Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Рубцова: Караюць яго не за працу, а за гэтае тату «Лукашэнка, сыходзь»


Жонка Рубцова Ядзьвіга і сын Віктар.

Жонка Рубцова Ядзьвіга і сын Віктар.

28 траўня ў 15.30 у Пружанскім судзе будзе агалошаны прысуд палітвязьню Юрыю Рубцову.

Яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад адбыцьця «хіміі», прысуджанай за абразу судзьдзі. Учора, 27 траўня, пракурор Зайцава запатрабавала для Рубцова 3 гады зьняволеньня — максымум пакараньня, прадугледжанага адпаведным артыкулам Крымінальнага кодэксу. У Пружанах чакаць прысуду засталася жонка Юрыя Рубцова Ядвіга. Размова зь ёй карэспандэнта Свабоды пачалася з пытаньня пра тое, які можа быць прысуд.

Ядвіга Рубцова: Ня ведаю, што і думаць пра прысуд. На месцы судзьдзі я б дала як найменей, каб меней было шуму вакол гэтай справы. Але ж яны, зразумела, кіруюцца іншымі меркаваньнямі, загадамі зьверху. Што будзе, тое і будзе. Я гатовая да ўсяго. Трэба будзе, дык буду вазіць мужу перадачы ў калёнію, падтрымліваць яго, як змагу.

Карэспандэнт: Ён у апошнім слове прасіў прабачэньня ў сваякоў за тое, што нарабіў вам турбот і непрыемнасьцяў. Дык вы яго не асуджаеце?

— А за што асуджаць? Тое, што ён казаў у апошнім слове, усё так і ёсьць. І наконт працы на той «хіміі», і наконт усяго іншага — цалкам згодная. Калі ён зьняволены, дык правільна патрабаваў, каб быў пісьмовы загад, што ён мусіць працаваць, а не нібыта добраахвотная дамова. Сама 2 гады адпрацавала ў аддзеле кадраў і ведаю гэтую сыстэму. Яго б надурылі, далі б максымум тарыфную стаўку ў мільён зь нечым, і ўсё на гэтым. Ды яго караюць не за адмову ад працы, а за тую татуіроўку, якую ён зрабіў — за «Лукашэнка, сыходзь». Гэтак мяркую. Я ж была ў іх на «хіміі» — там 40% «хімікаў» бадзяюцца бяз працы, выпіваюць, а ім нічога за гэта ня робяць, абы было ціха. А тут чалавек такое напісаў, ды яшчэ не на плоце, а на грудзях! Вось яны і ўзьеліся на яго.

Карэспандэнт: Распавядзіце пра сябе. Вы даўно разам зь Юрыем?

— Ужо 37 гадоў. Ён добры муж, нават выдатны. У нас сын, двое ўнукаў. Мы, па нашых гомельскіх мерках, жывем нармальна, у нас кватэра і дом, які Юры пабудаваў сваімі рукамі, бо ён, як кажуць, на ўсе рукі майстар. Толькі вось у дом мы яшчэ не перасяліліся, і, відаць, гэта будзе ня хутка, бо дом застаецца без гаспадара. Я ўжо на пэнсіі, а раней працавала кладаўшчыцай на фабрыцы «Камінтэрн» — дзе шыюць мужчынскія строі. А Юры ўсё жыцьцё працаваў кіроўцам, як прыйшоў з войска. І на вялікіх грузавых аўтамабілях, і з прычэпам, і на аўтобусах, у тым ліку міжгародніх. У яго ўсе катэгорыі, і аўтамабілі ён ведае вельмі дасканала. Жылі б дзе ў Эўропе, дык зарабляў бы вялікія грошы. Але ён і тут добра зарабляў. У савецкія часы былі заробкі па 400, нават па 700 рублёў, што для тых часоў вельмі добра. Потым стала горш, і каб зарабіць, мы разам паехалі ў Маскву ды там некалькі гадоў рабілі, нешта назапасілі. А тут апошнія гады ён ужо атрымліваў няшмат. Можа, 3,5 мільёна ў яго выходзіла, як працаваў настаўнікам-кіроўцам. Але для яго ўжо было галоўнае, што быў дастаткова вольны.

Карэспандэнт: А якая сытуацыя з заробкамі ў Гомелі, дзе вы жывяце?

— Ды як паўсюль, значна ўсё пагоршылася. Сын вось з красавіка сядзіць без заказаў — ён зарабляў мантажом вокнаў, дык людзі сядзяць бяз грошай, ашчаджаюць, і заказаў зусім ня стала. Ня тое што меней, а зусім няма. Пляменьнік на «Сельмашы» працуе зваршчыкам, раней быў заробак 12 мільёнаў, а цяпер 4. Што людзі атрымліваюць, дык аддаюць за крэдыты — і ўсё, сядзяць бяз грошай. Дык гэта яшчэ людзі сярэдняга веку, хто мае хоць якую працу, а як быць моладзі — ня ведаю. Павярталіся з Расеі, як там стала дрэнна, а цяпер, відаць, зноў паедуць туды, бо тут жа закон аб дармаедах прынялі, караць будуць, калі не працуеш за тыя мізэрныя грошы, што тут плацяць.

Карэспандэнт: Ваш муж учора ў апошнім слове крытыкаваў кантрактную сыстэму ў Беларусі, казаў, што адным дэкрэтам Лукашэнка перавёў усіх у рабы. Ён заўсёды такі катэгарычны? Ня цяжка з такім жыць?

— Мужа ўжо не пераробіш, які ёсьць, такі ёсьць. Але ў чым ён памыляецца? Дакладна кажа. Муж любіць, каб усё было паводле закону, як напісана. Ён жа ўчора нездарма і Крымінальна-працэсуальны кодэкс цытаваў, і на Працоўны кодэкс спасылаўся. То бок гэта ня проста характар у яго такі няўжыўчывы, а ён ведае закон і патрабуе, каб закон быў для ўсіх, а ня толькі для «хімікаў».

Карэспандэнт: Пасьля паседжаньня вы некалькі хвілін зь ім размаўлялі. Што ён пра сябе распавёў, як сябе адчувае?

— Асабліва нічога не пасьпеў распавесьці, больш у нас пра справы пытаўся. А як ён выглядае, вы самі бачылі. Магла ўявіць, што будзе выглядаць горш, але яшчэ куды ні ішло. Паўгадзіны прамаўляў гучна і энэргічна — то бок сілы яшчэ ёсьць. Сказаў, што ўсяго галадаваў 50 дзён і больш галадаваць ня будзе, сёньня панясу яму прадуктовую перадачу. Судзьдзя паабяцаў пасьля прысуду дазволіць кароткае спатканьне. Падчас галадоўкі ён не курыў, гэта вельмі добра, але на далейшае замовіў цыгарэты. Для сябе ці проста для абмену ў вязьніцы, ня ведаю, але падазраю, што сам хоча курыць, бо ў сына ўчора прасіў цыгарэтку, хоць той ня курыць. Было б добра, калі б ён зусім кінуў курыць, хоць якая б была карысьць ад той турмы.

XS
SM
MD
LG