Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненая майстрыха вырашыла змагацца за свае правы — і выйграла


Добрускі раённы суд
Добрускі раённы суд

Добрускі раённы суд 2 чэрвеня аднавіў на працы майстра мясцовага парцалянавага заводу Ганну Давыдаву, незаконна звольненую адміністрацыяй прадпрыемства за нецьвярозага падначаленага. У гэтым ёй дапамог рэгіянальны прававы інспэктар незалежнага Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Леанід Судаленка.

Дырэкцыя абвінаваціла майстра Давыдаву ў «сыстэматычным невыкананьні без паважлівых прычынаў ускладзеных на яе працоўнай дамовай абавязкаў». Летась Давыдава, маўляў, атрымала заўвагу, а сёлета нібыта дапусьціла да працы нецьвярозага рабочага. Адсюль і «сыстэма». І хаця на зьмене працуе 70 чалавек, дырэкцыя лічыць, што майстар павінна была кантраляваць абсалютна ўсіх.

Але, як высьветлілася ў судзе, рабочы прыйшоў на працу цьвярозым — выпіць ён пасьпеў падчас абедзеннага перапынку, калі майстар наагул ня можа кантраляваць працаўнікоў.

«З нашымі довадамі пагадзіўся й прысутны ў судзе пракурор, — паведаміў прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка. — У выніку суд прыняў рашэньне на карысьць майстра Давыдавай і абавязаў наймальніка выплаціць ёй з моманту звальненьня за вымушаны прагул 14,7 мільёна рублёў».

Паводле заканадаўства, майстар ужо заўтра можа выйсьці на працу, запатрабаваўшы неадкладнай выплаты месячнага заробку. Астатнюю суму належыць выплаціць пасьля таго, як судовае рашэньне набудзе моц.

"Калі дырэкцыя заводу падасьць касацыйную скаргу, мы з Ганнай Давыдавай запатрабуем спагнаньня з заводу яшчэ й маральнай шкоды, бо гэта дазваляе працоўнае заканадаўства, — падсумоўвае вынікі суду Леанід Судаленка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG