Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: Беларусь непадрыхтаваная да эканамічных шокаў


Пасяджэньне МВФ у Вашынгтоне 20 Красавіка 2013, архіўнае фота

Пасяджэньне МВФ у Вашынгтоне 20 Красавіка 2013, архіўнае фота

Выканаўчая рада МВФ падсумавала вынікі кансультацыяў зь беларускім урадам.

Згодна з тэкстам справаздачы, Беларусь застаецца непадрыхтаванай да эканамічных шокаў, што прадэманстравала сытуацыя на валютным рынку і рынку даўгавых абавязаньняў пры канцы мінулага году.

Частыя пэрыяды ўжываньня мераў макраэканамічнай палітыкі, накіраваныя на стымуляваньне эканомікі, ва ўмовах высокай структурнай нягнуткасьці справакавалі падвышэньне тэмпаў інфляцыі і ўзмацненьне зьнешніх дысбалянсаў. Усё гэта паставіла краіну ў залежнасьць ад эпізадычнай зьнешняй падтрымкі. Экспэрты МВФ адзначаюць, што выбарковае і больш жорсткае стаўленьне да эканамічнай палітыкі, а таксама чарговы крэдыт ад Расеі дапамагалі пераадольваць значныя зьнешнія дысбалянсы цягам большай часткі 2014 году. Тым ня меней, аслабленьне курсу расейскага рубля ў IV квартале пацягнула за сабой рэзкае ўзмацненьне ціску на валютным рынку Беларусі, што ўрэшце выклікала паэтапную дэвальвацыю беларускага рубля адносна даляра ЗША, якая пачалася пад канец сьнежня, у памеры 30%.

У той жа час рост рэальнага валавога ўнутранага прадукту ў 2014 годзе склаў прыкладна 1,5%, галоўным чынам дзякуючы аднаўленьню экспарту калійных угнаеньняў, а тэмпы інфляцыі вагаліся на ўзроўні 18%. У 2015-м тэмпы росту рэзка замарудзіліся ў выніку зьніжэньня эканамічнай актыўнасьці пад узьдзеяньнем высокага ўзроўню нявызначанасьці, скарачэньня рэальных даходаў, адміністрацыйных захадаў і зьніжэньня аб’ёму гандлю з Расеяй.

Інфляцыйны эфэкт аслабленьня абменнага курсу ўдалося зьмякчыць дзякуючы забароне на падвышэньне коштаў, якая ўрэшце была зьнятая ў красавіку. Абменны курс стабілізаваўся, а спрэды па аблігацыях скараціліся, у той час як макраэканамічная палітыка зазнала далейшае ўзмацненьне жорсткасьці на фоне абмежаванасьці зьнешняга фінансаваньня.

Прагноз экспэртаў МВФ сьведчыць пра рэцэсію і захаваньне зьнешняга ціску. З улікам таго, што Расея, найбуйнейшы гандлёвы партнэр Беларусі, перажывае эканамічны спад, прагназуецца, што ў 2015 годзе беларуская эканоміка скароціцца на 2,5%, у першую чаргу з прычыны зьніжэньня аб’ёму экспарту. Чакаецца, што дэфіцыт рахунку бягучых апэрацыяў застанецца прыблізна на ўзроўні 7% ВУП, павялічваючы значныя патрэбы ў фінансаваньні. Паводле прагнозаў, у гэтым годзе дэвальвацыя спрычыніць рост інфляцыі да 22%, нягледзячы на слабы ўнутраны попыт. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве чакаецца, што абмежаваньні ў фінансаваньні выклічуць карэкціроўку рахунку бягучых апэрацыяў, а з прычыны структурнай нягнуткасьці рост застанецца нізкім.

XS
SM
MD
LG