Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька, Караткевіч, Калякін. Чым яны лепшыя за Лукашэнку?


Навошта апазыцыйныя кандыдаты сёлета ідуць на прэзыдэнцкія выбары? Чым яны лепшыя за Лукашэнку і адно за аднаго? Ці маюць яны рэцэпт вырашэньня эканамічных праблемаў? Чый, на іх погляд, Крым?

На гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце адказваюць палітыкі, вылучаныя сваімі арганізацыямі кандыдатамі ў прэзыдэнты — Сяргей Калякін, Тацьцяна Караткевіч і Анатоль Лябедзька.

Прапануем вам тэкст гутаркі ў скароце.

Дракахруст: Навошта вы ідзяце на выбары? Існуе меркаваньне, што выбараў у Беларусі даўно няма, што галасы ня лічацца. Дык нашто ўдзельнічаць у гэтым фарсе? Якія мэты вы ставіце перад сабой, беручы ўдзел у сёлетніх выбарах? Перамогу?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Калякін: Выбараў у нас сапраўды няма, бо ня лічаць галасы. Разам з тым ёсьць жыхары Беларусі, 7 мільёнаў выбарникаў, якія робяць свой выбар, куды краіне рухацца далей.

Галоўная мэта — гэта праца з выбарнікамі. Няважна, што галасы не падлічаць, галоўнае, каб людзі нас падтрымалі, падтрымалі тыя ідэі, зь якімі мы пойдзем на выбары.

Мы ідзем з выразнай альтэрнатывай, якую мы выпрацавалі зь іншымі левымі партыямі, якая была зацьверджаная ўвосень летась на форуме левых сілаў Беларусі.

Буду лічыць перамогай аб’яднаньне большасьці беларусаў вакол нашай ідэі мірных пераменаў

Караткевіч: Мы з калегамі па кааліцыі «Народны рэфэрэндум» за два апошнія гады абышлі прынамсі 300 тысячаў кватэраў, у 30 гарадах правялі грамадзкія слуханьні, пабывалі на асабістых прыёмах у 40 дэпутатаў палаты прадстаўнікоў і двух намесьнікаў міністраў. У выніку на сёньня мы сабралі 120 тысячаў подпісаў пад пытаньнямі «Народнага рэфэрэндуму». Гэтыя людзі павінны мець на прэзыдэнцкіх выбарах свайго прадстаўніка.

Што да перамогі, вось у Польшчы на выбарах перамог спадар Дуда. Калі я асабіста не перамагу, буду лічыць перамогай аб’яднаньне большасьці беларусаў вакол нашай ідэі мірных пераменаў.

Новую эканамічную альтэрнатыву можа даць прафэсійная каманда Аб’яднанай Грамадзянскай партыі

Лябедзька: Сацыялёгія сьведчыць пра тое, што большасьць грамадзянаў Беларусі хоча новую эканамічную альтэрнатыву. Хто яе можа даць? Адказ відавочны — прафэсійная каманда Аб’яднанай Грамадзянскай партыі.

Абноўленая праграма «Мільён новых працоўных месцаў» — гэта новыя магчымасьці і новая эканоміка.

Ёсьць рэальная пагроза легітымізацыі вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі без сумленных свабодных выбараў. Хто можа перадухіліць гэтую пагрозу? Каманда АГП гэта можа зрабіць.

У 2012 годзе мы прымалі ўдзел у выбарчай кампаніі, але мы гулялі па сваім сцэнары і накідалі яго ўладзе. Гэтак жа мы будзем рабіць і зараз.

Дракахруст: Палітыка — гэта не спаборніцтва ў сьціпласьці. Таму пытаньне — чым вы лепш за Лукашэнку і за іншых удзельнікаў нашай сёньняшняй гутаркі?

3 мільёны беларусаў лічаць, што парлямэнт ці Лукашэнка мусілі прызначыць «Народны рэфэрэндум»

Караткевіч: Я ўсё ж за сьціпласьць, зараз яе не хапае.

Але мяне натхняюць на барацьбу дзьве важныя рэчы.

Я — не кандыдат-адзіночка. Мяне вылучыла не адна арганізацыя, а кааліцыя чатырох найбуйнейшых дэмакратычных структураў.

Нашы супольныя ідэі, паводле сацыёлягаў, атрымалі магутную падтрымку: гэта 40% — 3 мільёны беларусаў, якія лічаць, што парлямэнт ці Лукашэнка мусілі прызначыць «Народны рэфэрэндум».

Гэта два моманты, якімі я адрозьніваюся ад іншых.

Стратэгія халявы і пугі за 20 гадоў сябе цалкам вычарпала

Лябедзька: Ад вас, Юры, я адрозьніваюся тым, што ў мяне няма такой шыкоўнай барады.

У карэце мінулага далёка не даедзеш. Лукашэнка — гэта ўчорашні дзень. Стратэгія халявы і пугі можа некалі была эфэктыўнай, але за 20 гадоў яна сябе цалкам вычарпала.

Праграма «Мільён новых працоўных месцаў» дае мне матывацыю на барацьбу.

Лепш-горш — гэта для шлюбнага бюро, калі выбіраюць нявесту, я проста іншы

Калякін: Лепш-горш — гэта для шлюбнага бюро, калі выбіраюць нявесту.

Я проста іншы, мы прапануем іншую мадэль палітычнага і сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, чым цяперашняя ўлада.

У нас іншыя падыходы, чым у Анатоля Лябедзькі, які зьяўляецца кіраўніком лібэральнай партыі.

Ёсьць людзі, якія маюць лібэральныя погляды і могуць яго падтрымаць, ёсьць людзі, якія прытрымліваюцца сацыяльных поглядаў, якія падтрымаюць мяне і прапановы маёй каманды.

Я не лічу калегаў, зь якімі я сёньня размаўляю, супернікамі ў прамым сэнсе гэтага слова. Бо выбараў няма. А так мы павінны папрацаваць і паказаць, што ў краіны ёсьць іншыя магчымасьці разьвіцьця.

Дракахруст: Назавіце тры самыя вострыя праблемы, якія, на ваш погляд, стаяць сёньня перад беларускім грамадзтвам.

Калі не мяняць эканамічную стратэгію, то праз 2-3 гады ў нас будзе каля мільёна беспрацоўных

Лябедзька: Першае — гэта праблема беспрацоўя і фінансавай нестабільнасьці. Калі не мяняць эканамічную стратэгію, то праз 2-3 гады ў нас будзе каля мільёна беспрацоўных.

Пры такой колькасьці беспрацоўных стане больш вострай праблема карупцыі. Сёньня яна складае прыкладна 30 мільярдаў даляраў.

Таксама наступствам стане павялічэньне доўгу, ужо сёньня кожны працоўны вінен 5 тысячаў даляраў. І толькі абслугоўваньне доўгу перавышае выдаткі на адукацыю ці на ахову здароўя ці на пабудову і рамонт дарогаў у Беларусі.

Самая галоўная праблема — гэта неканкурэнтаздольнасьць беларускай эканомікі

Калякін: Людзі хочуць, каб даходы былі вышэйшыя, а цэны — ніжэйшыя. Але зараз у нас цэны растуць хутчэй за даходы.

Але самая галоўная праблема — гэта неканкурэнтаздольнасьць беларускай эканомікі.

Эканоміка мусіць быць без падману, а сацыялка — без прыніжэньняў

Караткевіч: Першае — трэба, каб улада ставілася з павагай да людзей. Таму мы патрабуем выбарнасьці мэраў і абмежаваньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў двума тэрмінамі.

Другая праблема — эканоміка. Эканоміка мусіць быць без падману, а сацыялка — без прыніжэньняў.

І трэцяя праблема — гэта нацыянальная бясьпека. Трэба дамагацца, каб у Беларусі не было замежных ваенных базаў, каб не было ядзернай зброі. Трэба рушыць да сапраўднага нэўтралітэту.

Дракахруст: У эканоміцы Беларусі сёлета ўпершыню за шмат гадоў прагназуецца спад, зьніжаюцца рэальныя заробкі, расьце беспрацоўе. А калі вы ўсё ж станеце прэзыдэнтам, за кошт чаго вы маглі б зьмяніць гэтую сытуацыю?

Цяпер, ва ўмовах крызісу, нашая праграма актуальная як ніколі

Лябедзька: Новыя працоўныя месцы — лякаматыў зьменаў у Беларусі.

Цяперашні ўрад няздольны рэалізаваць такую палітыку. Яшчэ ў 2010 годзе мы прапанавалі ўладзе пачаць рэалізоўваць гэтую праграму. 5 гадоў страчаныя.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Каб рэалізаваць гэтую праграму, трэба штогод 5-7 мільярдаў прамых замежных інвэстыцый. У нас ёсьць асобныя прыклады — завод Штадлер пад Фаніпалем. Але іх павінны быць тысячы.

Цяпер, ва ўмовах крызісу, калі ў пэрспэктыве, — не мільён новых працоўных месцаў, а мільён новых беспрацоўных, нашая праграма актуальная як ніколі.

Дзяржава мусіць быць не камандзірам, а памочнікам усім суб’ектам гаспадараньня

Караткевіч: Сёньня ў нас дзяржава камандуе эканомікай. Насамрэч яна мусіць быць не камандзірам, а памочнікам усім суб’ектам гаспадараньня.

У першую чаргу мы створым умовы для разьвіцьця прадпрымальніцтва. Ня будзем зьнішчаць эфэктыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы, але лічым бессэнсоўным марнаваць сродкі на падтрымку абсалютна беспэрспэктыўнай вытворчасьці.

Мы плянуем аптымізаваць падатковую сыстэму, каб кожны мог мець стабільную працу і годны заробак. Для нас гэта і ёсьць — эканоміка без падману.

Лукашэнка нават і блізка ня левы, ён проста аўтакрат, усё астатняе ня мае значэньня

Калякін: Лукашэнка нават і блізка ня левы. Ён проста аўтакрат. Усё астатняе ня мае значэньня.

