Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы і ўкраінцы абвінавачваюць Facebook у блякаваньні старонак з палітычных прычынаў


Расейскія і ўкраінскія карыстальнікі лічаць, што блякаваньне старонак у сетцы Facebook выкарыстоўваецца Крамлём як сродак барацьбы зь іншадумствам. Група расейскіх і ўкраінскіх інтэлектуалаў зьвярнулася да адміністратараў сеткі Facebook у сувязі з тым, што старонкі некаторых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі блякаваліся з палітычных прычынаў.

У заяве гаворыцца, што армія правакатараў, якія знаходзяцца на дзяржаўнай зарплаце, падае тысячы заяваў аб парушэньні правілаў карыстаньня папулярнымі блогерамі, якія асьмельваюцца крытыкаваць расейскі ўрад.

Facebook рэагуе на гэтыя паведамленьні, блякуючы акаўнты вядомых украінскіх грамадзкіх дзеячоў і расейскіх апазыцыянэраў. У апошні час блякаваньні сталі настолькі частыя, што Facebook стаў эфэктыўным інструмэнтам Крамля, гаворыцца ў заяве.

Многія карыстальнікі скардзіліся адміністрацыі Facebook, што старонкі ў фэйсбуку блякуюцца без належнага расьсьледаваньня і без дастатковых прычынаў.

На жаль, адміністрацыя не паставілася да пытаньня дастаткова сур’ёзна, адзначаецца ў лісьце. У сваім нядаўнім адказе на скаргі ўкраінцаў Цукербэрг прызнаў толькі асобныя памылкі і абяцаў іх выправіць.
Аднак праблема пагаршаецца, гаворыцца ў заяве.

Праз тыдзень пасьля адказу Цукербэрга ў Facebook быў зноў заблякаваны профіль папулярнага расейскага блогера Рустэма Адагамава — з-за разьмяшчэньня фотаздымкаў нацысцкіх ёлачных цацак з музэйнай экспазыцыі ў Нарвэгіі.

Украінскі сучасны мастак і грамадзкі дзяяч Аляксандар Ройтбурд быў заблякаваны праз бяскрыўдны жарт пра старажытных габрэяў. Украінскі журналіст Андрэй Капусьцін быў заблякаваны з прычыны «аголеных» фотаздымкаў, на якіх у рэчаіснасьці былі намаляваныя цалкам апранутыя манэкены.

Сярод іншых папулярных карыстальнікаў, заблякаваных на гэтым тыдні — Барыслаў Бяроза, ўкраінскі палітычны дзяяч; Антон Красоўскі, расейскі журналіст і гей-актывіст; Слава Рабіновіч, расейскі фінансіст і блогер; Леанід Краснапольскі, украінскі валянтэр; Аляксей Лебядзінскі, папулярны сьпявак. Сьпіс вядомых расейскіх і ўкраінскіх дзеячоў, заблякаваных цягам апошніх тыдняў, уключае ў сябе ўкраінскіх журналістаў Вахтанга Кіпіані і Юрыя Бутусава, расейскага грамадзкага актывіста Сяргея Пархоменку, украінскага паэта Андрэя Бондара, блогера Антона Носіка і дзясяткі іншых імёнаў.

Аўтары пэтыцыі ня ведаюць, чаму Facebook з такой гатоўнасьцю блякуе людзей, якія пратэставалі супраць расейскай дзяржаўнай палітыкі, але лічаць, што прычына ня важная — паводле іх, важна тое, што Facebook ператварыўся ў паслухмяны інструмэнт, з дапамогай якога ўлады душаць свабоду слова.

«Мы заклікаем адміністрацыю Фэйсбука і асабіста Марка Цукербэрга перастаць перамяншаць маштабы праблем з мадэраваньнем сацыяльнай сеткі і зрабіць усё неабходнае для іх выпраўленьня ў самыя кароткія магчымыя тэрміны», — гаворыцца ў лісьце.

Ліст падпісалі Аляксей Навальны, Барыс Акунін, Андрэй Піянткоўскі, Вераніка Даліна, Рустэм Адагамаў, Сяргей Жадан, Андрэй Куркоў, Аляксей Цьвяткоў ды іншыя.

XS
SM
MD
LG