Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі сацыёляг распавёў, адкуль бяруцца кананічныя 86% падтрымкі Пуціна


Бюст Уладзіміра Пуціна ў выглядзе рымскага імпэратара
Бюст Уладзіміра Пуціна ў выглядзе рымскага імпэратара

Сацыёляг Леанід Сядоў — ў інтэрвію расейскай службе радыё Свабода аб рэйтынгу пустэчы, міфах, антызаходнім і праімпэрскім грамадзтве.

86% падтрымкі падтрымкі прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна, якія сталі кананічнымі, атрымалі пацьверджаньне ў апублікаваным у траўні 2015 апытаньні «Левада-цэнтру»: менавіта столькі адсоткаў апытаных пацьвердзілі, што ўхваляюць дзейнасьць прэзыдэнта. 13 працэнтаў яе не адобрылі.

60% пры гэтым палічылі, што справы ў краіне «ідуць у правільным кірунку», а 23% — што «падзеі вядуць нас у тупік».

Алкясей Навальны
Алкясей Навальны

Апазыцыйны лідэр Аляксей Навальны, выступаючы ў канцы траўня ў праграме Радыё Свабода і «Голасу Амерыкі», назваў рэйтынг Пуціна «рэйтынгам пустэчы»:

«Было б абсалютна аналягічна, калі б правялі апытаньне ў 1985 годзе, у 1986 годзе. У 1983 Канстанцін Усьцінавіч Чарненка паказаў бы рэйтынг у 99%. Хіба гэта нешта азначала б? Гэта не азначала б нічога. Заўтра тры рэпартажы па тэлебачаньні пра палац Пуціна ў Геленджыку — і ад 86% не застанецца нават шасьці».

Навальны таксама заўважыў, што тыя 14%, якія не выказваюць падтрымкі Пуціну, — «гэта велізарная колькасьць людзей. Гэта неймаверная колькасьць людзей».

Сапраўды, нягледзячы на крыху грэблівае стаўленьне да лічбы ў 13%, у маштабах Расеі гэта — мільёны людзей. А 23%, якія лічаць, што «падзеі вядуць у тупік» — гэта і зусім амаль чвэрць насельніцтва. Сацыёляг і палітоляг Леанід Сядоў згодны з тым, што гэта значная частка насельніцтва, і гэта можа служыць апорай апазыцыі, але пры гэтым заўважае, што гэтыя людзі — неаднастайныя, і іх прэтэнзіі да прэзыдэнта і яго палітыкі — самыя розныя, у іх трэба разьбірацца. Тое ж датычыцца і тых, хто падтрымлівае Пуціна. Сядоў ня лічыць гэта спрэс «рэйтынгам пустаты».

«Вярніце нам нашага прэзыдэнта»​

Сядоў: Рэйтынг, вядома, нездаровы, у тым сэнсе, што ён вельмі высокі. Але тут трэба больш тонка разьбірацца, зь якіх катэгорыяў людзей складаецца гэтая высокая лічба. Мне думаецца, што ня так ужо гэта ўсё бяскрыўдна. Таму што, скажам, калі рэжым падзе, як пра гэта задумваецца Навальны і да чаго імкнуцца апазыцыянэры, я мяркую, што даволі многія людзі выйдуць на вуліцы і скажуць: «Вярніце нам нашага прэзыдэнта». У папярэднія дзесяцігодзьдзі ўхвала курсу засноўвалася ў асноўным на матэрыяльнай задаволенасьці, быў рост жыцьцёвага ўзроўню за кошт нафтавых коштаў і іншага. Потым зьявіліся людзі, якія ўхвалілі зьнешнепалітычны курс, далучэньне Крыму, паўстала эйфарыя шавіністычная, экспансіянісцкая, агрэсіўная, ўзровень ухвалы моцна вырас, а разам зь ім і рэйтынг прэзыдэнта, натуральна.

Тэлевізар перадае адно, а лядоўня вяшчае пра іншае​

РС: Па вялікім рахунку, насельніцтва арыентуецца на тое, што бачыць у тэлевізары, гэта называецца цяпер «бітвай тэлевізара зь лядоўняй». Мне здаецца, што грамадзтва жыве ў нейкіх міфах. Першы — што ў яго па-ранейшаму ўсё добра з эканамічнага пункту гледжаньня, гэты міф застаўся з 2000-х. (У лядоўні, дарэчы, нечага, што можна назваць катастрофай, не назіраецца, але ўзровень жыцьця не расьце так, як ён рос ўсе 2000-я гады). А другі міф — што Расея зараз адраджае вялікую імпэрыю, якая была зьнішчаная ў выніку крушэньня Савецкага Саюзу. Гэтыя міфы, калі вы згодныя з тым, што яны існуюць, могуць уступіць у жорсткае сутыкненьне з рэальнасьцю?

Сядоў: Увогуле, так, вядома, тэлевізар перадае адно, а лядоўня вяшчае пра іншае. Мне здаецца, што ўжо досыць хутка ўсе гэтыя наступствы санкцый і санкцый у адказ з боку расейскіх уладаў, усё гэта прывядзе да прыкметнага пагаршэньня жыцьця. Гэта будзе адной з падставаў палітычных пераменаў, можа быць, нават падзеньня рэжыму. Гэтак жа, як мне здаецца, пераможны міф у выпадку вялікіх ваенных сутыкненьняў (можа быць, з удзелам НАТА), таксама асуджаны на разьвянчаньне. Наперадзе, як мне здаецца, нас чакаюць вельмі сур’ёзныя перамены ў гэтых настроях, тое, што вы называеце міфам, будзе разьвянчанае і выкрытае.

РС: Вы страшную рэч сказалі — пра вялікія сутыкненьні, у тым ліку з НАТА. Мне здаецца, што расейскаму грамадзтву ўласьцівы імпэрскі комплекс, ня Пуцін прыдумаў яго, Пуцін толькі выкарыстоўвае гэта, каналізуе тыя пачуцьці, якія адчувае насельніцтва. Вам здаецца, што грамадзтва можа пазбавіцца ад імпэрскага комплексу толькі ў выніку такіх цяжкіх сутыкненьняў?

Гэта такі эфэкт Паўночнай Карэі.​

Сядоў: Пуцін і прапаганда ідуць насустрач гэтым сапраўды ўласьцівым большасьці насельніцтва настроям, цывілізацыйным асаблівасьцям нашых людзей, якія спрадвеку былі настроеныя на антызаходні і праімпэрскі лад. Што тычыцца пераменаў у такога кшталту культурных асаблівасьцях, то яны заўсёды ажыцьцяўляюцца ў выніку сур’ёзных узрушэньняў. Эўропа перажыла сур’ёзныя ўзрушэньні ў свой час. Пратэстанцкая культура, Адраджэньне было наступствам сур’ёзных узрушэньняў, крыжовых паходаў, чумных эпідэміяў і гэтак далей. Эўропа перажыла гэтыя ўзрушэньні, у выніку зьмяніўся культурны тып, мэнталітэт людзей. Такая ж гісторыя і тут. Гэтыя міфы жывуць, калі заўгодна, у тоўшчы насельніцтва, яны падаграваюцца з боку ўлады, у выніку, калі адбываюцца нейкія сур’ёзныя няўдачы ў эканоміцы, у палітыцы, то чакаюцца сур’ёзныя перамены і ў гэтых настроях.

РС: Расейскія ўлады кажуць: так, зараз будзе эканамічна горш, таму што гэта інтрыгі зласьлівага Захаду. І ў прынцыпе, насельніцтва гатовае з гэтым мірыцца, прынамсі цяпер. Гэта такі эфэкт Паўночнай Карэі. Людзі вінавацяць ва ўсіх сваіх бедах зусім ня ўласнага кіраўніка, а інтрыгі Захаду. То бок, у мяне няма ўпэўненасьці, што любыя эканамічныя цяжкасьці прывядуць грамадзтва да нейкай зьмены.

