Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новага старшыню ФІФА будуць абіраць на фоне карупцыйнага скандалу


Супернікі на выбарах Ёзэф Блатэр, які балатуецца ўжо на пяты тэрмін, і ярданскі прынц Алі бін Аль-Хусэйн.

Супернікі на выбарах Ёзэф Блатэр, які балатуецца ўжо на пяты тэрмін, і ярданскі прынц Алі бін Аль-Хусэйн.

У швайцарскім горадзе Цюрыху ў 29 траўня пройдуць выбары прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі футбольных асацыяцый (ФІФА).

Галасаваньне будзе праводзіцца ў рамках 65-га кангрэсу Фэдэрацыі, які адкрыўся днём раней у Цюрыху. На пасаду прэтэндуюць цяперашні кіраўнік ФІФА 79-гадовы Ёзэф Блатэр, які балатуецца ўжо на пяты тэрмін, і ярданскі прынц Алі бін Аль-Хусэйн.

Выбары будуць праходзіць на фоне найбуйнейшага карупцыйнага скандалу ў гісторыі ФІФА. Раніцай у сераду стала вядома аб арышце ў Цюрыху некалькіх высокапастаўленых чыноўнікаў ФІФА, супраць якіх у ЗША вылучаныя абвінавачваньні ў хабарніцтве пры выбары месцаў правядзеньня сусьветных першынстваў па футболе, у махінацыях з заключэньнем маркетынгавых і вяшчальных зьдзелак, у махлярстве, рэкеце і адмываньні грошай.

Адначасова стала вядома, што канцылярыя генэральнага пракурора Швайцарыі завяла крымінальную справу ў дачыненьні да неўстаноўленых асоб, якія падазраюцца ў злоўжываньні паўнамоцтвамі на выбарах краін-гаспадынь чэмпіянатаў свету па футболе 2018 і 2022 гадоў, пераможцамі якіх сталі Расея і Катар.

Блатэр, выступаючы ў чацьвер на адкрыцці кангрэсу ФІФА, асудзіў дзеяньні «асобных асобаў», якія сталі прычынай ганьбы для футболу. «Лічыцца, што адказнасьць ляжыць на мне, але я не магу прасачыць за кожным», — адзначыў цяперашні прэзыдэнт ФІФА.

Кіраўнік УЭФА (Еўрапейскай феээрацыі футболу) Мішэль Плаціні пасьля тэрміновых кансультацый у Цюрыху заклікаў Блатэра падаць у адстаўку, на што апошні сказаў, што не пакіне пасаду.

Сярод тых, хто падтрымаў заклік да Блатэра аб адстаўцы,— брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмэран.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін назваў апошнія арышты функцыянэраў ФІФА спробай перашкодзіць пераабраньню Ёзэфа Блатэра.

XS
SM
MD
LG