Прыгадваецца анэкдот. Ідзе пасяджэньне Вышэйшай рады саюзнай дзяржавы. Раптам Лукашэнку тэлефанаваньне. Ён бярэ слухалку і пачынае казаць: — Добрая, дрэнная, дрэнная, дрэнная, добрая, добрая... Праз пэўны час кладзе слухалку і тлумачыць Пуціну: — Вось народ, безь мяне нават бульбу перабраць ня могуць!

Я не лічу, што прэзыдэнт мусіць займацца ўсім. Ён павінен займацца кадрамі, якія будуць забясьпечваць выкананьне задачаў, якія стаяць перад краінай. Гэта — маё галоўнае адрозьненьне ад Лукашэнкі ў разуменьні ролі прэзыдэнта.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Ні ў мяне, ні ў маіх калег няма чароўнай палачкі, але ёсьць праблемы, якія трэба вырашыць адразу.

Патрэбная рэформа сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня. Цяпер яе паралізуе парадак, у якім адна асоба аддае ўсе загады і за ўсё адказвае. Патрэбная дэцэнтралізацыя ўлады, перадача паўнамоцтваў на месцах.

Трэба мяняць умовы гаспадараньня і інвэстыцыйную палітыку. Калі мы будзем працягваць гаварыць пра тое, што ў нас выканкамы будуць прызначаць кіраўнікоў прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці, ніякія інвэстыцыі сюды не прыйдуць.

І па трэцяе, трэба займацца забесьпячэньнем канкурэнтаздольнасьці. У нас цяпер укладаньні ў навуку — 0.4% ВУП, у разьвітых краінах — 2-5%. Можа, таму яны і разьвітыя.

Мы — за прагрэсіўны падаходны падатак. Несправядліва, калі жабрак і багач плацяць роўныя долі падатку.

Дракахруст: Наконт палітыкі афіцыйнага Менску ва ўкраінскім крызісе існуюць розныя ацэнкі. А што на пасадзе прэзыдэнта вы ў гэтым пытаньні рабілі б інакш? Публічна падтрымалі б Украіну, асудзілі палітыку Расеі, падтрымалі б Расею і прарасейскія сілы на ўсходзе Ўкраіны, зрабілі б нешта іншае? І, дарэчы, Крым — ён чый, на ваш погляд?

Я, як прэзыдэнт, выступіла б у падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны

Караткевіч: Расея і Ўкраіна — важнейшыя партнэры Беларусі. Нам важна сябраваць, гандляваць зь імі. Гэта — сарцавіна нашай палітыкі адказнага суседзтва. І Беларусь, і Расея, і Ўкраіна маюць права на сваю тэрытарыяльную цэласнасьць. Я, як прэзыдэнт, выступіла б у падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і рабіла б усё, каб канфлікт вырашыўся мірна.

Тацьцяна Караткевіч
Тацьцяна Караткевіч

Дракахруст: А вашае разуменьне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ўключае ў сябе Крым?

Караткевіч: Так.

Дзеяньні ўлады адносна ўкраінскіх падзеяў — рэдкі выпадак, калі я згодны зь яе дзеяньнямі

Калякін: Дзеяньні ўлады адносна ўкраінскіх падзеяў — рэдкі выпадак, калі я згодны зь яе дзеяньнямі. Калі б я быў прызыдэнтам, я б рабіў тое самае. Вельмі важна спыніць праліцьцё крыві, перавесьці гэта ў плашчыню палітычнага працэсу.

Мы ня ўдзельнікі канфлікту ані наўпрост, ані ўскосна. Ня думаю, што рэзка станавіцца на адзін з бакоў было б правільным.

А што да Крыму, то ён сёньня расейскі. Гэта зразумела, ён дэ-факта расейскі, там расейскія грошы ходзяць, там расейскія пэнсіі плацяць.

Роля Беларусі ва ўкраінскім пытаньні цяпер — роля афіцыянта, які носіць каву на падносе

Лябедзька: А чыя Вільня? Літоўская. Чый Калінінград? Расейскі. Чыя Аляска? Амэрыканская. Калі вы так адказваеце на гэтыя пытаньні, то відавочны ваш адказ на пытаньне, чый Крым.

Роля Беларусі ва ўкраінскім пытаньні зараз — роля афіцыянта, які носіць каву на падносе. Ня самая кепская, пагаджуся. Але гэта ніяк не ўплывае на бясьпеку Беларусі.

Нам трэба дамагацца напаўненьня Будапэшцкага мэмарандуму новым зьместам. Толькі гэты дакумэнт можа даць нам палітычныя, праўныя і ваенныя гарантыі бясьпекі.

У 1993 годзе Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі. Ядзерныя дзяржавы ўзялі на сябе абавязкі, якія сёньня не выконваюцца.

Мы павінны сказаць Абаму, Пуціну, Алянду, Кэмэрану, што 9.5 мільёнаў беларусаў чакаюць, каб вы падпісалі дакумэнт, дзе будуць прапісаныя эканамічныя і ваенныя санкцыі адносна тых, хто ня будзе выконваць свае абавязкі адносна Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG