Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады абяцаюць рост тарыфаў у ЖКГ — 5 даляраў у год


Пра гэта заявіў сёньня, выступаючы на сумесным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі, віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін.

«Кіраўнік дзяржавы вызначыў падыходы да павелічэньня аплаты жыльлёва-камунальных паслуг. У гэтым рэжыме мы працавалі ў 2013 і 2014 гадах, працуем і ў 2015-м. Гэта 5 даляраў на год плюс індэксацыя ў залежнасьці ад росту прыбыткаў. Такія падыходы мы плянуем захаваць і ў 2016–2017 гадах.

У той жа час мы шукаем і новыя падыходы. Для кіраўніка дзяржавы мы рыхтуем праект указу аб безнаяўных жыльлёвых субсыдыях. Цяпер субсыдуецца галіна жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Мы хочам перайсьці на субсыдыяваньне карыстальнікаў жыльлёвых памяшканьняў. Хочам зрабіць гэта ў 2016 годзе, стварыўшы мэханізм абароны людзей зь нізкімі прыбыткамі».

Адначасова віцэ-прэм’ер запэўніў дэпутатаў, што рэзкіх ваганьняў у сфэры жыльлёва-камунальных паслуг урад не разглядае.

У размове з журналістамі спадар Калінін назваў і некаторыя канкрэтныя лічбы. Так, па выніках сёлетняга году мяркуецца, што насельніцтва наблізіцца да аплаты 40% выдаткаў, якія нясе дзяржава. Розныя паслугі аплачваюцца пакуль па-рознаму. Напрыклад, насельніцтва ўжо плаціць каля 80% кошту вывазу сьмецьця. А ў студзені 2016 году, калі плянуецца чарговае падвышэньне, вываз сьмецьця і карыстаньне ліфтам людзі стануць аплачваць поўнасьцю са сваёй кішэні.

Віцэ-прэм’ер патлумачыў, што ўрад ня ставіць мэтай, каб насельніцтва плаціла 100% за кожную паслугу. Тое ж забесьпячэньне цяплом — паслуга даволі дарагая. Але там, дзе гэта магчыма, доля аплаты паслуг насельніцтвам будзе павялічвацца, не выходзячы за межы 5 даляраў.

«Праверыць лічбы, якія называе віцэ-прэм’ер, немагчыма. Выключная непразрыстасьць жыльлёва-камунальнай гаспадаркі — яе галоўная бяда», — кажа, камэнтуючы сытуацыю для Свабоды, намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які шмат гадоў працаваў менавіта ў гэтай сфэры:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Да гэтай пары ні Калінін, ні міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (цяперашні і мінулы), ні былы старшыня Камітэту дзяржкантролю Якабсон, які гэтым займаўся, не разабраліся, якім чынам улады выходзяць на кошт камунальных паслугаў, што туды закладваецца. Нават Лукашэнка гэтага ня ведае. Летась ён казаў, што ня ўпэўнены, што насельніцтва плаціць 30%, ці 40%, ці 25%, можа, яно плаціць ужо 60% ці нават 80% кошту.

Вельмі часта прадпрыемствы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі закладаюць у разьлік не ўласьцівыя камунальнікам выдаткі. Вось прыклад. Два гады таму „Водаканал“ Магілёва купіў прагулачны катэр. Кошт гэтага катэра і яго абслугоўваньне кладуцца ў кошт асноўных паслуг прадпрыемства — і вады, і каналізацыі.

Пакуль нам усім не раскладуць па паліцах, што ўваходзіць у аплату коштаў, да гэтай пары ў ЖКГ будзе неразьбярыха.

Так, я згодны, што людзі павінны плаціць 100% камунальных паслуг. Але людзі павінны ведаць, што ўваходзіць у гэтыя 100%».

XS
SM
MD
LG