Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхару Менскага раёну, якому пагражала сьмяротная кара, суд даў 20 гадоў зьняволеньня


Жыхар вёскі Дубаўляны Менскага раёну Кірыл Паборцаў прызнаны вінаватым у згвалтаваньні і забойстве 19-гадовай Вікторыі Ясель і пакараны 20 гадамі зьняволеньня.

Сваякам дзяўчыны ён мусіць выплаціць 300 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду. Прысуд вынесла судзьдзя Менскага абласнога суду Натальля Аляхновіч.

Жыхарка вёскі Міханавічы Вікторыя Ясель зьнікла 20 жніўня мінулага году ў Менску. Сьведкі ў Менску бачылі, як дзяўчына пасьля працы сядала ў аўтамабіль «Мэрсэдэс» серабрыстага колеру, за рулём якога сядзеў невядомы малады мужчына. Сярод знаёмых Вікторыі Ясель аказаўся Кірыл Паборцаў, які езьдзіў на падобным аўтамабілі. Калі сьледчыя пачалі дапытваць маладога чалавека і ягоных сваякоў ды сяброў, то ў паказаньнях выявілася шмат несупадзеньняў. Урэшце Кірыл Паборцаў прызнаўся, што выпадкова задушыў Вікторыю Ясель, цела якой закапаў непадалёк ад Менску. Экспэртыза ж выявіла, што перад сьмерцю дзяўчына была згвалтаваная.

За згвалтаваньне і забойства Кірылу Паборцаву пагражала сьмяротная кара. Суд над Паборцавым праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Пасьля прысуду адвакат Руслан Якаўлеў заявіў, што ягоны падабаронны будзе абскарджваць прысуд, бо прызнае сваю віну часткова — толькі ў ненаўмысным забойстве. Маці абвінавачанага пасьля суду заявіла журналістам, што ня верыць у віну Кірыла Паборцава ў згвалтаваньні,.

Дзяржаўны абвінаваўца ў працэсе прасіла для Паборцава 22 гады зьняволеньня. Па заканчэньні суду пракурор сказала, што прысудам задаволеная і абскарджваць яго ня будзе.

Кірылу Паборцаву ўсяго 21 год, ён жанаты і мае малое дзіця.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG