Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брудная дванаццатка: Людзі, якія зьнішчалі Ўкраіну


Амэрыканскі штодзёньнік «Politico» склаў нечаканы рэйтынг людзей, якія прычыніліся да зьнішчэньня Ўкраіны. Матэрыял мае спрэчны характар. Выказвайцеся ў камэнтарах.

Амэрыканская газэта «Politico» піша, што «калі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін учыніў уварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2014 году, яму не давялося пачынаць з нуля. Пакаленьні расейскіх кіраўнікоў сталі прычынаю голаду на ўкраінскіх землях, дэпартацыяў і зьняволеньня мясцовага насельніцтва. Апроч Пуціна, украінскія алігархі адыгралі ролю ў спустошаньні краіны, а некаторыя нават фінансуюць сэпаратыстаў».

«Politico» прапануе свае высновы пра тых, хто «​зьнішчыў Украіну»​.

Матэрыял мае спрэчны характар. Публікуем яго ў мэтах палемікі. Выказвайцеся ў камэнтарах.

Багдан Хмяльніцкі (1595–1627)

Лідэр запароскіх казакоў, Хмяльніцкі пасьпяхова кіраваў паўстаньнем супраць польскага панаваньня ва Ўкраіне ў 1648 годзе. У 1654 на просьбу Хмяльніцкага Ўкраіна была ўключаная ў склад Маскоўскай дзяржавы. Пазьней пагадненьне стала прычынай польска-расейскай вайны,у выніку якой Кіеў апынуўся цалкам пад кантролем Масквы. Украіна стала вядомая як «Маларосія» — тэрмін, які Пуцін прыгадаў у 2009 годзе, праз чатыры стагодзьдзі. У гонар 300-годзьдзя Пераяслаўскай рады ў 1954 годзе Мікіта Хрушчоў падарыў Крымскую паўвыспу ЎССР.

Кацярына Вялікая (1729–1796)

Кацярына лічыла, што Расея павінна займаць актыўную пазыцыю на сусьветнай арэне. Важным кірункам зьнешняй палітыкі Кацярыны была Асманская імпэрыя, тэрыторыя Крыму і расейская вайсковая прысутнасьць на Чорным моры — бяз гэтага Пуціну значна цяжэй было б анэксаваць Крым летась. Большая частка паўднёвых і ўсходніх земляў сёньняшняй Украіны апынуліся пад расейскай уладай у выніку расейска-турэцкіх войнаў. Новыя заваяваныя тэрыторыі атрымалі назву «Наваросія». Назву, якую сэпаратысты выкарыстоўваюць у Данецку і Луганску. Кацярына Вялікая насяліла яе новыя землі расейцамі і ўвяла прыгоннае права для ўкраінцаў.

Ёсіф Сталін (1878–1953)

З 1932 па 1933 год праз Сталіна здарыўся масавы голад, які закрануў больш як тры мільёны ўкраінцаў. Шаснаццаць краінаў, у тым ліку ЗША, прызнаюць гэта сёньня генацыдам. Багатыя сяляне, або «кулакі» былі пазбаўленыя сваіх уладаньняў, прадстаўнікі інтэлігенцыі былі дэпартаваныя ў Сібір, была праведзена калектывізацыя. Мэтай Сталіна было падарваць усе нацыяналістычныя настроі ва Ўкраіне, зьменшыць насельніцтва, каб зямля заставалася пад ягоным кантролем.

Некаторыя кажуць, што Сталін дапамагаў умацаваць нацыянальную ідэнтычнасьць Украіны, прызнаўшы яе асобнай дзяржавай у межах Савецкага Саюзу. Але гэта не зьяўляецца апраўданьнем для масавых забойстваў.

Сьцяпан Бандэра (1909–1959)

Магчыма, адной з найбольш супярэчлівых фігур у найноўшай гісторыі Ўкраіны быў Сьцяпан Бандэра. Гэта быў нацыяналістычны лідэр, які зьвярнуўся да супрацы з нацыстамі, каб вызваліць Украіну ад Польшчы і савецкага кантролю. Ён стаў кіраўніком Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў ў 1933 годзе, а пазьней сфармаваў украінскую паўстанцкую армію (УПА), каб стварыць этнічна чыстую Ўкраіну без габрэяў, палякаў, расейцаў і іншых меншасьцяў. Падчас рэвалюцыі на Майдане партрэты Бандэры з гонарам трымалі пратэстоўцы на пляцы Незалежнасьці ў Кіеве, а яго імя стала візытнай карткай ультраправай палітычнай партыі «Правы сэктар». Пасьлядоўнікаў Бандэры называюць «бандэраўцамі». Гэты тэрмін часта выкарыстоўваюць расейскія СМІ, а ўкраінскі ўрад называюць «фашысцкай хунтай». Бандэра быў забіты КДБ ў 1959 годзе.

Віктар Януковіч (1950)

Падчас ягонага чатырохгадовага тэрміну на пасадзе прэзыдэнта, Януковічу і ягоным паплечнікам удалося скрасьці як найменей ^$350 мільёнаў са скарбніцы Ўкраіны. За гэтыя грошы ён пабудаваў раскошныя загарадныя рэзыдэнцыі. Марыянэтка Пуціна, Януковіч спачатку падтрымліваў далучэньне Ўкраіны да НАТО і Эўразьвязу, але пад ціскам Крамля адмовіўся падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам у лістападзе 2013 году, што выклікала пратэсты і рэвалюцыю. Януковіч уцёк з Украіны ў лютым 2014 году пасьля крывавых сутыкненьняў паміж яго сіламі бясьпекі і пратэстоўцамі, у выніку якіх загінула больш за 100 чалавек. Маштаб шкоды, якую ён прычыніў, дагэтуль невядомы.

Віктар Медзьвядчук (1954)

Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Пуціна і кіраўнік штабу былога ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Кучмы, Медзьвядчук стаў адным з галоўных прадстаўнікоў украінскага боку падчас перамоваў у вайне з Расеяй. Пуцін зьяўляецца хросным бацькам аднаго зь дзяцей Медзьведчука. Падчас увядзеньня санкцыяў пасьля анэксіі Крыму Медзьвядчук стаў «кур’ерам» паміж Пуціным і прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Сёлета ён прадстаўляў Украіну ў перамовах з прарасейскімі сэпаратыстамі, а таксама ў перамовах наконт абмену палоннымі. Магчыма, гэта тлумачыць, чаму спыненьня агню пасьля менскіх пагадненьняў няма.

Юлія Цімашэнка (1960)

Цімашэнка займала пасаду прэм’ер-міністра Ўкраіны пасьля Памаранчавай рэвалюцыі у 2005 годзе і пазьней зноў з 2007 па 2010. Яна зарабіла мільёны і мянушку «Газавая прынцэса». Яна стала гераіняй Памаранчавай рэвалюцыі, а пасьля ўзначаліла ўрад, які складаўся з палітычных вэтэранаў, няздольных прыняць абяцаныя рэформы. У 2011 годзе ўрад Януковіча прысудзіў яе да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля вызваленьня, калі Цімашэнка паспрабавала паўторна ўвайсьці ў палітыку, яе не падтрымалі.

Алігархі

Рынат Ахметаў
Рынат Ахметаў

Цяжка выбраць, хто менавіта з кіроўнага клясу алігархаў зрабіў найбольшую шкоду для Ўкраіны, ёсьць сярод іх выбітныя фігуры. Рынат Ахметаў, самы багаты чалавек Украіны, з капіталам $7,7 мільярдаў, які дапамог Віктару Януковічу прыйсьці да ўлады. Яго вінавацяць у фінансаваньні сэпаратыстаў. Дзьмітрый Фірташ, які цяпер «каштуе» ўсяго $500 мільёнаў, але зарабіў мільярды за кошт зьдзелак з расейскім «Газпромам». Украінскі прэзыдэнт Парашэнка, які і сам ёсьць алігархам. Ён абяцаў ачысьціць краіну ад алігархаў, але толькі, каб умацаваць сваю ўладу.

Арсэній Яцанюк (1974)

Яцанюк прыйшоў да ўлады ў якасьці выконваючага абавязкі прэм’ер-міністра пасьля зьвяржэньня Януковіча. Яцанюк прыняў бессэнсоўныя антыкамуністычныя законы, каб адцягнуць увагу ад усё мацнейшага палітычнага ціску. Чалавек, які мусіў вывесьці Ўкраіну зь яе карумпаванага мінулага, прынёс карупцыю ў яе будучыню.

Ангела Мэркель (1954)

Канцлер Нямеччыны, які вольна размаўляе па-расейску, узяла на сябе ініцыятыву ў перамовах Эўразьвязу з Пуціным з нагоды крызысу ва Ўкраіне і заслугоўвае адзначэньня за яе моцную дыпляматыю. Але пад яе кіраўніцтвам, Эўразьвяз пакінуў Украіну на пэрыфэрыі: санкцыі занадта доўга ўводзілі, як і дапамогу для збанкрутаванай краіны.

Амэрыканская кампанія Ketchum

З 2006 да сакавіка 2015 году амэрыканская піяр-кампанія Ketchum Inc. працавала з Пуціным і ягоным атачэньнем, каб палепшыць іх вобразы за мяжой, і зарабіла такім чынам каля 60 мільёнаў даляраў. Ketchum захоўвае свой кантракт з Газпрамам.

Уладзімір Пуцін (1952)

Найбруднейшы з усіх. Пуцін паклаў вока на Ўкраіну прынамсі ў 2008 годзе, калі ён сказаў прэзыдэнту Джорджу Бушу, што «Ўкраіна яшчэ не краіна». Уварваньне ва Ўкраіну павысіла ягоны рэйтынг у Расеі, адцягваючы ўвагу расейцаў ад складанай гаспадарчай сытуацыі. Ва Ўкраіне загінула ўжо больш за 6 тысяч украінцаў і неакрэсьленая колькасьць расейскіх жаўнераў. Ёсьць прыкметы таго, што кошт вайны можа легчы на Крэмль: прадстаўнікі сэпаратысцкіх рэспублік, абвясьцілі на мінулым тыдні, што праект «Наваросія» будзе спынены, бо гэта парушае ўмовы мірных перамоваў зь лютага. Калі гэта праўда, гэта было б першым дыпляматычным пагадненьнем Пуціна з моманту пачатку канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG