Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На журналістаў Белсату ў Берасьці напалі, а потым іх забралі ў пастарунак


Алесь Ляўчук (фота Міланы Харытонавай)

Алесь Ляўчук (фота Міланы Харытонавай)

Як паведамляе тэлеканал «Белсат», падчас здымак відэасюжэту да журналістаў Алеся Леўчука і Міланы Харытонавай падбег невядомы мужчына, спрабаваў забраць камэру ды паваліў Леўчука на зямлю. У справу ўмяшалася міліцыя, але ў пастарунак забралі журналістаў.

Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава здымалі сюжэт пра шкоду паленьня. Што за чалавек напаў на журналістаў, невядома.

Канфлікт адбыўся пасьля таго, як да журналістаў падбегла дзіця і пачало перашкаджаць здымаць. Мілана зрабіла заўвагу, пасьля чаго ўмяшаўся невядомы мужчына, імаверна, бацька хлопчыка. Ён пачаў штурхаць журналістаў і абражаць.

Журналістаў завезьлі ў пастарунак ды ўзялі тлумачэньні. Паводле Алеся Леўчука, міліцыянэры паводзілі сябе карэктна.

Раней Алеся Леўчука перасьледавалі за супрацу з «Белсатам». Упершыню суд адбыўся яшчэ ў сьнежні 2014 году — на падставе часткі 2 артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»). Судзьдзя Ларыса Назарэнка аштрафавала журналіста на 6 мільёнаў рублёў.

У сакавіку 2015 году судзьдзя Раман Карабан аштрафаваў Алеся Ляўчука за супрацу з «Белсатам» амаль на 4 мільёны рублёў.

Сёньня ж суд Дзяржынскага раёну пакараў штрафам журналістаў Вольгу Чайчыц і Сяргея Краўчука на 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў кожнага, абвінаваціўшы іх у працы на тэлеканал «Белсат» без акрэдытацыі.

XS
SM
MD
LG