Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал у ФІФА ставіць пад пытаньне мундыяль 2018 году ў Расеі


Сямёра чыноўнікаў ФІФА 27 траўня арыштавалі ў швайцарскім Цюрыху па падазрэньні ў карупцыі. Акрамя таго, швайцарскія чыноўнікі пачалі крымінальнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да працэсу галасаваньня, у выніку якога Расея і Катар сталі арганізатарамі Чэмпіянатаў сьвету па футболе ў 2018 і 2022 гадах.

Швайцарская паліцыя арыштавала семярых высокапастаўленых чыноўнікаў ФІФА проста ў пяцізоркавым гатэлі Цюрыха Baur Au Lac, дзе яны жылі падчас правядзеньня чарговага кангрэсу фэдэрацыі.

Сярод затрыманых два віцэ-прэзыдэнты ФІФА, Эўгеніа Фігерэда і Джэфры Ўэб, а таксама прэзыдэнт Футбольнай фэдэрацыі Вэнэсуэлы Рафаэль Эсківэль.

Усе сямёра чакаюць экстрадыцыі ў ЗША, чыя ўлада падазрае іх у тым, што яны бралі і давалі хабары на агульную суму ў «больш за 100 000 000 даляраў», паведамляе Швайцарскае фэдэральнае бюро юстыцыі. Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай уладамі Злучаных Штатаў, карупцыйныя схемы ўзгаднялі і падрыхтоўвалі менавіта на тэрыторыі ЗША, а выплаты ажыцьцяўляліся з дапамогай амэрыканскіх банкаў.

У цэлым улады ЗША выставілі абвінавачаньне супраць 14 чалавек. Ніякіх абвінавачваньняў супраць дзейнага прэзыдэнта ФІФА Ёзэфа Блатэра пакуль не прад’яўлена.

Прадстаўнік фэдэрацыі Уолтар дэ Грэгорыё назваў гэта «складаным момантам» для ФІФА, але, у канчатковым выніку, «добрым» разьвіцьцём.

«Гэта для ФІФА добра. Гэта нядобра ў пляне іміджу і нядобра ў пляне рэпутацыі, але ў пляне чысткі арганізацыі — гэта добра», — сказаў ён.

Сябры арганізацыі сабраліся ў Цюрыху на чарговы кангрэс, а таксама для галасаваньня за прэзыдэнта ФІФА, якое павінна адбыцца 29 траўня. Уолтар дэ Грэгорыё дадаў, што галасаваньне за прэзыдэнта фэдэрацыі адбудзецца, як і заплянавана, 29 траўня. Цяперашні прэзыдэнт, паводле словаў сьпікера, спакойна ставіцца да інцыдэнту, хоць і «ня танчыць у сваім офісе».

Адначасова з гэтай падзеяй, швайцарскія чыноўнікі абвясьцілі аб пачатку ўласнага крымінальнага расьсьледаваньня ў дачыненьні да працэсу галасаваньня за арганізатараў Чэмпіянатаў сьвету па футболе ў 2018 і 2022 гадах, якімі сталі Расея і Катар адпаведна.

У прыватнасьці, катарскага футбольнага чыноўніка Магамэта Бін Гамана раней абвінавачвалі ў выплаце хабараў на суму 5000000 даляраў у абмен на падтрымку яго краіны як арганізатара ЧС-2022.

І ўсё ж дэ Грэгорыё заявіў, што на сёньняшні дзень рашэньне аб чэмпіянатах сьвету 2018 і 2022 застаецца нязьменным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG