Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея адраклася ад палонных байцоў спэцназу ГРУ


Расея лічыць палонных Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева «наймітамі», якія ня маюць дачыненьня да расейскай арміі.

Як паведамляе ТСН, такую пазыцыю РФ агучыў консул Аляксей Грубы на сустрэчы з адвакатамі палонных расейцаў — Канстанцінам Краўчуком і Аксанай Сакалоўскай.

«На дадзены момант афіцыйная пазыцыя Расеі, па словах Грубага, такая, што гэтыя вайскоўцы, у якіх у сьнежні 2014-га скончыўся тэрмін кантракту (з войскам. — РС) — найміты і нічога агульнага з расейскай арміяй ня маюць», — паведаміў Краўчук.

У той жа час консул адзначыў, што Расея робіць усё магчымае, каб не дапусьціць выхаду такіх «наймітаў» за межы так званых «ЛНР» і «ДНР». Гэта, па словах дыплямата, шкодзіць іміджу Расеі.

Грубы запэўніў, што будзе наведваць Аляксандрава і Ерафеева ў шпіталі і спрабаваць забясьпечыць сувязь зь сям’ёй. Консул нават паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб сваякі прыехалі ў Кіеў і пераканаліся, што на арыштаваных няма ніякага ціску, што іх не катуюць, а наадварот — утрымліваюць у годных умовах і забясьпечваюць неабходнае лячэньне.

Між тым самі палонныя спэцназаўцы скардзяцца журналістам, што ніяк ня могуць датэлефанавацца да сваіх родных у Расеі.

«Ніколі такога не было, каб я маме тэлефанаваў, а яна слухаўку ня брала, — распавёў „Новой газете“ Аляксандраў. — З жонкай, калі яшчэ толькі сустракаліся, калі ў навучальныя камандзіроўкі там езьдзілі, заўсёды можна было датэлефанавацца, нават ноччу, а другой гадзіны ночы там, заўсёды ведаў, што яна возьме трубку. А цяпер...»

У шпіталі, дзе цяпер расейскія спэцназаўцы, лечацца і ўкраінскія вайскоўцы, аднак ахова агароджвае палонных ад кантактаў зь імі.

«З украінскімі вайскоўцамі мы ня маем зносін, — распавёў сяржант Аляксандраў. — Кажуць, што гэта дзеля нашай жа бясьпекі. Людзі ж пасьля вайны. Пытаньні ж [у іх да нас] застаюцца. Ніхто ж не разумее. Хоць глядзіш на іх, яны вяртаюцца як героі, годна вяртаюцца. Радзіма ад іх не адмаўляецца, нават ад тых, хто ў палоне пабываў. Клапоцяцца пра іх, спрабуюць вярнуць. А ў нас так цікава атрымліваецца. Зь дзяцінства вучаць патрыятызму і любові да радзімы... На самой справе патрыятызм у мяне нікуды, вядома, ня дзеўся. Радзіму люблю. Але Радзіма — гэта не дзяржаўны нейкі лад або дзяржаўныя лідэры. Гэта родныя людзі, сябры, проста суграмадзяне, родныя мясьціны. А дзяржава проста не зусім прыгожа чыніць, [калі] адмаўляецца. Тым больш яшчэ прыцягвае да гэтага сямейнікаў, дарагіх людзей. Не зусім па-чалавечы атрымліваецца...».

Капітан Ерафееў у гутарцы з «Новой газетой» са зьдзіўленьнем адзначыў, што з украінскага боку ваююць такія ж «рускія людзі»: «Менавіта рускія. Тут [з гэтага боку] таксама рускія, аказваецца. І многія ўкраінскай мовы ня ведаюць».

Расейскія вайскоўцы Яўген Ерафееў і Аляксандар Аляксандраў былі затрыманыя побач з горадам Шчасьце ў Луганскай вобласьці ў траўні. Палонныя заявілі, што служаць у 3-й брыгадзе спэцназу ГРУ, якая месьціцца ў Тальяці.

XS
SM
MD
LG