Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ноў-хаў наваполацкай міліцыі: аштрафаваў актывіста — аштрафуй і яго сяброў


Ілюстрацыйнае фота, расьцяжка БХД у Віцебску

Ілюстрацыйнае фота, расьцяжка БХД у Віцебску

19 траўня ў Наваполацку быў затрыманы і аштрафаваны актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Зьміцер Дзякаў. Яго аштрафавалі на 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў) за парушэньне «Правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь». Дакладней кажучы, за тое, што на агароджы сквэру ў Наваполацку ён вывесіў расьцяжку зь літарамі «БХД».

Затрыманьне адбылося не адразу. Паводле хлопца, ён пасьпеў сустрэцца са сваімі сябрамі, прайсьціся зь імі па горадзе, і ўжо тады ўсіх трох затрымалі міліцыянты. Свайго ўчынку Зьміцер Дзякаў не адмаўляў, і тут жа ў пастарунку начальнік Наваполацкага гарадзкога аддзелу міліцыі Дзьмітры Разянкоў вынес пастанову пра штраф.

Але праз колькі дзён распачалося дзіўнае: пра тое, што іх аштрафавалі таксама, даведаліся сябры-спадарожнікі Зьмітра.

«Дзяўчыне, якая з намі была, патэлефанавалі назаўтра. Сказалі, што аштрафавалі на 10 базавых. Яна проста ў шоку: просіць, каб у СМІ не называлі яе імя, плача... Праз тыдзень штраф памерам 10 базавых велічынь атрымаў і другі мой знаёмы, Яўген Бялянка. Што цікава: я адразу ва ўсім прызнаўся, нічога не адмаўляў і маю самы большы штраф. Сябры не пагаджаліся, цьвердзілі, што нічога супрацьзаконнага не рабілі — і атрымалі штрафы меншыя, што супярэчыць лёгіцы. У маёй пастанове напісана, што гэта я вывесіў расьцяжку. А ў пастановах наконт штрафаў сябрам сказана, што нас, правапарушальнікаў, было трое. І доказы супраць маіх знаёмцаў вельмі дзіўныя. Першы — што відэакамэры на выхадзе з інтэрната запісалі, як мы выходзілі на вуліцу прыкладна ў аднолькавы час. А другі — што мы былі разам у той момант, калі нас затрымлівалі, а расьцяжка ўжо вісела», — распавёў Зьміцер Дзякаў.

Калі адбывалася затрыманьне, маладым людзям сказалі пра нейкую праверку — нібыта шукаюць тых, хто размаляваў будынак гарвыканкама. І што двое хлопцаў і дзяўчына нібыта падобныя да тых, хто гэта зрабіў. Толькі ў пастарунку патлумачылі, што сапраўдная прычына — усе ж расьцяжка зь літарамі «БХД». Затрыманыя разам са Зьмітром Дзякавым абмяркоўваюць магчымасьць абскардзіць штрафы.

XS
SM
MD
LG