» да фінішу. Такое таксама бывае...

Васіль Кірыенка нарадзіўся ў 1981 годзе ў Рэчыцы Гомельскай вобласьці. Выхаванец мясцовага дзіцячага юнацкага клюбу фізычнай падрыхтоўкі пры райвыканкаме. Адзін зь нямногіх вэлясыпэдыстаў, які спаборнічае і на шашы, і на трэку. У 2008-м стаў чэмпіёнам сьвету па вэлятрэку, а затым «стрэліў» і на знакамітай супэршматдзёнцы Джыра д’Італія, дзе выйграў адзін з этапаў і двойчы стаў другім. Па выніках спаборніцтваў заняў 2 месца ў горным разьдзеле. У 2011-м і 2015-м італьянскія этапы скарыліся беларусу чарговым разам. Апроч таго, выйграваў этапы «Вуэльта Гішпаніі», «Туру краіны Баскаў» ды шэраг іншых на самых прэстыжных шматдзёнках.

Шматразовы пераможца чэмпіянатаў Беларусі, неаднаразовы прызэр чэмпіянатаў сьвету і Эўропы ў каманднай і групавых гонках, пераможца этапаў Кубку сьвету на трэку ў індывідуальным перасьледзе, гонцы па ачках і ў камандным перасьледзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG