Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт генэрацыяў у паралельнай прасторы


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Прычына канфлікту генэрацыяў у беларускай літаратуры – у музыцы.

«Чукча не чытач, чукча пісач» – гэта не пра чукчу, гэта пра графамана. Што да пісьменьніка, ён, як і ўсе людзі, фармуецца пад уплывам і чытаньня, і глядзеньня, і слуханьня.

У савецкія часы маладыя шукальнікі новага былі абмежаваныя ва ўсіх відах мастацтва, апроч аднаго – музыкі. Праз трэск і шоргат кароткіх хваляў яны вылоўлівалі мэлёдыі «адтуль».

Толькі радыё давала магчымасьць пераступіць межы, у адрозьненьне ад кніжак, карцін, фільмаў і тэатральных пастановак.

Мой бацька нарадзіўся яшчэ пры жыцьці Сталіна, але ягонае сталеньне адбывалася ў катэгарычна іншых умовах, чым ягонага бацькі – майго дзеда – на вёсцы ў 1920-30 гадах. Школьны ВІА «пад Бітлоў», асяродак «парнату» і Тэатральна-мастацкага інстытуту не давалі шанцаў прапусьціць штосьці з навінак новай поп- і рок-культуры.

Творчым юнакам савецкая ўлада дазваляла значна больш, чым астатнім: гаварыць па-беларуску, насіць даўжэйшыя валасы, слухаць «буржуазныя» вінілы.

У новай генэрацыі «нефармалаў» інструктары па ідэалёгіі КПСС – нядаўна адарваныя ад сахі і станка – ня бачылі вялікай пагрозы, юнакі ўспрымаліся хутчэй фрыкамі: «Ну што зь іх возьмеш – творчыя людзі…». Маналіт сыстэмы рабочых і сялянаў падаваўся непарушным.

Чвэрць стагодзьдзя ўжо няма жалезнай заслоны. Яшчэ дажываў апошнія часіны СССР, а ў краіну паваліла інфармацыйнае цунамі: і плыткі, і кніжкі, і мастацкія альбомы, і фільмы. Да сярэдзіны 1990-х беларускае грамадзтва спатоліла культурны голад, і ўжо мела свае – новыя – культурныя набыткі. Цяпер інтэрнэт дае магчымасьць атрымаць амаль любую культурную інфармацыю.

Што не зьмянілася? Рэпрэсіўнасьць улады, якая імкнецца кантраляваць усе сфэры жыцьця: «Рабіце ў сеціве што заўгодна, але ў рэальным жыцьці вы атрымаеце ўмоўныя 2% плошчаў пад сваю дзейнасьць. Пляцоўкі пад выступы, каналы для распаўсюду прадукцыі і інфармацыі ў аналягавых СМІ, якія застаюцца самымі ўплывовымі ў краіне».

І вось у гэтых умоўных 2% вымушаныя суіснаваць вельмі розныя генэрацыйна і эстэтычна людзі, якіх аб'ядноўвае толькі адно – жыць паралельна дзяржаве зь ейнымі правіламі.

У іншай сытуацыі, напрыклад, Марыйка Мартысевіч ніколі б не перасеклася зь Віктарам Казько, бо ў краіне было б пяць «Гедройцяў», дзесяць літаратурных часопісаў, і сто пляцовак для выступаў аўтараў.

Колькі б мы ні спрабавалі гуляць па правілах адкрытага грамадзтва, разважаючы пра культурны мэнэджмэнт, прамоцыю і дыстрыбуцыю культурных прадуктаў, трэба памятаць пра тыя ўмоўныя 2%, якія нам адвялі як «нефармалам».

З той толькі розьніцай, што цяпер улада разумее, што «нефармалаў» значна болей, і што яны ня фрыкі, а людзі, якія ўплываюць на іншых людзей, часта неўсьвядомлена.

І як па мне, уплываюць пазытыўна, бо разрэджваюць камкі страху, што сядзяць душах людзей.

XS
SM
MD
LG