Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў — Алесь Суша

  • БелаПАН

Алесь Суша

Алесь Суша

Старшынём Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ) аднагалосна абраны намесьнік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасьці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кандыдат культуралёгіі Алесь Суша.

Такое рашэньне прынялі 29 траўня ў Менску дэлегаты VI Міжнароднага кангрэсу беларусістаў.

На гэтай пасадзе Суша зьмяніў ранейшага кіраўніка асацыяцыі — акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі гісторыка Міхаіла Касьцюка.

Зьвяртаючыся да дэлегатаў форуму, Суша адзначыў, што яшчэ нядаўна меў намер адмовіцца ад магчымасьці ўзначаліць МАБ, аднак цяпер «гатовы пераняць гэтую адказную працу».

Ён з упэўненасьцю заявіў, што «на працягу наступных пяці гадоў асацыяцыі трэба будзе мяняцца». МАБ, сказаў новаабраны старшыня арганізацыі, неабходна пашыраць геаграфію дзейнасьці і «амалоджваць свае шэрагі», а таксама «наладзіць супрацоўніцтва з дыпляматычнымі і культурнымі цэнтрамі Беларусі за мяжой».

«Мы павінны паказаць сваю неабходнасьць для беларускай дзяржавы і партнэраў, — падкрэсьліў Суша. — Трэба абгрунтаваць сваю важнасьць і быць цікавымі для тых, хто гатовы нам дапамагаць».

Унутраная камунікацыя сябраў МАБ, лічыць ён, таксама павінна зазнаць перамены: «Трэба ўваходзіць у сацыяльныя сеткі, праводзіць сустрэчы членаў камісіі дыстанцыйна ў рэжыме вэб-канферэнцыяў». «Карыстаючыся сучаснымі тэхналёгіямі, асацыяцыя можа пашырыць кантакты з маладымі дасьледчыкамі за мяжой», — дадаў Суша.

Новы кіраўнік асацыяцыі беларусістаў адзначыў, што менавіта МАБ павінна стаць ініцыятарам правядзеньня шматлікіх значных праектаў. Так, асацыяцыя павінна сама выйсьці з прапановамі, як адзначыць знакавыя даты бліжэйшага часу, сярод якіх 25-годзьдзе МАБ, 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня, 100-годзьдзе рэвалюцыі 1917 году, 950-годзьдзе Менску.

Міжнародная асацыяцыя беларусістаў — грамадзкае навуковае і культурна-асьветніцкае аб’яднаньне, створанае ў маі 1991 году. Сузаснавальнікамі МАБ выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ды шэраг міністэрстваў — адукацыі, культуры і замежных спраў. Арганізацыя аб’ядноўвае дасьледчыкаў у галінах сацыяльных і гуманітарных навук, выкладчыкаў, дзеячаў культуры і асьветы, перакладчыкаў, якія дасьледуюць культурна-гістарычную спадчыну і сучаснае разьвіцьцё беларускага народа, іншых спэцыялістаў.

XS
SM
MD
LG