Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску зноў зьбяруцца перамоўнікі па Данбасе


Фота зь мінулага пасяджэньня кантактнай групы па Ўкраіне 6 траўня 2015 году. Прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Уладзіслаў Дайнэга і Дзяніс Пушылін (справа).

Фота зь мінулага пасяджэньня кантактнай групы па Ўкраіне 6 траўня 2015 году. Прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Уладзіслаў Дайнэга і Дзяніс Пушылін (справа).

Кантактная група па мірным урэгуляванні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны зьбярэцца ў аўторак у Менску на чарговае пасяджэньне.

Сустрэчы будуць папярэднічаць пасяджэньні чатырох працоўных падгрупаў па гуманітарных, палітычных, эканамічных пытаньнях і пытаньнях бясьпекі. Паводле прадстаўніка Кіева на перамовах — былога ўкраінскага прэзыдэнта Леаніда Кучмы, адно з галоўных пытаньняў цяперашняга этапу кансультацыяў — дэмілітарызацыя Шырокіна каля Марыюпаля і адвод ад лініі сутыкненьня ўзбраеньняў калібрам ня менш за 100 мілімэтраў — мінамётаў і танкаў, перадае «Інтэрфакс».

У панядзелак паведамлялася пра гібель пры абстрэлах у Данбасе пяці чалавек, чацьвёра зь якіх — байцы ўрадавых сілаў, яшчэ адзін — жыхар пасёлка Шырокіна.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд у тэлефоннай размове з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным на мінулым тыдні заклікалі Маскву садзейнічаць больш хуткай рэалізацыі пунктаў падпісанага ў лютым пагадненьня аб спыненьні агню на ўсходзе Ўкраіны. Яны таксама падкрэсьлілі, што хацелі б бачыць «канкрэтныя вынікі» працы чатырох сфармаваных у траўні працоўных падгрупаў, якія 2 чэрвеня ўдзельнічаюць у перамовах ў Менску.

XS
SM
MD
LG