Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка шпіталізаванага з загадкавай хваробай расейскага апазыцыянэра дамагаецца яго вывазу за мяжу


Уладзімір Кара-Мурза-малодшы

Уладзімір Кара-Мурза-малодшы

Жонка расейскага апазыцыйнага актывіста Ўладзіміра Кара-Мурзы дамагаецца правядзеньня таксыкалягічнага абсьледаваньня мужа ў клініках Ізраілю ці Эўропы.

Уладзіміра Кара-Мурзу-малодшага шпіталізавалі ў аўторак у Маскве з-за раптоўнага пагаршэньня стану здароўя. Паводле ягонай жонкі Яўгеніі, у шпіталь ён трапіў з «сымптомамі атручаньня».

Уладзімір Кара-Мурза быў паплечнікам апазыцыянэра Барыса Нямцова, якога забілі ў лютым у Маскве,

«Яго стан не палепшыўся з таго часу; ён яшчэ не прыйшоў у прытомнасьць», — піша Яўгенія ў электронным лісьце, накіраваным расейскай службе Радыё Свабода і іншым СМІ. Паводле яе, гемадыяліз, праведзены ў выніку ныркавай недастатковасьці, «ня даў выніку», яна зьвярнулася з тым, каб Кара-Мурзу даставілі на самалёце «ў адну з клінік Эўропы ці Ізраілю з мэтай правядзеньня комплекснага таксыкалягічнага абсьледаваньня і лячэньня».

Бацька — Уладзімір Кара-Мурза-старэйшы, які зьяўляецца журналістам расейскай службы Радыё Свабода — распавёў, што «сытуацыя больш сур’ёзная, чым мы думалі».

«Ягоныя ныркі перасталі працаваць увечары. І Валодзя [Уладзімір Кара-Мурза-малодшы] жывы цяпер дзякуючы штучнай нырцы, дзякуючы гемадыялізу, які можа прывесьці да паталёгій іншых органаў. Ягоныя лёгкія штучна вэнтылююцца. Ён падлучаны да 10 прыладаў», — распавёў бацька Кара-Мурзы.

Уладзімір Кара-Мурза-старэйшы распавёў, што, паводле папярэдніх здагадак лекараў, адны таблеткі былі несумяшчальныя зь іншымі — гэткім чынам парушылася функцыя нырак,

Шпіталізавалі Кара-Мурзу-малодшага два дні таму з падазрэньнем на сардэчна-сасудзістую недастатковасьць. Пазьней гэты дыягназ не пацьвердзіўся.

Журналісту, палітыку, грамадзкаму дзеячу Ўладзіміру Кара-Мурзу — 33 гады. Ён — сябра палітрады апазыцыйнай партыі РПР-ПАРНАС, каардынатар створанай экс-кіраўніком ЮКАСу Міхаілам Хадаркоўскім грамадзкай арганізацыі «Адкрытая Расія». Ён таксама быў блізкім сябрам і паплечнікам Барыса Нямцова, якога забілі ў лютым у Маскве.

Кара-Мурзу стала кепска на другі дзень пасьля таго, як «Адкрытая Расея» выпусьціла дакумэнтальны фільм, у якім кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў абвінавачваецца ў карупцыі і парушэньнях правоў чалавека.

Сям’я актывіста занепакоеная, што ён мог стаць ахвярай несумленных гульняў, аднак падкрэсьліла, што доказаў для гэтага няма.

XS
SM
MD
LG