Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Бабкоў нарадзіўся ў 1964 у Гомелі. У 1986 скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (аддзяленьне філязофіі) і асьпірантуру ў ім. Напрыканцы 1980-х быў сябрам літаратурных суполак «Бабілён» і «Тутэйшыя». Адзін з заснавальнікаў Беларускага калегіюму, выдаваў і рэдагаваў часопіс «Фрагмэнты». Паэт, празаік, філёзаф. Жыве ў Менску. Аўтар кнігаў: «Solus Rex» (паэзія), «Герой вайны за празрыстасьць» (паэзія), «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» (проза), «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру[і]наў» (эсэ), «Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб» (паэзія), «Хвілінка. Тры гісторыі» (проза). Узнагароды: 1993 — прэмія Гліняны Вялес за «Solus Rex»; 2005 — прэмія Залатая літара за кнігу «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньнi ру[i]наў»; 2011 — прэмія «Залаты апостраф»; 2014 — прэмія імя Гедройця і прэмія Вышаградзкай групы за кнігу «Хвілінка. Тры гісторыі».

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для тых, хто яшчэ не прачнуўся.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Дома, ад 7 да 11 раніцы. У кавярнях, ад 16 да 22.00. Заўсёды мусіць быць кава, спакой унутры і крыху адчаю.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Позьніх аповесьцяў Сэлінджара, «Стэпавага ваўка» Германа Гесэ, альбо, калі ўсё зусім кепска, «Кнігі неспакою» Фэрнанда Пэсоа.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ян Адам Марыя Клакоцкі.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Жылка.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Кнігу неспакою».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Ангельская, польская, француская, украінская, нямецкая (вельмі вельмі павольна).

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Solus Rex».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Не скажу.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

У пустым тралейбусе аб 11 гадзіне раніцы з нататнікам і без тэлефона.

Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця і працягнуць сябрамі журы гэтай прэміі. Далей мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG