Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Колькі ў Эўропе моваў? Напэўна, ня менш, чым 100. А магчыма, што і ня менш, чым 150.

Адказ залежыць ад таго, як вы глядзіце на вызначэньне мовы. Русінская — гэта асобная мова ці дыялект украінскай? Сэрбская і харвацкая? Што з мэгленарумынскай, істрарумынскай або сьлёнскай — гэта дыялекты ці асобныя мовы? Хто насамрэч павінен вырашаць, ці маем дачыненьне з мовай, ці зь яе дыялектам? І ці магчыма вырашыць такія рэчы раз і назаўсёды? Прыгадаем, што беларуская і ўкраінская некалі лічыліся дыялектамі (наречиями) расейскай.

Ясна тут толькі адно. Усе натуральныя мовы — гэта дыялекты.

Літаратурныя мовы — гэта ў большай ці меншай ступені штучныя мовы, і такімі штучнымі мовамі насамрэч гаворыць меншасьць жыхароў зямлі.

Ясна тут толькі адно. Усе натуральныя мовы — гэта дыялекты.

Такія ды іншыя пытаньні і адказы непазьбежна ўзьнікаюць пры чытаньні незвычайна цікавай і дасьціпнай кніжкі нідэрляндзкага аўтара Гастана Дорэна «Lingo: A Language Spotter’s Guide to Europe». Загаловак цяжка перакласьці з увагі на калярытнае слоўца «lingo», якое ў ангельскай мове азначае, у залежнасьці ад кантэксту, «тарабаршчыну», «замежную мову», «спэцыяльны жаргон» або «індывідуальную мову». Падзагаловак лягчэйшы для перакладу: «Праваднік па Эўропе ад моўнага назіральніка».

«Lingo: A Language Spotter’s Guide to Europe».

«Lingo: A Language Spotter’s Guide to Europe».

Хто такі «моўны назіральнік» Гастан Дорэн? Гэта, як паведамляюць выдаўцы згаданай кніжкі, лінгвіст, журналіст і паліглёт. Ён гаворыць на нідэрляндзкай, лімбурскай (чулі?), ангельскай, нямецкай, францускай і гішпанскай. У дадатак чытае на афрыканс, фрыскай, партугальскай, італьянскай, каталёнскай, дацкай, нарвэскай, швэдзкай і люксэмбурскай. Піша кніжкі па-нідэрляндзку і па-ангельску. Мяркуючы па гэтай выдавецкай рэкамэндацыі — цікавы дзядзька, і варта узяць ягоную кніжку ў рукі. Я ў кожным разе не расчараваўся.

Ці ведаеце, што такое «эргатыўная мова»? Дорэн растлумачвае панятак «эргатыўнасьці» ў мовазнаўстве на прыкладзе баскскай мовы, адной з самых таямнічых і эргатыўных у Эўропе.

Чаму ў кельцкіх мовах — ірляндзкай, шатляндзкай, мэнскай, корнскай і часткова брэтонскай — такія складаныя правапісы? Як бы іх прыдумалі адмыслова дзеля таго, каб ніхто ня стаў граматным у гэтых мовах... Аўтар тлумачыць, чаму.

Чаму ірляндцам не ўдалося «ажывіць» сваёй мовы, нягледзячы на стагодзьдзе абавязковага навучаньня яе ў школах ва ўсёй краіне? Ну, тут я проста жыўцом працытую Дорэна, таму што адказ, як мне падаецца, можа прыдацца і беларусам: «Мова, якую падтрымлівае хутчэй школа, чым штодзённыя размовы ў сям’і, зь сябрамі і падчас разнастайных грамадзкіх кантактаў — дажывае свой век».

«Мова, якую падтрымлівае хутчэй школа, чым штодзённыя размовы ў сям’і, зь сябрамі і падчас разнастайных грамадзкіх кантактаў — дажывае свой век»

Ці чулі вы пра такую мову, як манэгаская? Я, шчыра кажучы, ня чуў, пакуль не прачытаў кніжку Дорэна. Мовазнаўцы кваліфікуюць манэгаскую мову як гаворку аднаго маргінальнага італьянскага дыялекту, але, як аказваецца, гэтая кваліфікацыя не перашкаджае манэгаскай гаворцы быць афіцыйнай мовай Княства Манака. Манэгаская мова мае каля 100 жывых носьбітаў, але самае неверагоднае ў гэтай гісторыі тое, што адукацыя ў школах Княства Манака адбываецца якраз на гэтай італьянскай гаворцы. І дзеці тых міжнародных багацеяў, якія пасяліліся ў княстве, каб не плаціць падаткаў і багацець яшчэ больш, вучацца матэматыцы і хіміі, ня кажучы пра літаратуру, на гэтай неверагоднай мове, на якой насамрэч ніхто не напісаў ні аднаго талковага раману ні нават аповесьці. І яшчэ: чыста палітычна Княства Манака зьяўляецца часткай Францыі — у Францыі, акрамя францускай мовы, ёсьць яшчэ з паўтузіна іншых моваў з сотнямі тысяч ці нават мільёнамі носьбітаў, але на ніводнай зь іх не вывучаюць матэматыкі ў школе. А на манагаскай — калі ласка...

Дык вось, уся кніжка Дорэна складаецца якраз з такіх нечаканых паведамленьняў і фактаў, якія падаюцца ў даволі лёгкі, часам анэкдатычны спосаб. Гэта вінэгрэт, які ўзмоцніць апэтыт для ўсіх тых, якія цікавяцца мовамі, але баяцца ўзяцца за нешта акадэмічнае.

Якая мова ў Эўропе мае найлягчэйшы, найбольш натуральны правапіс — «пішам як чуем»? Фінская, хто б падумаў...

А якая мае самы цяжкі правапіс? Ангельская. Сур’ёзна. Паводле Дорэна, калі б кітайцы, дзеля распаўсюду сваёй мовы ў Эўропе, перайшлі на лацінскі альфабэтны запіс pinyin, кітайская як бач заняла б месца ангельскай у сьвеце. Зрэшты, як прарочыць аўтар, гэта раней ці пазьней і так адбудзецца. Кніжку варта прачытаць хаця б дзеля гэтага аднаго разьдзелу...

Якая мова ў Эўропе мае найлягчэйшы, найбольш натуральны правапіс — «пішам як чуем»? Фінская, хто б падумаў...

Расповеды Дорэна пра славянскія мовы не такія цікавыя для славянскага чытача, як для германскага або раманскага. Славянскія мовы са сваімі скланеньнямі і спражэньнямі настолькі цяжкія для немцаў, французаў і іншых лімбурцаў, што аўтар і не залазіць у гэтыя нетры. Але на прыкладзе азбукі расейскай мовы ён растлумачвае заходнікам, што кірыліца не зьяўляецца «кітайшчынай», і што заходні эўрапеец, які хадзіў у сярэднюю школу, насамрэч зможа чытаць кірылічны тэкст без адмысловай падрыхтоўкі. На прыкладзе украінскай мовы Дорэн растлумачвае немцам, французам, гішпанцам і ангельцам, чаму варта мець слоўца «свой» у сваім слоўніку — акрамя «мой», «твой», «яго», «яе» — як маюць яго славянскія мовы і скандынаўскія...

На прыкладзе моваў былой Югаславіі Дорэн ілюструе агульнавядомае выслоўе, што мова — гэта «дыялект з арміяй і флётам»...

А ці чуў Дорэн пра беларускую? А як жа.

А ці чуў Дорэн пра беларускую? А як жа. Беларускую мову аўтар прадстаўляе ў форме, так сказаць, палітычнай сатыры, зьмяшчаючы два даволі дасьціпныя лісты — першы ад абаронцаў беларускай мовы ў правапісе Тарашкевіча, а другі — ад прыхільнікаў наркамаўкі. Гэты беларускі разьдзел у кніжцы даволі добра ілюструе сутнасьць спрэчак паміж прыхільнікамі тарашкевіцы і наркамаўкі ў Беларусі недзе ў пачатку 1990-х. Аднак аўтар, так бы мовіць, ня цалкам «уехаў» у беларускія моўныя дылемы сёньняшняга дня і атаясамлівае абаронцаў наркамаўкі з урадам і афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай. Сапраўдная ж сытуацыя, як мы ведаем, не зусім такая, а можна сказаць, што і зусім не такая...

У кніжцы «Lingo» ёсьць таксама разьдзел пра мовы жэстаў. Аказваецца, іх у Эўропе амаль столькі, колькі фанэтычных моваў. Але мовы жэстаў падзяляюцца інакш, чым звычайныя мовы. Напрыклад, швэдзкая, фінская і партугальская мовы жэстаў даволі падобныя і належаць да адной сям’і. А іх фанэтычныя адпаведнікі належаць да розных сем’яў — да германскай, вугра-фінскай і раманскай адпаведна.

На сьвеце сёньня каля 500 моваў, якія маюць менш чым сотню носьбітаў. І ёсьць каля 50 моваў, у якіх застаўся толькі адзін жывы носьбіт, паведамляе Гастан Дорэн. Мовы няўхільна адміраюць. Час ад часу здараецца аднак, што адна зь іх уваскрасае, хоць і не зусім у такім выглядзе, як у сваім першым жыцьці. Такі цуд здарыўся з корнскай мовай, якая памерла ў 18-м стагодзьдзі і адрадзілася ў 20-м. Расповед пра тое, як за гэта змагаліся «адраджальнікі» і што атрымалася, таксама знойдзем у кніжцы Гастана Дорэна.

Адназначна вартая чытанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG