Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатара растоўскай «татальнай дыктоўкі» выклікалі ў пракуратуру з-за грамар-нацы


Пракуратура Кастрычніцкага раёну Растова-на-Доне выклікала на размову генэральнага дырэктара кампаніі «Бонус-Мэдыя» Аляксея Паўлоўскага. Прадстаўнікоў ведамства цікавіла яго магчымая сувязь з грамар-нацы, паведаміў ён у сваім фэйсбуку 27 траўня.

«Сёньня мой працоўны дзень пачаўся ў пракуратуры. Там у мяне спачатку пыталіся пра дыктоўку, іншыя мае грамадзкія ініцыятывы, а потым ветліва пацікавіліся, што я ведаю пра грамар-нацы, ці не фінансуюць яны маю дзейнасьць», — напісаў Паўлоўскі.

Паводле гендырэктара «Бонус-Мэдыя», у пракуратуры яму паказвалі карцінкі з сымболікай руху грамар-нацы і цікавіліся яго стаўленьнем да гэтых малюнкаў.

«Яшчэ цікавіліся, якія пачуцьці я адчуваю да людзей, якія робяць памылкі, ці няма ў мяне жаданьня іх зьнішчаць», — адзначыў Паўлоўскі.

Ён дадаў, што цяпер яму трэба адвезьці ў пракуратуру статутныя дакумэнты яго кампаніі і копію дамовы з фондам «Татальная дыктоўка».

«Татальная дыктоўка» — штогадовая расейская адукацыйная акцыя, скіраваная на разьвіцьцё культуры пісьменнасьці.

У інтэрнэце грамар-нацы называюць тых, хто зьвяртае ўвагу на любыя памылкі друку. Сымбаль грамар-нацы — літара G, стылізаваная пад свастыку. У назьве руху заключаецца адсылка да нацызму, што ў жартаўлівай форме кажа пра «бязьлітаснасьць» грамар-нацы да непісьменных людзей.

Паводле tvrain.ru/

XS
SM
MD
LG