Сядоў: Вы маеце рацыю, вядома, гэты тэзіс пра тое, што ва ўсім вінаваты Захад, падхопліваецца насельніцтвам. Але ў той жа час, я думаю, ёсьць вялікая колькасьць разважных людзей, якія разумеюць прыроду гэтых цяжкасьцяў іншым чынам і досыць разумна перакладаюць віну на ўласную ўладу. Так што тут ня так усё адназначна. Можна, вядома, ва ўсім вінаваціць Амэрыку, але ня ўсе людзі паддаюцца гэтай прапагандзе.

РС: Зноў вернемся да інтэрвію Аляксея Навальнага, які сказаў, што вакол яго нармальныя людзі, зь якімі ён знойдзе агульную мову, нягледзячы на супярэчнасьці па Ўкраіне. І ёсьць карціна масавай гістэрыі. Зьяўляецца адчуваньне, што ёсьць адначасова дзьве рэальнасьці, і незразумела, якая правільная. У вас адчуваньне, які на самай справе народ?

Гэта сцэнар вялікай смуты.​

Сядоў: Ёсьць і тыя, і іншыя. Тыя нармальныя людзі, пра якіх кажа Навальны, яны ў нейкай колькасьці існуюць, і ёсьць тыя, хто азмрочаныя, заражаныя гэтымі адвечнымі забабонамі, калі заўгодна, адвечнай імпэрскай ідэалёгіяй, імкненьнем да велічы і гэтак далей. Суадносіны гэтых складнікаў — гэта трэба праводзіць асаблівае дасьледаваньне. Тая большасьць, якая падтрымлівае гэтую ідэалёгію, гэтую ўладу, падлягае абвальваньню, як гэта здарылася пры савецкай уладзе. Так, магчымы варыянт, калі гэта абрынецца, і даволі моцна, наступіць час наступнай перабудовы, калі заўгодна, як гэта здарылася ў 1980-я гады. Гэты варыянт цалкам верагодны. Гэтак жа, як і варыянт таго, што абрынецца рэжым ня толькі за кошт незадаволенасьці насельніцтва, а за кошт незадаволенасьці і расколу элітаў, пра што многія пішуць. Эліты таксама незадаволеныя тым, што цяперашняя палітыка прымушае іх адмовіцца ад вельмі многіх рэчаў, да якіх яны звыклі — ад іх свабоднага распараджэньня актывамі на Захадзе, ад паездак, ад таго, каб пасылаць дзяцей вучыцца. У эліце таксама насьпявае незадаволенасьць. Гэта можа спрыяць абвальваньню рэжыму. Але зь іншага боку, калі рэжым абрынецца, цалкам можна чакаць, што нейкія масы людзей з часткі грамадзтва, ляяльнай да ўлады, выйдуць на вуліцы з патрабаваньнем «вярніце нам нашага прэзыдэнта», як гэта здарылася ў Эгіпце, напрыклад. Гэта сцэнар вялікай смуты.

РС: Зараз нават на мітынгі ў падтрымку Пуціна людзей звозяць за грошы, праз спэцыяльныя сайты набіраюць масоўкі. Гэта дзіўна, быццам бы ёсьць гэтыя 86%, але на акцыю ў падтрымку любімага прэзыдэнта людзей звозяць з дапамогай грошай. Тут у мяне ўзьнікаюць сумневы, можа, вернай гвардыі і няма.

Смута менавіта таму, што грамадзтва расколатае.​

Сядоў: Многія сапраўды выказваюць сумневы ў тым, што людзі выйдуць, лічаць, што яны на словах адказваюць, а на справе ня здольныя да актыўнага выказваньня сваёй пазыцыі. Я думаю, што гэта памылка, я мяркую, што гэтыя людзі актывізуюцца, калі любімага імі прэзыдэнта раптам адхіляць ад улады, яны адрэагуюць на гэта актыўна.

РС: Гэта значыць, мала таго, што могуць быць выпрабаваньні на шляху да зьменаў ва ўладзе, яшчэ потым магчымая смута?

Сядоў: Так, магчымая смута. Смута менавіта таму, што грамадзтва расколатае. І гэта будзе мець характар досыць вострага супрацьстаяньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG