Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Глобус нарадзіўся ў 1958 у Койданаве. У 1977 скончыў Менскую мастацкую вучэльню, а ў 1983 — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў мастаком, рэстаўратарам, рэдактарам. Цяпер займаецца выдавецкай справай. Заснаваў літаратурную прэмію «Залатая літара». Піша вершы, прозу і карціны. Жыве ў Менску. Сярод іншага, выдаў наступныя кнігі: «Парк» (1988), «Адзінота на стадыёне» (1989), «Скрыжаваньне» (1993), «Дамавікамэрон» (1994), «Толькі не гавары маёй маме» (1995), «Койданава» (1997), «Новы дамавікамэрон» (1998), «Сшыткі» (2003), «Дом» (2005), «сУчасьнікі» (2006), «Play.By» (2009).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Пішу для мастакоў, для любімых, для нашых і сваіх...

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Раніцай, за працоўным сталом...

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Калі вершы — «Новае неба»; калі мастацкая проза — «Дамавікамерон», калі дакумэнтальная літаратура — «Імёны»...

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

П’еро, які спрабуе сыграць ролю Арлекіна...

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Тэафраст, Сэй Сёнагон, Басё, Брыль і, зразумела, мой бацька — Чэсь Адамчык, гэта з хрэстаматыйнага. З жывога — люблю тых, каму даваў сваю літаратурную прэмію «Залатая літара».

6. Што вы цяпер чытаеце?

Шамфора «Максымы і думкі, характары і показкі».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Украінская і польская, зусім крыху літоўская; прынамсі яны ёсьць у маёй штодзённай фрэндстужцы...

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Раман «Дом»...

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Хутчэй — дапісаць... Кнігу з успамінамі пра школу, мастацкую вучэльню і тэатральна-мастацкі інстытут...

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Голым у сваім ложку...

Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця і працягнуць сябрамі журы гэтай прэміі. Далей мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG