Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Ай, ну што там гэны ваш Менск – абы што: ні гісторыі, ні сваёй мовы, ні помнікаў архітэктуры, сталіншчына ў цэнтры ды спальныя раёны па баках.

Сапраўдная Беларусь у нас – у Малым Жамярышчы. Калярытныя дзяды, бабулі, мова ў іх засталася сакавітая, традыцыі памятаюць. А за пяцьдзясят кілямэтраў – Горадня, дзе столькі гістарычных помнікаў захавалася!».

Вось так, калі сьцісла, можна абазначыць пазыцыю «менскаскептыкаў». Назву вёскі ці гораду можна зьмяніць на іншую, але сутнасьць застанецца тая самая: Менск без аблічча, без традыцыі, без выразнай сутнасьці.

Некалькі гадоў таму я курыраваў фотаконкурс, дзе аматарам прапаноўвалі дасылаць здымкі ў рубрыкі «Людзі Беларусі» і «Краіна Беларусь». У першай пераважалі партрэты вясковых старых, а ў другім – храмы і паўразбураныя шляхецкія сядзібы. Сучаснасьці – мінімум.

Іншымі словамі: «Беларусь – гэта ня мы, гэта дзесьці там. За горадам і ў мінуўшчыне».

Vadzim Prakopčyk піша пра чужароднасьць гарадзкога чалавека на вёсцы, і пра праблему для мясцовага чалавека, калі побач селяцца людзі з гораду, уцекачы з мэгаполісу:

«Гарадзкі чалавек на вёсцы – гэта ў прынцыпе навалач. Але ёга, расейска-ангельскія крэмзаньні на дошках і тамтам – гэта ўжо рэальна праблема для тутэйшага чалавека».

Магчыма, аўтар мае на ўвазе, што панаехалыя зь Менску не прыўносяць нічога беларускага – «ёга, расейска-ангельскія крэмзаньні на дошках і тамтам».

А калі б «крэмзаньні» былі беларуска-ангельскія, а замест тамтаму была дуда? Думаю, многія бывалі ў сытуацыі, калі замілавана слухалі натуральную беларускую гаворку мясцовых вяскоўцаў, а калі пачыналі казаць сваёй літаратурнай беларускай мовай, чулі ў адказ рэзкі пераход на трасянку – на «гарадзкі язык». Бо ня свой.

Хочам мы таго, ці не, але ідзе незваротны працэс, калі аўтэнтыка сыходзіць разам зь вясковымі старымі. У асягальнай будучыні на вёсцы будуць жыць работнікі буйных прыватных фэрмаў і сфэры агратурызму. І, вядома, панаехалыя з гарадоў.

Менск – гэта плавільны кацёл, дзе абсалютная большасьць жыхароў альбо прыежджыя, альбо дзеці-унукі-праўнукі тых, хто прыехаў пасьля вайны. Усё тое асаблівае аўтэнтычнае, што прывозілася ў галовах, трапляла на пераплаўку савецка-расейскага ўзору.

І толькі дзесьці з 1980-х, на мой погляд, паступова пачала зьяўляцца новая – урбаністычная – адметнасьць і непаўторнасьць менчукоў.

Магчыма, калі-небудзь адбудзецца дэцэнтралізацыя Беларусі. Менск спыніць сваю ролю пупа краіны. Наваградак, Нясьвіж ці Глыбокае стануцца ўнівэрсытэцкімі гарадамі. Горадня – культурнай сталіцай, а Гомель – ІТ-цэнтрам. І новая сучасная беларуская ідэнтычнасьць раўнамерна разыдзецца па ўсёй Беларусі.

Новыя гаспадары пааднаўляюць сотні закінутых шляхецкіх сядзібаў. З храмаў і замкаў прыбяруць шклопакеты, і адрэстаўруюць іх па ўсіх правілах. А ў вымерлых вёсак будуць створаныя турыстычныя асяродкі.

А менчукі ў N-ым пакаленьні ня будуць адчуваць сябе, як цяпер, нейкай субэтнічнай меншасьцю ў сваім горадзе, як і жыхары іншых буйных гарадоў.

І ў саміх гарадах будуць абіраць сабе кіраўніцтва зь мясцовых людзей, якія будуць ставіцца да гораду не як да рабочага аб'екту, а як да свайго дому.

А пакуль Беларусь – гэта музэй руінаў, у рэштках якіх мы шукаем знакі, на якія можна абаперціся ў сваім канструяваньні ўласнай будучыні.

Сёньня Менск – гэта самы галоўны адбітак Беларусі. Краіны-катла, зь якога выплаўляецца штосьці новае. Ужо не зусім савецкае, але яшчэ не да канца сваё.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG