Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крызісу ў нас няма, ёсьць пэўныя цяжкасьці», — магілёўскі чыноўнік


Belarus - (Not so) merry pictures, for all topics, 30Dec2011

Belarus - (Not so) merry pictures, for all topics, 30Dec2011

У праблемах беларускай эканомікі вінаватыя суседзі, мяркуе намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Віктар Некрашэвіч.

Карэспандэнту Свабоды ўдалося датэлефанавацца да намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Віктара Некрашэвіча, які ў мінулую суботу праводзіў «прамую лінію» з жыхарамі вобласьці.

Датэлефанавацца да Віктара Некрашэвіча ўдалося празь дзьве гадзіны, як ён пачаў прымаць званкі ад насельніцтва.

Пытаньне гучала так: «Ці мае выканаўчая ўлада вобласьці плян дзеяньняў па выхадзе эканомікі рэгіёну з крызісу і ў чым такія дзеяньні заключаюцца? У вобласьці затрымліваецца выплата заробкаў, затавараныя склады, уведзены няпоўны працоўны дзень на шэрагу прадпрыемстваў».

Адказ заняў крыху больш за паўтары хвіліны.

«Вы задаяце такое пытаньне, нібыта на выканкаме. Я вам адкажу шчыра, што ёсьць праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёну. І тое, што ёсьць праблемы, як вы сказалі, з выплатай заробкаў, затаваранасьцю складоў, — на жаль, гэта праблемы сыстэмныя, то бок гэта праблемы нашых суседзяў.

Ва Ўкраіне, вы ж ведаеце, ідзе вайна. У Расеі — наш асноўны гандлёвы партнэр, які мае ад 70–90 працэнтаў узаемасувязяў з нашымі прадпрыемствамі, — яны таксама праселі. Таму мы ў гэтай камандзе таксама маем праблемы, як і ў нашых суседзяў. Гэта першае.

Другое. У нас выйсьце — гэта дывэрсыфікацыя рынкаў нашых прадпрыемстваў, каб прадаваць канкурэнтаздольную прадукцыю на іншыя рынкі, не традыцыйныя, умоўна кажучы. Калі, да прыкладу, „Бабушкіна крынка“ ў нас завязаная на 90 працэнтаў на Расею, то мы актывізуем дзеяньні гэтага прадпрыемства, каб яно прадавала прадукцыю і ў Эўропу, і ў Казахстан, і Кітай, і нават у Амэрыку.

Таму ёсьць, у прынцыпе, комплекс мерапрыемстваў, якія могуць дазволіць на сёньняшні дзень выканаць той прагноз, які нам даведзены — 100,9% па году. Гэта працэнт прамысловай вытворчасьці, экспарт, і ў выніку — заробак і падаткі.

Таму я ня думаю, што цяперашнюю сытуацыю можна назваць нейкім крызісам. Вы ж ведаеце, што крызіс у нас у галаве. Таму крызісу як такога ў нас няма. Ёсьць пэўныя цяжкасьці, зь якімі вобласьць, у прынцыпе, можа разабрацца, і Беларусь у тым ліку».

Пётар Мігурскі

Пётар Мігурскі

Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі не згаджаецца з аптымістычнымі прагнозамі Віктара Некрашэвіча. Ён лічыць, што рэгіянальная эканоміка ўступіла ў пэрыяд доўгатэрміновай стагнацыі. На думку экспэрта, чыноўнікі цяпер выкарыстоўваць праблемы ў суседніх краінах, каб схаваць пралікі ў стратэгічным плянаваньні беларускай эканомікі.

«Мы дагэтуль падладжвалі сваю вытворчасьць пад расейскія рынкі, а гэта ўжо само па сабе непрадуктыўна, бо ўзровень спажываньня на Ўсходзе і Захадзе — розныя рэчы. Калі мы працуем на заходнія рынкі, то імкнёмся, каб прадукцыя была канкурэнтаздольная па якасьці і цане. А ў нас гэтага няма. У аснове нашых правалаў ляжыць палітыка нашага ўраду, якая скіраваная, у значнай ступені, на канфрантацыю з разьвітымі краінамі сьвету, таму мы і маем заканамерны вынік», — выказваецца эканаміст.

Пётар Мігурскі зазначае, што вярнуцца на ранейшы ўзровень эканомікі ня ўдасца, бо сьвет зьмяніўся.

«Залатога часу цяперашняй улады, які доўжыўся ад 2000 да 2008 году, ужо ня будзе», — лічыць ён.

«Звузіліся магчымасьці Расеі, якая супрацьпаставіла сябе ўсяму цывілізаванаму сьвету. Цывілізаваны сьвет адвярнуўся ад Расеі і партнэраў, якія працавалі зь ёй. Расклад сіл ва ўсясьветнай эканоміцы не дазваляе цяпер казаць, што ў нас часовыя цяжкасьці. Варта казаць пра доўгатэрміновую стагнацыю, а мажліва, і пра эканамічную дэградацыю ўсёй краіны», — лічыць Пётар Мігурскі.

У суботу карэспандэнты Свабоды пастараліся дазваніцца таксама да намесьнікаў старшынь Віцебскага і Гарадзенскага выканкамаў. Да намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Эдуарда Дзям’янава датэлефанавацца не ўдалося — нумар быў увесь час заняты.

Затое ў Горадні наш карэспандэнт змог дазваніцца да намесьніка старшыні аблвыканкаму Віктара Лісковіча з пытаньнем пра закрыцьцё харчовых крамаў у раёне чыгуначнага вакзалу:

«Пэнсіянэры ня раз зьвярталіся з просьбай да гарадзкіх уладаў, каб крамы зноў адчынілі, бо ім цяжка і задалёка хадзіць у новы гіпэрмаркет».

Чыноўнік выслухаў карэспандэнта і пагадзіўся, што праблема існуе, бо ў раёне жыве шмат людзей пэнсійнага веку. Пазьней ён мне патлумачыў, што былая крама «Спутник» запрацуе ўжо бліжэйшым часам, можа нават на наступным тыдні. А вось наконт другой крамы, якая належыць прыватнаму прадпрымальніку, яснасьці пакуль няма.

XS
SM
MD
LG