Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Rock-Profi 2015»: песьня году — Гімн Эўрамайдану «Воины света»


28 траўня ў менскім клюбе «Хулиган» у трэці раз запар адбылася цырымонія адзначэньня лепшых здабыткаў у галіне папулярнай музыкі па выніках году.

Асаблівасьць гэтай прэміі палягае ў тым, што лепшых у розных намінацыях вызначаюць не музычныя крытыкі ды журналісты, а менавіта самі музыкі, якія ацэньваюць зробленае калегамі.

Гэтым разам у апытаньні, зарганізаваным студыяй «Осмос» і сайтам experty.by, узялі ўдзел 60 прадстаўнікоў беларускіх калектываў папулярнай музыкі і салістаў. Пры гэтым арганізатары цырымоніі назвалі «Rock-Profi» адзінай у Беларусі прафэсійнай прэміяй у гэтым музычным сэгмэнце. Выканаўцы папсовага накірунку ў якасьці прэтэндэнтаў на перамогу ў розных намінацыях не разглядаліся, таму можна ўспрымаць «Rock-Profi» як пэўную альтэрнатыву штогадовай дзяржаўнай музычнай цырымоніі «Ліра».

Узнагародай пераможцам цырымоніі зьяўляецца невялічкі, але важкі прамавугольны паралелепіпед вырабу Ўлада Казакоўскага з пасаджанай на верхняй грані звычайнай канцылярскай кнопкай, што нясе ў сабе пэўную двузначнасьць: звычайна прадстаўнікі музычнага цэху неахвотна аддаюць свае сымпатыі калегам. Зрэшты, на трэці год існаваньня прэміі пераможцы ў розных намінацыях былі вызначаныя без аніякіх скандалаў выключна дзякуючы колькасьці атрыманых галасоў.

Такім чынам, пераможцамі цырымоніі «Rock-Profi» па выніках 2014 году былі названыя наступныя намінанты:

«Дэбют году» — гурт «Tonquixod».

Лепшай песьняй мінулага году з больш чым ста, якія згадваліся ў галасаваньні, была названая песьня «Воины света» гурта «Ляпис Трубецкой».

Сярод гукарэжысэраў у намінацыі «Лепшы запіс» пераможцам быў названы Андрэй Жукаў, які працаваў над альбомам «Thou» трыё «Port Mone».

У намінацыі «За ўнёсак у беларускую музыку» быў адзначаны гурт «N.R.M.», пры гэтым, зважаючы на зьмены ў асабістым складзе калектыву, «N.R.M.» атрымаў адразу два дыплёмы.

У намінацыі «Лепшы альбом» разглядаліся 39 праграм, і лепшай зь іх прадстаўнікі беларускай альтэрнатыўнай музыкі назвалі альбом «Грамадазнаўства» Лявона Вольскага.

Нарэшце, у намінацыі «Артыст году» ўзнагароду атрымала трыё з Берасьця «Дай дорогу!».

З уласнымі праграмамі цягам цырымоніі выступілі гурты «Nizkiz», «Вирус Лиха», «Harotnica», Носорогов & Ko.

XS
SM
MD
LG