Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая газета»: расейскага бізнэсоўца арыштавалі ў Беларусі і вывезьлі ў Расею


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску

Пра лёс прадпрымальніка Максіма Фінскага піша «Новая газета».

У Расеі Максім Фінскі вядомы як даўні бізнэс-партнэр Міхаіла Прохарава — да прыкладу, у 2001-2008 гадах ён працаваў намесьнікам генэральнага дырэктара «Нарыльскага нікеля» і доўгія гады займаў ключавыя пазыцыі ў групе «Онэксим».

У «Онэксим» адмаўляюць дачыненьне да арганізацыі уцёкаў Максіма Фінскага з Расеі, але не хаваюць, што 7 красавіка 2015 году ён быў вызвалены ад пасады старшыні рады дырэктараў кампаніі «Интегро». Як заявіў «Новой газете» Андрэй Бяляк, PR-дырэктар групы «Онэксим», Максім Фінскі застаецца чальцом рады дырэктараў «Интегро», яму належыць 1% акцый кампаніі (астатнія 99% належаць Прохараву).

Дзе сёньня знаходзіцца мільянэр, багацьце якога ў 2011 годзе ацэньвалася на 360 мільёнаў даляраў, дакладна невядома, хоць на мінулым тыдні зьявілася інфармацыя аб затрыманьні Фінскага ў менскім аэрапорце пры рэгістрацыі на рэйс, які вылятаў у Франкфурт-на-Майне.

Аднак начальнік прэсавай службы КДБ Беларусі Дзьмітры Пабяржын заявіў, што «ў СІЗА КДБ Максім Фінскі ня ўтрымліваецца». Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі таксама абверг інфармацыю аб затрыманьні расейскага бізнэсоўца, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што пасажыра па прозьвішчы Фінскі ў менскім аэрапорце не было. Адхрысьцілася ад затрыманьня і міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Ня маюць інфармацыі аб Фінскім і ў пасольстве Расеі ў Беларусі. Ва ўсялякім выпадку, у дыпмісію не зьвярталіся ані Фінскі, ані яго сваякі, ані адвакаты.

Крыніцы «Новой газеты» ў Мінску выказалі вэрсію, што беларускія праваахоўнікі, не прызнаючы факт затрыманьня, насамрэч не хітруюць, таму што да іх яшчэ не паступілі дакумэнты з Расеі, якія пацьвярджаюць, што затрыманы ў аэрапорце Менску нехта Ўласаў і Максім Фінскі — гэта адзін і той жа чалавек. Да таго ж, паводле зьвестак выданьня, бізнэсоўца ўжо вывезьлі ў Расею.

У Маскве меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад хатнім арыштам у дачыненьні да Максіма Фінскага Таганскі суд Масквы абраў 20 сакавіка. Неўзабаве пасьля гэтага Фінскі схаваўся ад сьледзтва, і 9 красавіка той жа Таганскі райсуд Масквы вынес рашэньне аб завочным арышце бізнэсоўца і абвясьціў падазраванага ў вышук. Усе гэтыя судовыя рашэньні былі вынесены па крымінальнай справе, распачатай паводле артыкулу «Махлярства, зробленае арганізаванай групай, альбо ў асабліва буйным памеры»). Паводле «Новой газеты», падставай для расьсьледаваньня сталі непагашаныя крэдыты, якія былі выдадзеныя кампаніі White Tiger Gold (WTG) па здабычы золата.

Гэтую кампанію Максім Фінскі кантраляваў да сакавіка 2013 года, калі прадаў 49,5% іншаму акцыянэру, былому топ-мэнэджэру «Газпрому» Сяргею Янчукову. Аўдытарская праверка, праведзеная камандай Янчукова, паказала: WTG апынулася закрэдытаванай. У 2011 годзе пад асабістае ручальніцтва Фінскага гэтая кампанія атрымала 700 млн. рублёў у банку МФК і 300 млн. рублёў у Ашчадбанку. У сьнежні 2011 году WTG прыцягнула крэдытную лінію «ВТБ Капітал» на 150 мільёнаў даляраў. З гэтага ліміту было ўзята 80 млн. даляраў, пры гэтым палова сродкаў пайшла на рэфінансаваньне крэдытаў Ашчадбанку і МФК.

Спробы Янчукова ўрэгуляваць з Фінскім праблему з крэдыторскай запазычанасьцю посьпеху ня мела. Тады і зьявілася заява ў праваахоўныя органы і была распачатая крымінальная справа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG