У Маскве палічылі недарэчнай саму пастаноўку пытаньня пра верагоднасьць уварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Адказваючы на просьбу журналістаў пракамэнтаваць інфармацыю пра перамяшчэньне войскаў і вайсковай тэхнікі ў памежных з Украінай раёнах Растоўскай вобласьці, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў параіў адрасаваць гэтае пытаньне Міністэрству абароны.
Раней агенцтва Reuters апублікавала здымкі перамяшчэньня калёны расейскай ваеннай тэхнікі, у прыватнасьці, сыстэм залпавага агню «Ураган» у Растоўскай вобласьці. Тэхніка была без рэгістрацыйных нумароў, а вайскоўцы былі апранутыя ў камуфляж без распазнавальных знакаў, адзначае агенцтва.
У Міністэрстве абароны Расеі перакідку вайскоўцаў не камэнтуюць.
На мінулым тыдні генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнберг на сустрэчы з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым зноў выказаў занепакоенасьць вялікай колькасьцю раптоўных вайсковых вучэньняў, якія праводзяцца ў Расеі.
Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ў падтрымцы сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны войскамі і зброяй. Масква гэта адмаўляе.