Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка спрасьціў стварэньне прафсаюзаў


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 2 чэрвеня падпісаў дэкрэт № 4, які спрашчае ўмовы для стварэньня прафсаюзаў.

Прэзыдэнцкая прэс-служба паведамляе, што ўнесеныя зьмены ствараюць больш спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці прафсаюзаў, рэалізацыі і абароны сацыяльна-працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў.

Дакумэнт касуе палажэньне, згодна зь якім, каб на прадпрыемстве, ва ўстанове, арганізацыі мог утварыцца і дзейнічаць прафсаюз, у яго павінны ўступіць ня менш за 10% працаўнікоў (навучэнцаў) ад іх агульнай колькасьці.

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што за дваццаць гадоў ён ня бачыў ніводнага дэкрэту прэзыдэнта, які б рабіў дзяржаву больш дэмакратычнай. Паводле Фядыніча, раней трэба было 10% працоўных, каб выйсьці на перамовы па калектыўнай дамове:

Генадзь Фядыніч

Генадзь Фядыніч

«Я мяркую, што мэта ў тым, каб стварыць невялічкую арганізацыю, прымусіць наймальніка праз існуючы адміністратыўны рэсурс падпісаць дамову і сказаць: бачыце, як мы добра жывём.

А калі на прадпрыемстве будуць тры прафсаюзы, што тады наймальнік будзе рабіць? Я думаю, што дэкрэт зроблены толькі пад Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Імаверна, будуць шукаць сяброў праз наймальніка, бо ня кожны захоча ўступаць у прафсаюз. Але ж зробяць там 3–5%, заключаць калектыўную дамову і скажуць, што гэта толькі для сяброў прафсаюзаў. І тады зробяць штучныя ўмовы для ўступленьня ў прафсаюз, бо там будуць ільготы, бо ён падпісаў дамову. Але ж падпісаць дамову — гэта права, а не абавязак наймальніка. Калі б у дэкрэце было напісана, што больш не патрэбны дазвол рэгістрацыйных органаў для стварэньня прафсаюзу, а толькі заяўны прынцып, гэта было б вельмі добра. Але ж гэта Фэдэрацыі зусім не патрэбна», — сказаў Генадзь Фядыніч.

Выступаючы 22 траўня на сёмым зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Аляксандар Лукашэнка загадаў да сярэдзіны 2016 году паўтвараць ва ўсіх працоўных калектывах прафсаюзныя арганізацыі.

XS
SM
MD
LG