Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дзьмітрыеў — новы кіраўнік «Гавары праўду»


Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Новым кіраўніком грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» ад 28-га траўня стаў Андрэй Дзьмітрыеў. Так пастанавіў сёньня арганізацыйны сход кіраўнікоў рэгіянальных структур гэтай грамадзкай арганізацыі.

Кандыдатура была безальтэрнатыўная. «За» прагаласавалі ўсе ўдзельнікі сходу, акрамя аднаго, які ўстрымаўся.

Журналісты запыталі, чаму выбары новага кіраўніка «Гавары праўду» былі безальтэрнатыўныя, тым больш што раней згадвалася, што, магчыма, вылучацца ў якасьці старшыні грамадзянскай кампаніі будзе і Тацяна Караткевіч. Андрэй Дзьмітрыеў адказаў на гэтае пытаньне так:

«Мы абмяркоўвалі кандыдатуру Тацяны Караткевіч, але Тацяна Караткевіч — кандыдат у прэзыдэнты не ад кампаніі „Гавары праўду“, а ад „Народнага рэфэрэндуму“. І мы палічылі, што яна, па магчымасьці, павінна быць больш-менш роўнааддаленая ад усіх структураў, якія ўваходзяць у „Народны рэфэрэндум“. Мы палічылі, што нам трэба і надалей падтрымліваць нашы партнэрскія сувязі».

На пачатку сходу перад яго ўдзельнікамі выступіў першы кіраўнік «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў. Карэспандэнт Свабоды запытаўся ў яго: ці хто цікавіўся ягонай думкай пра новага старшыню кампаніі?

«У кулюарах пытаньне задавалася. Але я не палічыў патрэбным навязваць сваю волю. Ім жыць далей з тым чалавекам, якога яны абяруць. І няхай яны самі адказваюць і за тое, як ім жыць, і за таго чалавека, зь якім ім жыць. Я лічу, гэта правільны падыход».

XS
SM
MD
LG